— Што, мяркуеш, прычынаю?
— Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае… Нехта рыхтуе вялікі закалат… Нехта бунт рыхтуе.
Памаўчаў.
— Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.
— Пагаварыў бы.
— Нельга, Кастусь… Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.
— Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?
— Але…
— Ды ты што? Ды ты як? А Майка?
— Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.
Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:
— I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! — Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.
— До аб гэтым, — сказаў Алесь. — Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы… Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: "Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма".
Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.
— Колькi ў вас людзей? — спытаў Калiноўскi.
Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.
— На… Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.
— Надзейныя?
— Да канца, — вельмі ціха сказаў Алесь. — На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.
— Я веру, што ты — да канца, — пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі. — Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе… У нас ёсць свая арганізацыя, "накшталт зямляцтва". Гэта — для іншых. Назва "Агул". Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў-студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія — за нацыянальны рух, трэція — за аўтаномію… Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I "Дылетантызм", і "Лісты", і амаль усе зборнікі "Полярной звезды", а з гэтага лета і "Колокола". Ну, а потым — Фур'е, немцы, іншыя… Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, — ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў "Агула", якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у "Агул" чалавека, за якога могуць паручыцца… Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў "Агула", якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень "Агула", увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя… Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.
— Дазвольце спытаць, чым абавязаны?
— Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.
— Ну, што ты…
— Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі…
— Гэта хто?
— Я… А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх "Агула", ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.
— Гэта Віктар, — сказаў Алесь.
— Чаму так думаеш?
— Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?
— Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму… Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, "Літаратурныя вечары".
Читать дальше