Санька асцярожна, нячутка прашмыгнуў уздоўж глухой сцяны хаты, залёг у крапіве за вуглом. Крапіва балюча апякла шчаку і рукі, але ён на гэта не звярнуў увагі. Як на тое ліха, зноў выглянуў з-за хмары месяц. Ен заблішчаў у шыбах, асвяціў плот і над плотам нямецкую каску. Каска не варушыцца,— здаецца, што яна павешана на слуп. Не варушыцца і Санька, хоць яму няёмка ляжаць: у бок упірае нейкае ламачча.
Калі нельга, тады асабліва хочацца чхнуць і чхнуць так, каб па сяле пракацілася рэха. Поўзаючы па агародзе, Санька набраў поўны нос пылу, і зараз там так свярбіць, што няма ратунку. Ён заціснуў нос пальцамі, сцяў зубы, закрыў далонню рот і ціха чхнуў.
Каска нічога нз пачула. Пакуль Санька ўтаймоўваў свой нос, яна знікла ў двары, за шуламі, на якіх калісьці віселі вароты. Цяпер можна прабірацца далей.
Ён паўзе асцярожна, спрытна і нячутна, як вуж. Ён чуе, як стукае ўласнае сэрца, стукае гучна і трывожна.
Вось і тое акно. Тут, пад акном, павінны ляжаць сумка і пісталет. Санькавы рукі абмацваюць сырую зямлю і нічога не знаходзяць.
Э-э, чорт, зноў цягнецца вартавы. Цяпер ён спыняецца каля самай агароджы. Чуваць нават, як немец уздыхае. Мабыць, успомніў сваю далёкую Германію. А можа, проста надакучыла стаяць пад вокнамі, калі начальства соладка спіць пад цёплай коўдрай.
Калі пальцы дакрануліся да гладкай, крыху вільготнай ад качной сырасці сумкі, Санька супакоіўся. Усё тут. Вось і пісталет. Цяпер толькі бясшумна выбрацца з-пад акна, а там па агародах, па глухіх закутках на балота, у лазу. Лаві тады ветру ў полі.
Страшэнны ўдар прыйшоўся якраз па галаве. У вушах зазвінелі званы, ярка ўспыхнулі і патухлі зоркі, і Санька паляцеў у чорную бездань. Ен не чуў, як, акружыўшы яго, перагаварваліся немцы:
— Партызан! Партызан!
Я чакаю Саньку за гарадзішчам, як было і дамоўлена, пад нахіленым стогам. Чакаю гадзіну, другую, да глыбокай ночы, а яго ўсё няма. Некалькі разоў мне карцела пайсці яму насустрач, але боязна размінуцца, боязна ў цеыры каткнуцца на патруля.
Пракрычалі першыя, а затым і другія пеўні, а Санькі не відаць і не чуваць. Мутарна становіцца на душы, у сэрца крадзецца трывога. Што там здарылася? Можа, яго застрэлілі? Адзін раз мільганула думка і аб здрадзе. Сам пайшоў, а мяне кінуў.
Дзесьці на краі вёскі грымнуў стрэл. Трасіруючая куля працягнула агністую нітку ад зямлі да неба і згубілася сярод зорак. Забрахалі ў дварах сабакі. Можа, гэта Санька там напароўся?
Раніцой па агародах я прабраўся дамоў. Мяне сустрэла бабуля са слязьмі і лямантам.
— Прападзі ты пропадам са сваёй помаччу,— загаласіла яна.— Пазбаў ты маю галовачку ад бяды. Адзін ужо даскакаўся, дапартызаніўся, дапартызанішся і ты...
Бабуля і слухаць не хоча, каб я ішоў пасвіць карову. Яна сама прыгоніць Рыжую дамоў, а мне з хаты не дасць носа высунуць. Што яна скажа тады майму бацьку, калі і мяне схопяць? Даруй, Кірыла, не ўберагла? Як яна тады ў вочы людзям будзе глядзець? Саньку, аказваецца, немцы схапілі.
Я ляпнуў дзвярыма, крыкнуў, што зараз вярнуся, і памчаўся на вуліцу. У сенцах зноў узняўся лямант. Бабуля мяне не дагоніць і думае ўзяць слязьмі.
Падыходзіць да Санькавай хаты небяспечна. На мяне падазрона касавурыцца вартавы. Хлопцаў на вуліцы не відаць, няма ў каго распытаць, дзе зараз наш Чапаеў. 3 дарослых ніхто толкам нічога не ведае: кажуць, што яго замкнулі ў школьным склепе, у былой валасной халоднай. Але да халоднай не падысці, там побач з ёй, каля палявой кухні, увесь час таўкуцца немцы.
План прыйшоў у галаву сам сабой, і, па-мойму, някепскі план. Трэба ўзяць на дорогу хлеба і бегчы хутчэй у лазу да партызана, можа, ён нас там яшчэ чакае. Далей разам з партызанам мы ідзём у атрад. Ноччу атрад нападае на немцаў, што размясціліся ў нашай вёсцы, і выручае Саньку. Галоўнае — не траціць часу.
Бабулі ў хаце няма. Глыжка сказаў, што яна пайшла да дзеда Мікалая.
— Яна кажала,— дакладвае Глыжка,— што дзед Мікалай табе пакажа. Яна кажала, што ён будзе бічча...
Што задумала бабуля, няцяжка здагадацца. Прыйдзе дзед, тады сёння не ўцячэш, не пусціць. Я адрэзаў лусту хлеба, паклаў яе за пазуху і ўжо на парозе папярэдзіў малога:
— Глядзі тут, Рыгор. Слухайся бабу. Калі бульба пад падлогу не ўлезе, закапайце ў капец.
Глыжка глядзіць на мяне і хоча заплакаць.
— А ты куды?
— Ты не плач. Я схаджу толькі ў адно месца і вярнуся. Скажы бабе, каб карову дамоў прыгнала...
Раскашлаціў напаследак непаслухмяны братаў віхор, як, ідучы на вайну, зрабіў гэта мой бацька, і падаўся на агароды. Што робіцца на душы, цяжка і сказаць: шкада кідаць старую з малым, і заставацца мне тут нельга. Санька ў небяспецы.
Читать дальше