– Баюся вам пярэчыць, Сабіна, але нязгоды між намі і цяпер няма… Зразумейце мяне правільна… Я і сёння адчуваю вялікую прыхільнасць да Франсуазы… «Прыхільнасць» – слова смешнае, слабае, – я люблю Франсуазу… Але, як вы толькі што трапна сказалі, першыя два гады пасля нашага шлюбу, я быў сам не свой ад пачуццяў, каханне наша было моцным, непарушным і, маю ўсе падставы сцвярджаць, узаемным.
– Вось як!..
– Што «вось як»?.. О не, Сабіна, вы заходзіце надта далёка… Але вам не ўдасца знішчыць маіх успамінаў… Франсуаза дала мне такія доказы кахання, што сляпы і той бы пераканаўся. Яна жыла для мяне, а я – для яе… Удваіх мы былі шчаслівыя і не шукалі нікога… Вы мне не верыце?.. Але я кажу праўду, Сабіна… Я кажу тое, што ведаю… Я быў з ёю… а вы не былі.
– Бедны мой друг, я з ёю была раней за вас… Я знаю вашу жонку з дзяцінства. Яе сястра Элен і яна вучыліся разам са мной… Помню, як Франсуаза, з ракеткай у руцэ, стаяла на двары Сэн-Жана і гаварыла нам, Элен і мне: «Я павінна выйсці замуж за старэйшага Кеснэ, і я выйду за яго абавязкова».
– Гэтага не можа быць, Сабіна. Сям'я Паскаль-Бушэ і мая радня ніколі не былі ў дружбе; Франсуаза мяне не ведала. Я пазнаёміўся з ёю выпадкова ў 1917 годзе, калі прыехаў у водпуск на папраўку.
– Выпадкова?.. Ну вось… Вы і ў гэта паверылі. Але ж мне Элен усё дакладна растлумачыла. Справа ў тым, што, калі пачалася вайна, пан Паскаль-Бушэ, яе бацька, дайшоў да галечы. Гуляка быў і калекцыі збіраў, а гэта дарагі занятак. Дочкі празвалі яго пашой, і ён гэтага заслугоўваў. Гнаўся за раскошай. Рэстаўрацыя замка Фларэ яго канчаткова даканала… «Дочанькі мае, – сказаў ён Элен і Франсуазе, – тут у нашай акрузе толькі два шлюбы могуць выратаваць нас: адзін з дэ Тыянжам, другі з Кеснэ». Спрытныя дочанькі злавілі і таго і другога.
– Хто вам расказаў гэту гісторыю?
– Самі сёстры. Хто ж яшчэ?..
– І вы мяне не папярэдзілі?
– Не магла ж я выдаць сяброўку… І потым я не хацела перашкаджаць… Гэта быў яе адзіны шанс. Таму што Франсуазу ні ў Луўе, ні ў Пон-дэ-Лёры ніхто, апроч такога наіўнага донкіхота, як вы, не ўзяў бы замуж. Нармандскія сем'і не любяць банкрутаў.
– Але ж пан Паскаль-Бушэ ніколі не быў банкрутам…
– Гэта праўда, але чаму?.. У часе вайны яго падтрымліваў урад, дзякуючы яго другому зяцю Марысу дэ Тыянжу, які быў дэпутатам… Пасля вайны, вы гэта лепш за мяне ведаеце, вашаму цесцю быў вымушаны памагаць ваш дзед. А на гэта ён якраз і разлічваў… А!.. Ізноў гэты цудоўны водар… Мы набліжаемся да тэрасы… Пачакайце хвілінку, Антуан, – я задыхаюся.
– Вы многа гаварылі падымаючыся.
– Пакладзіце мне на сэрца руку… Чуеце, як б'ецца ў грудзях, ледзь не выскачыць… Вазьміце… Вось мая хустачка… Вытрыце губы, Антуан… Жанчыны – жудасныя істоты, адразу ж заўважаць чырвоны след… Не, сваю хустачку схавайце, а то яна вас выдасць… Каб вы былі больш спрактыкаваным мужам, вы б гэта ведалі даўным-даўно… І вось што… Абмахніце левае плячо, там, мабыць, засталося трошкі пудры… Так, добра… Цяпер мы можам выйсці на святло.
Праз некалькі хвілін госці паехалі. Жанчыны пажадалі адна адной здароўя і развіталіся, як родныя сёстры.
– Як акцыі «Стыл»? – запытаў Жан Манье.
– Пяцьдзесят дзевяць з чвэрткай, – адказала адна з дваццаці машыністак.
У стракатанні пішучых машынак было нешта ад джазавага рытму. За акном вырысоўваліся гіганцкія будынкі Манхэтэна. Хрыпелі тэлефоны, і папяровыя стужкі, раскручваючыся з неймавернай хуткасцю, напаўнялі кантору злавесным дажджом серпантыну, спярэшчанага літарамі і лічбамі.
– Ну як «Стыл»? – ізноў запытаў Жан Манье.
– Пяцьдзесят дзевяць, – адказала Гертруда Оўэн.
На хвіліну яна перастала друкаваць і глянула на маладога француза. Ён сядзеў нерухома ў крэсле, абхапіўшы галаву рукамі, сам не свой.
«Яшчэ аднаму не пашанцавала, – падумала яна. – Тым горш для яго… І тым горш для Фані…»
Бо Жан Манье, прадстаўнік ню-ёркскай канторы банка Хольмана, гады два назад ажаніўся са сваёй сакратаркай, амерыканкай.
– А «Кэнікот»? – ізноў запытаў Жан Манье.
– Дваццаць восем, – адказала Гертруда Оўэн.
За дзвярамі пачуўся гучны голас. Увайшоў Гары Купер. Жан Манье падняўся.
– Справы – дрэнь! – паведаміў Гары Купер. – Курс акцый упаў на дваццаць працэнтаў. І знаходзяцца ж дурні, якія не вераць, сцвярджаюць, што гэта не крызіс!
– Гэта крызіс! – прашаптаў Жан Манье і выйшаў.
– Пагарэў, небарака! – сказаў Гары Купер.
– Так, – згадзілася Гертруда Оўэн. – Абанкруціўся. Мне пра гэта гаварыла Фані. Яна сёння ж кіне яго.
Читать дальше