– У вучылішчы не трэба такія неслухі,– дабіваў нас тым часам праціўнік, прыкмеціўшы, што мы з Санькам абвялі,– тут трэба дысцыпліна, а такіх, як вы, і на гарматны стрэл сюды не пускаюць.
Мы з Санькам не ведаем, верыць яму ці не верыць. Няўжо яго генерал паслухае? А калі падумаць, дык чаму б і не. Можа, ён генеральскі любімчык, а можа, і зусім нейкі родзіч, а там, чаго добрага, – і сынок. Тады, пішы прапала наша артылерыя, і застанёмся мы проста задавакамі няшчаснымі, тады нам у вёску хоць не вяртайся – куры засмяюць. Дык ці да гонару тут? Яшчэ невядома, дзе яго згубіш, а дзе – знойдзеш. I мы здаліся.
Санька яшчэ мацней засоп носам, пачырванеў так, што і рыжоцця яго стала не відаць, моўчкі адышоў на тое месца, адкуль пачынаў падыход да «начальства» выхаванец Казлоў, выгнуў дугой свае, як у пеўня, грудзі і рушыў.
Не, што вы мне ні кажыце, а яшчэ ніхто і ніколі ні ў адной арміі свету так не вітаў самае высокае начальства, як Санька гэтых падшыванцаў у пагонах. Стараючыся трымаць ногі нягнуткімі кіямі, ён так таўчэ пляц падэшвамі парыжэлых матчыных ботаў, што толькі пыл курыць, а вакол мала не коціцца рэха. Ідзе ён, нібы драўляны, і мне здаецца, што ад такой хадзьбы ў яго вось-вось адваліцца галава. Вайсковы картуз, які Санька носіць з самай акупацыі, ссунуўся на яго строгія вочы, а рука, прыкладзеная лодачкай да сшытага суровай ніткай казырка, матляецца, не іначай нежывая. Карціна атрымалася нават больш уражлівая, чым у таго падлізы-выхаванца. Задаволеная ёю, ненавісная нам тройца рагатала ўпокат, асабліва – галоўны з іх. А калі яшчэ і я ўслед за Санькам затупаў бацькавымі чаравікамі – яны і зусім пасінелі, хоць вадой адлівай, адзін з іх толькі прастагнаў:
– Ой, не магу – цырк на дроце…
Пакуль яны заходзіліся ад смеху, мы з сябрам выбралі момант і – ходу. Але не тут яно было.
– Эй, шпакі! Стойце! – пераняў нас закапёршчык усёй гэтай валтузні.– А на КПП вас правяралі? Што вы несяце ў сумцы?
– Харч, – здзіўлена адказаў Санька, з гатоўнасцю адшпільваючы процівагазную сумку, у якой ляжаў праснак, спечаны бабуляй мне на дарогу з новага жыта, і з дзесятак Санькавых яблыкаў, прыпасеных ім загадзя для паходу ў вучылішча ў суседавым садзе.
– Правер, – загадаў свайму паслугачу той зануда з лычкай, і выхаванец Казлоў, які паказваў нам, як трэба хадзіць перад начальствам, заглянуўшы ў наш процівагаз, радасна ўсклікнуў:
– Яблыкі!
Не паспелі мы і вокам плюснуць, як яны ўжо гаспадараць без дазволу ў нашым хатулі, як хочуць: перабіраюць у тры рукі антонаўкі, валожкі, пуціўкі, глядзяць, дзе спялейшае ды каб не чарвівае. А грызуць яны з такім апетытам, так смачна хрумсцяць, што я аж засумняваўся, а ці такі ўжо і сытны артылерыйскі паёк, як нам распісваў Юрка. Хруст такі стаіць, нібы ў калгаснай стайні, калі коням дасі буракоў. Вось цяпер гэтыя хлопцы ў абмундзіраванні нечым падобныя і на нас – яны таксама яблыкі любяць, толькі садоў тут, відаць, няма. А каб і былі – у пагонах не палезеш: званне не дазваляе. Тут у каго хочаш апетыт разгуляецца. Ну, а нахабнасці ім не трэба пазычаць: самі ласуюцца і нам дазваляюць.
– Частуйцеся, не саромейцеся, – ветліва запрашаюць яны нас, калі з усёй садавіны засталася самая зеляніна ды чарвяточына.
Вось цяпер толькі, калі мы ўжо і не чакалі, і з’явіўся наш Юрка, адкуль – ніхто і не бачыў, нібы з неба ўпаў.
– Здароў, хлопцы, – радасна павітаўся ён са мной і з Санькам за руку і папракнуў: – Я іх шукаю па ўсім вучылішчы, а яны тут ужо знаёмых завялі.
Мы адразу павесялелі, абстаноўка ўмомант змянілася, цяпер у нас з тымі сілы роўныя. Цяпер, калі справа дойдзе да чаго такога, яшчэ паглядзім, хто каго. Ды і нашы так званыя знаёмыя гэта зразумелі. Яны перасталі хрумсцець яблыкамі, і іх важак, адразу перамяніўшы тон, спытаў у нашага збавіцеля:
– Землякі?
– Землякі,– пацвердзіў Юрка і, відаць, здагадаўшыся, што тут адбылося, важка дабавіў: – I калі вы іх яшчэ раз зачэпіце хоць пальцам – справу будзеце мець са мной.
Вось так яно ўсё павярнулася. А то – чэсць ім аддавай. Генералу ён, бачыце, скажа. Знайшоўся тут начальнік. Цяпер мы за Юркам, што за каменнай сцяной. Яго аўтарытэт і раней быў для нас высокі, а цяпер вырас вышэй за генеральскі.
Мы радасна крочым з ім па падмеценых і абкладзеных пабеленай цэглай дарожках і захапляемся, як ён хвацка вітае сустрэчных афіцэраў, стройны, падцягнуты, усё на ім як уліта, пілотка набакір, пагоны з фальговай акантоўкай ззяюць золатам, не пагоны – эпалеты.
Па дарозе ў прыймовую камісію, дзе, на думку Юркі, трэба праверыць, ці ёсць мы ў экзаменацыйным спісе, ён нас між справай крыху і адукаваў. Аказваецца, усё не так проста, як нам думалася. Аказваецца, што ўсе такія юнакі, як мы, дзеляцца на двое: на шпакоў і апаўцаў. Шпакі – гэта тыя, хто яшчэ толькі паступае ў вайсковае вучылішча, як мы, напрыклад, і тыя, хто і не збіраецца паступаць, словам – народ цывільны. Няма пагонаў – значыць, ты шпак. А шпак ён і ёсць шпак. Ён ні бум-бум у вайсковай службе, пра артылерыю – і гаварыць не варта. Для яго, скажам, простая рэч – гаўбіца ці марціра – цёмны лес. Ён толькі дзюбу, нічога не разумеючы, раскрые і слухае: у адно вуха заляцела, з другога – вылецела.
Читать дальше