Ніхто іншы, як я, мінулай зімой катаўся на жалезных санках з гары і ўрэзаўся ў плот. Давялося сшываць верхнюю губу. I рабіў гэта Цімафей Іванавіч.
Не так даўно ў Санькі вырасла на шыі скула з яблык. 3 гэтай скулой ён няньчыўся цэлы месяц. Яго некалькі разоў вадзілі ў медпункт. Цімафей Іванавіч мазаў скулу нейкімі мазямі. Мазаў, мазаў, а потым узяў і разрэзаў. Санька і войкнуць не паспеў.
Ужо сёлетняй вясной я наеўся зялёных яблыкаў, дык Цімафей Іванавіч, неяк даведаўшыся пра гэта, ледзь не па ўсёй вёсцы ганяўся за мной з касторкай. Дудкі — не злавіў!
I вось да такога чалавека мы ідзём купляць бінты і ёд.
У калідоры медпункта пахне карболкай, спіртам і яшчэ чымсьці. На невялікім услончыку сядзіць чырвонаармеец з забінтаванай рукой, а па калідоры, не спыняючыся ні на хвіліну, ходзіць жанчына з грудным дзіцем на руках. Дзіця крычыць, аж захліпаецца. Яно не хоча ні малака з бутэлечкі, ні соскі-падманкі.
— А гора ж ты маё, гора,— прыгаварвае маці, гушкаючы малое.
Мы з Санькам парахманелі, ціхенька сталі ў куток, трымаем у потных кулаках свае капейкі.
— Скажам, што хто-небудзь што-небудзь парэзаў,— шапнуў я Саньку на вуха. Той моўчкі кіўнуў галавой.
Каб прабавіць час, мы пачалі разглядаць плакаты, развешаныя ў калідорчыку па сценах. На адным з іх напісана «Мыйце рукі перад ядой», і над літарамі малюнак: з-пад крана тугім струменем свішча вада на намыленыя рукі дзядзькі. Дзядзька ўсміхаецца на ўвесь рот — напэўна пасля мыцця рук яго чакае смачны абед.
На другім плакаце цётка, выскаліўшы белыя, як цукар, зубы, трымае ў руках парашок і зубную шчотку. Яе не датычыць, што ў вокнах медпункта дрыжаць шыбы, уздрыгвае зямля. Страляюць ужо зусім недалёка — мабыць пад Стараселлем, а то і яшчэ бліжэй. Чуваць, як разрываюцца зенітныя снарады.
Чырвонаармеец прапусціў уперад цётку з дзіцем, потым пайшоў і сам. Калі ён выйшаў ад Цімафея Іванавіча з новенькай, беласнежнай павязкай, на прыём рушыў Санька.
«Муха — разносчык заразы. Знішчайце мух!» — прачытаў я, а потым пачаў разглядаць вялізнага малярыйнага камара.
— Ёсць! — радасна далажыў у гэты момант Санька і ўрачыста ткнуў мне пад нос пакуначак бінту і бутэлечку ёду.
Я заходжу і баюся, а што, калі Цімафей Іванавіч успомніць пра зялёныя яблыкі і дасць мне касторкі? Мусіць, давядзецца выпіць: вайна ёсць вайна.
Але ўсё абышлося добра. Цімафей Іванавіч сустрэў мяне ветліва, быццам узрадаваўся, што даўно не бачыў:
— А-а, малады чалавек, гэта вы?
Лысая галава блішчыць, як люстэрка. На кончыку носа акуляры з адной аглабелькай. Замест другой — шнурочак, зачэплены за вуха. Сівая рэдкая бародка клінам тырчыць наперад. Агледзеўшы мяне з ног да галавы пазерх акуляраў, Цімафей Іванавіч спытаў:
— Ну, на што скардзіцеся, малады чалавек?
— Бабка нагу парэзала,— прыдумаў я на хаду.— Бінт трэба і ёд.
Мне здалося, што Цімафей Іванавіч здзівіўся. Ён падазрона паглядзеў на мяне і перапытаў, быццам недачуў:
— Бабка?
— Ага.
— Нагу парэзала?
— Нагу,— пацвердзіў я.
Цімафей Іванавіч развёў рукамі.
— Што гэта сёння ўсе ногі рэжуць?
Мабыць, і Санька тое ж самае яму сказаў. Ухнула дзесьці блізка. Задрыжалі шыбы, зазвінелі ў шафе з лякарствамі бутэлечкі і шклянкі.
— Тэк-с, тэк-с,— у роздуме вымавіў фельчар. Затым ён устаў з-за стала, патупаў да шуфлядкі і падаў мне бутэлечку і пакуначак.
Усё было б добра, каб мы на гэтым спыніліся. Аднак нам здалося, што бінтоў мала, і пад вечар мы зноў прыйшлі ў медпункт. Цімафей Іванавіч ужо збіраўся дахаты: схаваў у футляр свае акуляры, зняў халат.
Ну і хітры ж Санька. На гэты раз ён першы не пайшоў, а паслаў мяне. Маўляў, ён ужо хадзіў першы.
Цяпер фельчар сустрэў мяне холадна.
— Ну, што яшчэ? — буркнуў ён.
— Глыжка нагу парэзаў,— паведаміў я, трымаючыся, на ўсякі выпадак, бліжэй да дзвярэй.
— Дык я вам даў ужо і бінт і ёд.
— Бабка ўсё вымазала. Нічога не засталося,— пусціўся я на хітрыкі.
— Што? — спалохаўся чамусьці Цімафей Іванавіч.— Так парэзала?
— Да самай косці! — выдумаў я і пальцамі паказаў, якой шырыні і глыбіні рана на бабульчынай назе.
Фельчар раззлаваўся.
— Варвары! Цемрадзь! — грымнуў ён на ўвесь свой медпункт.— Так скалечылі нагу і маўчаць!
Фельчар схапіў чамаданчык, з якім ён хадзіў па хатах, узяў чорны, лакіраваны кіёк і падаўся да дзвярэй.
Я выскачыў у калідор і разам з Санькам пусціўся наўцёкі. Адбегшы за трансфарматарную будку, мы з-за вугла наглядалі, што будзе далей. А далей адбылося якраз тое, чаго мы так баяліся. Фельчар з заклапочаным выглядам выйшаў з медпункта і жвава падыбаў у бок нашай хаты, апіраючыся на кіёк. Спіна сагнута крукам, барада тырчыць наперад.
Читать дальше