– Гэтае нешта – адмаўленне, – растлумачыў ён. – Той, хто для сябе не дамагаецца таго, што людзі называюць «шчасцем», магчыма, здольны палюбіць другіх па-сапраўднаму і праз гэта знайсці іншую форму шчасця.
І тады, учынак смелы і крыху шалёны, я схапіла яго за рукі і сказала:
– А чаму б вам, Пітэр Дэн, не ўзяць сваёй часціны сапраўднага шчасця? Я ж таксама вас амаль не ведаю, аднак, мне здаецца, вы іменна той чалавек, якога я ўвесь час падсвядома шукала.
– Гэта – ілюзія… У рэальнасці я зусім не такі, я вы сабе ўяўляеце. Ніводнай жанчыне я не буду ні мужам, ні каханкам. Я жыву занадта ў сабе. Я не вытрымаю, каб з раніцы да вечара, з вечара да раніцы пры мне знаходзілася жанчына, якая кожную хвіліну патрабуе ад мяне ўвагі і мае на гэта права.
– Увага была б узаемнай.
– Безумоўна, але мне яна не патрэбна.
– Вы адчуваеце, што ў вас хопіць сілы, каб змагацца.
– Больш дакладна, я адчуваю, што ў мяне хопіць сілы, каб змагацца ў жыцці разам з усімі людзьмі добрай волі… працаваць разам з імі, каб зрабіць свет больш мірным і шчаслівейшым… ці хоць паспрабаваць зрабіць яго такім.
– Можа, было б не так гэта цяжка, каб вам памагала сяброўка. Вядома, яна павінна верыць у тое, што вас натхняе. Але калі яна вас любіць…
– Гэтага мала. Я ведаў жанчын, якія, закахаўшыся, як самнамбулы, ішлі за любімым чалавекам. Потым, прачнуўшыся, з жахам заўважалі, што стаяць над прадоннем і могуць упасці. І тады ў іх з'яўлялася адзіная мэта: хутчэй спусціцца ўніз на роўную дарожку звычайнага жыцця… Мужчына, кахаючы такую жанчыну, спускаўся таксама. Пасля чаго, як гаворыцца, яны засноўвалі сямейны ачаг… Воін складваў зброю.
– Вы хочаце змагацца адзін?
Ён далікатна абняў мяне:
– Мне вельмі балюча выказваць, але гэта праўда… Я хачу змагацца адзін.
Я ўздыхнула:
– Шкада! Я гатова была дзеля вас адмовіцца ад Джэка.
– Лепш адмовіцца і ад яго і ад мяне.
– Чаму?
– Каб застацца сабой.
Я надзела капялюш перад люстэркам. Пітэр падаў мне паліто.
– Правільна, – сказаў ён, – трэба ехаць. Аэрапорт далёка адгэтуль, і лепш, калі мы прыбудзем раней, чым пасажыры аўтобуса.
Ён патушыў у кухні лямпу і, перад тым як выйсці, не стрымаўся і па-брацку абняў мяне. Я не супраціўлялася, мне было прыемна адчуваць яго сілу і ўладу. Але ён хутка адпусціў мяне, адчыніў дзверы і выйшаў следам за мной.
На вуліцы нас чакала яго невялічкая машына, і я села з ім побач, не сказаўшы ні слова.
Ішоў дождж, і вуліцы начнога Лондана танулі ў змроку і смутку. Праз хвіліну Пітэр загаварыў. Ён мне апісаў людзей, што жывуць у гэтых дробных доміках стандартнай будоўлі, іх аднастайны побыт, убогія радасці і сціплыя надзеі. Яго ўяўленне было на дзіва вобразным. Ён мог бы стаць вялікім раманістам.
Потым мы апынуліся ў заводскім прадмесці. Мой спадарожнік змоўк. Я моцна задумалася… Думала аб заўтрашнім дні, аб сваім прыездзе ў Ню-Ёрк, пра Джэка, які, напэўна, пасля гэтай незабыўнай ночы мне будзе здавацца чужым і трошкі смешным. Раптам я сказала рашуча:
– Стойце, Пітэр!
Ён рэзка затармазіў і запытаў:
– Што такое? Вам нядобра?.. Ці, можа, у мяне што забылі?
– Не. А толькі я не хачу ехаць у Ню-Ёрк… Я не хачу яшчэ раз выходзіць замуж.
– Што?
– Я перадумала. Вы мне раскрылі вочы. Вы мне сказалі, што ў жыцці бываюць моманты, калі рашаецца ўсё, і надоўга… У мяне якраз такі момант… Я перадумала. Я не выйду замуж за Джэка Паркера.
– Вы ўскладаеце на мяне страшэнную адказнасць. Мне здаецца, я вам даў добрую параду. Але я магу памыліцца.
– Вы не можаце памыліцца. І асабліва я не магу памыліцца. Я цяпер ясна бачу, што збіралася зрабіць глупства. Я не паеду.
– Дзякуй богу! – павесялеў ён. – Гэта вам збавенне. Іначай, папалі б у бяду. А вам не боязна вяртацца ў Парыж, даваць тлумачэнні?..
– А чаго баяцца? Мае бацькі і сябры не хацелі, каб я ехала. Яны лічылі гэта капрызам і будуць рады, што я вярнулася.
– А містэр Паркер?
– Джэк паходзіць засмучаны колькі дзён ці колькі гадзін… Пабаліць крыху ўшчэмленае самалюбства, але ён скажа сабе, што вельмі цяжка жыць з такой наравістай жанчынай, і ўцешыць сябе тым, што развод адбыўся да шлюбу, а не пасля… Трэба толькі паслаць яму зараз жа тэлеграму, каб заўтра не шукаў мяне дарэмна.
Пітэр уключыў матор.
– Што будзем рабіць? – запытаў ён.
– Паедзем на аэрадром. Ваш самалёт вас чакае. А я сяду на другі, вярнуся ў Францыю. Скончыўся сон.
– Сон быў прыгожы.
– Але без вынікаў.
Прыехаўшы ў аэрапорт, я зайшла на тэлеграф і напісала тэлеграму Джэку: «Прыйшла да вываду шлюб неразумны кропка шкадую бо моцна люблю вас але не змагу жыць у чужым далёкім краі кропка лепей незалежнасць кропка пасылаю нескарыстаны білет апраўдаць выдаткі кропка прывітанне Марцэла».
Читать дальше