Брона зайшоў за спіну Ярашу, падняў з зямлі штуцэр і рэзкім ударам корда перарэзаў вяроўкі. А потым з усёй сілы штурхнуў далонню. Раўбіч не ўтрымаўся на замлелых нагах і паваліўся на зямлю.
Корчак, азірнуўшыся, убачыў ляжачага і тое, што Брона ўзлятае ў сядло. Коннікі зніклі за домам.
…Алесь вырваўся паперадзе табуна на паплавец і ўбачыў разбітыя вокны, пашчапаныя дзверы дома — у іх білі сякерамі, — зыркі агонь, а ля яго нерухомага чалавека.
Палалі флігель для гасцей, дом аконама і карэтная падпаленыя, каб было святлей. Рудое, як ільвіная грыва, полымя з гарачым гулам ляцела ў ноч. Курчыліся дахі, тясячамі рубінаў ззялі праз вэлюм агню бярвенні. Раўло, сыпала іскры, несла.
І грозна круціўся ва ўсе бакі, пагражаючы мячом, флюгер — коннік на даху флігеля: гарачая труба паветра круціла яго. Варты жалю, маленькі і грозны коннік над морам агню.
Алесь скочыў з каня і схіліўся над нерухомым целам.
— Пан Яраш! Пан Яраш!
…Яраш здзіўлена глядзеў на яго. Потым сеў, паціраючы запясці.
— Нічога, — рэзка сказаў ён. — Дзе салдаты?
— Якія салдаты? Я адзін.
У гэты момант людзі Корчака скакалі ўжо на тым баку возера. Спяшаліся хутчэй пакінуць між сабою і карным атрадам як найбольш вёрстаў.
— Няўдача, — сказаў Корчак. — Ані зброі, анічога. Атрад нехта навёў.
Гналі коней як апантаныя. І толькі пасля доўгага маўчання Корчак сказаў:
— Нічога. Аднаго такі каюкнулі.
Брона паціснуў плячыма.
— Баюся, што не. Баюся, што ён застанецца жывы.
— Ты што?
— Часу не было. Калі я ўдарыў яго — мне здалося… корд напаткаў жалеза.
— Бран-за-лет, — пахаладзеў Корчак.
Брона моўчкі скакаў побач з Корчакам. Ён не шкадаваў ні аб чым.
"Воіны бога прыйшлі па мяне".
Ён усміхнуўся змрочна і пагладзіў у цемры варанёны ствол штуцэра.
Яраш непаразумела глядзеў на Алеся, запэцканага, з чорнымі пісягамі пад носам, відаць, пакінутымі бруднай рукой. Пад зблытанай чупрынай дзёрзка гарэлі доўгія шэрыя вочы.
— А салдаты?
— Ды адзін я, адзін. Уставайце. Яны паўцякалі.
Раўбіч убачыў успенены табун, што ціснуўся далей ад агню. Перад табуном стаяў, прыціснуўшы вушы, вялізны жарабец і глядзеў на полымя.
"Конь нябожчыка Юрыя. На ім ён быў, калі папярэдзіў… Тады, ля кургана. Не, ніколі не пайшоў бы пан Юры ў закалат".
І гэты… Сапраўдны, адзін. Прыскакаў і садзьмуў іх, як віхурай. І ўбачыў яго на зямлі, ачмурэлага. Яшчэ, можа, падумаў, што самлеў, як баба.
Яраш адчуў страшнае прыніжэнне. Ён, мужчына, а васьмю слугамі, са зброяй у доме, трапіў у рукі гэтым свінням і цэлую гадзіну цярпеў здзек, нібы чакаючы, што гэты шчанюк з'явіцца на дапамогу. Адзін, з бескарысным, як лёсачка, драбавіком у руках. Прыскакаў на дапамогу таму, каму "помсціў пагардай". Вядома, такім трэба скакаць на дапамогу, хіба яны самі абароняцца?
— Уставайце. Яны не паранілі вас?
Яраш нечакана лёгка ўзняўся, пачаў быў абабіваць бруд з жывата і каленяў і ледзь не застагнаў. Прыніжэнне шматавала яго. "Адзін… Адзін… Божа мой, ратуй мяне ад ганьбы… Ратуй мяне ад гэтага ўратавання".
Каб Алесь сказаў тое, што хацеў сказаць: "Хутчэй, пан Яраш, могуць вярнуцца, а нас двое", — усё, магчыма, абышлося б. Раўбіч убачыў бы ў ягоным учынку простую смеласць, жаданне памагчы бацьку дзяўчыны, якую кахаў.
Але ён не сказаў гэтага. Проста ўбачыў Ярашавы вочы і страшэнна здзівіўся. У вачах было нешта бязмернае і страшнае.
— Маеш маё жыццё, — глуха сказаў Раўбіч. — Трэба будзе — аддам.
— Нашто так?
— Я яго не хацеў. То хіба не ўсё адно, каму аддаць?
— Пане Раўбіч…
— Я дорага даў бы, каб гэтай дапамогі не было.
— Грэбуеце браць з рук? — абражаны, спытаў Загорскі.
— Не бяру падачак.
— Бацька… — зрабіў апошні крок Алесь.
Можа, Раўбіч і зразумеў бы, каб глядзеў у вочы. Але ён глядзеў убок.
— Я ні аб чым не прасіў. Ні наогул людзей, ні асабіста вас.
Коннік круціўся ў моры агню. І, адчуваючы, што і сам ён такі, Алесь сказаў:
— Прабачце… Каб я ведаў, што гэта так, — я прыслаў бы замест сябе слугу… Я меў нахабства падумаць, што я зраблю гэта лепей за яго… Відаць, дарэмна.
Голас быў сумны і строгі.
— Вы сёння маеце права казаць мне ўсё. Але таму я і не хацеў жыцця з вашых рук… І таму я ўзяў жыццё з рук хлопа, што разрэзаў мае вяроўкі… — Раўбіч хацеў хоць чым-небудзь уразіць гэтага чалавека, пасеяць у ім хоць цень сумнення ў тым, што ўратаваў ён. — Хлопы лепшыя за вас, — скончыў ён.
— Вы ўжо лічыце гэтыя вяроўкі сваімі? — сумна спытаў Алесь. — Хутка прывыклі. А хлопы сапраўды лепшыя… Лепшыя за нас… Больш высакародныя і ўдзячныя… Бывайце, Раўбіч. — І пайшоў да свайго жарабца.
Читать дальше