Не лёгка прабіцца ў хлебны магазін, не лягчэй з яго і выбрацца. Вылазяць адтуль усе расхрыстаныя, ускудлачаныя, з абарванымі гузікамі і рукавамі, потныя – ледзь жывыя, але з хлебам. У каго цэлы бохан, у каго яшчэ і луста ў прыдачу.
Па праўдзе сказаць, усё гэта відовішча нас з Санькам не вельмі кранае. Проста цікава крыху – і ўсё. Калі б мы мелі нават вялікія грошы, хлеба нам тут не прададуць. Тут важней за грошы хлебныя карткі. А дзе іх нам з Санькам узяць, калі мы не гарадскія, нідзе тут не працуем і не служым?
А хлеб свежы. З магазіна пахне так, што галава кружыцца. I, відаць, смачны. Хлопец не большы за нас, які толькі што ледзь выбіўся з чаргі на волю, пакамечаны і расхрыстаны, прагна на нашых вачах з’еў усю дабаўку да бохана. Мы з Санькам пракаўтнулі сліну і пайшлі сваёй дарогай прэч ад спакусы. Нічога – паступім у вучылішча, дык, можа, яшчэ не такі хлеб есці будзем і не па столькі, а, як казаў Юрка, пад самую завязку.
За вуліцай Батарэйнай горад скончыўся. Да вучылішча цяпер рукой падаць. Вунь яны пад рэдкімі соснамі на ўзвышшы, цагляныя будынкі, дзе я калісьці паміраў ад сыпняку. Тады там быў шпіталь, а цяпер – вучылішча. Дарога знаёмая.
Сеўшы на мурог, мы ў рэшце рэшт абуліся. I не абы табе як, а яшчэ і паплявалі кожны на сваё колькі сліны было, анучкай пацерлі, спадзеючыся на бляск. Толькі многа трэба пляваць на Санькавы боты і на чаравікі майго бацькі, каб яны хоць крыху заблішчалі.
Усю дарогу мы храбрыліся: то бойка насвіствалі свой артылерыйскі марш, то ўслых марылі, як будуць зайздросціць нам хлопцы, калі прыйдзем у вёску на пабыўку ў вайсковай форме, як мы пойдзем у ёй на вячоркі, а тут, перад пафарбаванай у зялёнае будкай з надпісам КПП [1] КПП – кантрольна-прапускны пункт.
, адразу прыціхлі, сталі рахманымі. Не дайшоўшы да яе крокаў дзесяць, мы спыніліся. Сюды гэта ці не сюды? Пакуль што праз будку прайшоў толькі адзін капітан ды выйшаў старшына, а такога начальства, як мы, дык штосьці і не відаць. Чаго добрага, каб не патурылі нас адсюль з самага парога ды не паднялі на смех. Вось гэтага мы не любім да смерці. Хоць мы хлопцы і простыя, а свой гонар маем.
А яшчэ мы тут стаім у нерашучасці таму, што нас павінен быў сустрэць Юрка і паказаць, як ён абяцаў, усе хады і выхады. Ды вось жа няма ні Юркі, ні яго хадоў – вакол высокая драўляная агароджа ды вось гэта самае КПП перад намі і прыгожыя вароты з артылерыйскімі эмблемамі. Давядзецца самім прабівацца, як простым смяротным, у якіх няма ўплывовых землякоў і заступнікаў.
Але прабівацца было не трэба. На КПП Санька паказаў нашы паперкі-выклікі на экзамены і сказаў як адрэзаў:
– Паступаем на афіцэры.
Атрымалася гэта ў яго так проста, быццам для нас гэта – раз плюнуць, і не важна, што ў нас такі вясковы, зацюканы выгляд – мы не абы-хто. Сяржант з чырвонай павязкай на рукаве акінуў нас позіркам з макушак да абуўкі і неяк горка ўсміхнуўся:
– Ну-ну, шуруйце, панове афіцэры.
А на развітанне рукой да сваёй пілоткі крануўся. Чэсць аддаў! Санька на ўсе сто перакананы, што гэта ён нам чэсць аддаў. Гэта ж выдумае што-небудзь, дык хоць стой, хоць валіся. Можна падумаць, што сяржанту няма каму чэсці аддаваць, апрача нас. Можа, ён проста муху сагнаў. А Санька на сваім стаіць: чэсць – і годзе. Той сяржант наперад глядзіць: атрымаем званне – можам яго па стойцы «смірна» так паставіць, што – ого! Словам, ніхто на КПП нашага гонару не адкусіў, а ў Санькі яго яшчэ і прыбавілася.
Але як бы там ні было, мы ў вучылішчы. Асабіста ў мяне адчуванне не скажу, каб геройскае. Тут зойдзеш іншы раз у чужы двор і то, як стрыножаны, не ведаеш, куды ступіць, дзе прытуліцца, – усё не сваё, усё незнаёмае, усё не так, як дома. А гэта ж вайсковае вучылішча! Тут зусім іншае царства: вакол падмецена, прыбрана, дарожка, па якой мы ідзём, абапал абкладзена пад шнур цэглай, а цэгла яшчэ пабелена і крэйдай. Ступіць лішні крок страшна, плюнуць няма куды, так чыста. Гэта табе не нашы Падлюбічы і не вуліца Батарэйная. Нават паветра тут не такое: сосны хоць і рэдкія, а свой пах даюць.
А галоўнае – людзі. У цывільным тут рэдка каго і сустрэнеш, усё – вайскоўцы. I ніхто з іх не бяжыць, як у горадзе, на злом галавы, ніхто не ходзіць разявіўшы рот, як мы з Санькам, не ловіць варон. А калі хто ідзе, дык ідзе, адразу відаць, што па справе. Сустракаючыся, яны ўскідваюць руку да скроні і цвёрда гэпаюць па зямлі падэшвамі, бяруць пад казырок. I нам з Санькам у вочы кінулася, што той гучней гэпае і вышэй падкідае ногі, у каго меней зорак на пагонах, а ў каго зоркі большыя, той толькі рукой адмахнецца і – будзь здаровы.
Читать дальше