Алесь апрытомнеў і спалохаўся. Што гэта было? Вар'яцтва пачыналася? У васемнаццаць? Няма чаго казаць, добра… Ён паспешліва скінуў куртку, чаравікі, нагавіцы, сарочку, падскочыў і, ухапіўшыся за сук, ускінуў на яго цела.
Таўшчэразны сук цягнуўся над самай вадою. Дуб нібы выцягнуў адну руку, каб вечна лавіць ёю месячнае і сонечнае святло.
Алесь ішоў, моцна ставячы ногі. Сук неўзабаве патанчэў і пачаў спружыніць пад нагамі, даводзілася балансаваць. Ён пайшоў, пакуль было магчыма, і стаў ледзь не на самым канцы галіны, астываючы пад ветрыкам.
Яму здаўся шолах i нейкi прыглушаны гук на беразе. Азiрнуўся — цемра. Нiкога.
І тады ён застыў, прыціснуўшы рукі да цела і ўскінуўшы аблічча ўгору. Пад нагамі пагойдваўся сук. Проста ў вочы свяцілі зоры.
Ён апусціў вочы — пад нагамі таксама не было нічога, акрамя зор. Глыбокая сіняя чаша, поўная зор.
Нiбы вiсiш у цэнтры бясконцага сiняга шара. Зоры пад нагамi. Зоры над галавой.
Закiнуўшы за галаву рукi, ён доўга стаяў так, пагойдваючыся ў зорнай бяздонi.
Галiна пагойдвалася. А ён быў мiж небам i зямлёй. I зоры былi вакол.
Потым ён разбіў сінюю чашу пад нагамі. І спалоханыя зоры пабеглі да берагоў.
I ён плыў у сцюдзёнай вадзе, пакуль хапала паветра. Бачыў у глыбокiм паўзмроку карчы, пасмы маладых водарасляў i яшчэ штосьцi, што стаяла нерухома ў прадоннi, нiбы бярвенца, якое затанула, але так i не дайшло да дна.
Адно… А унь другое… А там далей трэцяе.
Гэта спалі, таксама між сваімі "небам і зямлёй", шчупакі.
…Апрануўшыся, ён лёг на спiну i стаў глядзець на цёмную хмару дуба i яшчэ на зоры. Было вельмi холадна, але ён не адчуваў холаду.
Нечыя рука лягла на яго плячо. Яму не хацелася паварочваць галавы, і тады тая самая рука, дзівосна прахалодная, але цёплая ўнутранай цеплынёй, узяла яго за падбароддзе і адхіліла яго вочы ад зор.
Ён убачыў цёмную сукню, карункавую мантылью, накінутую на галаву.
У цемры невыразна бялела аблiчча. Яно схiлiлася да яго.
— Што з вамі?
Бадай што толькі па голасу Алесь пазнаў у гэтым цені Гелену Карыцкую.
— Вы?
— Але, — усміхнулася яна. — А вы як тут?
Замест адказу ён пацiснуў плячыма.
— "А ноч ідзе, і коцяцца сузор'і", — ціха сказаў ён.
Яна глядзела на яго ўважліва, занадта ўважліва. У цемры бялела аблічча. Як туман.
— Устаньце.
— Iдзiце, — амаль папрасiў ён. — Я яшчэ трохi астануся.
— Калі ласка, — сказала яна. — І мне і вам будзе не так самотна ісці да палаца.
Ён уздыхнуў і ўстаў.
Яны пайшлi па алеi. На няроўным адхоне яна пахiснулася, вiдаць, ступiўшы на камень.
— Я магу прапанаваць вам руку?
Яны мала гаварылі за апошні час. Неяк спачатку гімназія, а потым гаспадарчыя клопаты аддалілі Алеся. Дый яна трымалася наводдаль, нават калі Алесь наладжваў для актораў гулянкі. Амаль не прыходзіла. Вежа прыбавіў ёй пенсіі, плаціў цяпер сто рублёў, абы не перавабілі ў губернскі тэатр.
Вось хіба што сумнавата было. Праўда, цяпер з'язджаліся на спектаклі з усёй губерні, але самі спектаклі былі цяпер радзей. Дзед наняў па Алесевай просьбе балетмайстра, настаўніка спеваў і яшчэ пастаноўшчыка, ён жа — настаўнік французскай і італьянскай. Яна аднойчы спытала ў Алеся пры сустрэчы:
— Як вы гэтага дабiлiся?
— Гм, — сказаў Алесь, — проста сказаў, што нікога не здзівіць тэатр-катарга, як у Юсупава. І што калі ўжо тэатр, то трэба зрабіць лепшы, чым у Шарамецева.
Часам яны сустракаліся на рэпетыцыях або на разборах пастановак. Не вельмі часта. Алесь быў не тым заняты.
…Яны ішлі алеяй і маўчалі. Калі б нехта зірнуў на іх збоку, ён бы падумаў, што гэта дзівосна добрая пара.
— Вам яшчэ не стала сумна тут? — урэшце спытаў ён.
— Чаму ж сумна, — схіліла яна галаву. — Няма часу. Вы ведаеце, я ўжо нядрэнна гавару па-французку і па-італьянску…
— Мне здавалася, вы заўсёды ведалi iх.
— Дзіўна, нешта нібы трымае мяне тут, не дае пайсці. Нешта няскончанае.
Вакол булькалі галасамі хмызы. Кожны па-свойму. Дальнія і блізкія спевы зліваліся ў адну магутную і высокую, аж да неба, мелодыю.
— Чаму вы падышлі да мяне?
— Хіба можна пакінуць другога ў такім халодным свеце?
Мокрыя лапы ляшчыны. Гаркаваты пах ландышаў.
— Ведаеце, аб чым я падумаў на гэтай галіне? Я падумаў, што няма на свеце больш самотнай істоты, чым чалавек.
— Як рана гэта прыйшло вам у галаву…
Маўчала цяпер яна. Таму што ўсё ведала.
З самага пачатку яна з трывогай сачыла ад алеі, як ён ішоў па разгаліне, злёгку пагойдваючыся над вадой.
Ноч пакінула замест яго постаці толькі цень, узнесены ў неба. І ва ўсім гэтым была такая адзінота, такая бязмерная адчужанасць дасканалага, што яна зразумела ўсё. І дробныя былі перад гэтым усе правілы.
Читать дальше