— Пане Доктар, — адказаў Анры, — мяне паслала да вас Добрая фея. Мне патрэбна кветка жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памірае.
— Ну што ж, — сказаў Доктар, пачціва прыўзнімаючы шапку, — кожны, каго пасылае сюды Добрая фея, для мяне добры госць. Хадзіце, хлопча, за мной, я дам вам тое, што вы шукаеце.
Ён павярнуўся і пайшоў у глыбіню сада, ды так хутка, што Анры ледзь паспяваў за ім. Ён увесь час баяўся, што адстане ад Доктара, і болей яго не знойдзе, бо Доктар быў такі маленькі, што цалкам знікаў за сцяблінамі высокіх раслін.
Але нарэшце яны падышлі да нейкай расліны, якая стаяла асобна і была ўся абсыпаная прыгожымі кветкамі. Доктар выняў з кішэні садовы нож, зрэзаў адну галінку з кветкай і, аддаўшы яе Анры, сказаў:
— Вось, бярыце і рабіце ўсё так, як сказала вам фея. А вяртаючыся дадому, не выпускайце кветкі з рукі, бо калі вы яе пакладзеце, яна адразу і назаўсёды знікне.
Анры хацеў падзякаваць маленькаму Доктару, але той ужо знік сярод раслін ды лекавых траваў. Застаўшыся адзін, Анры падумаў:
— Як жа мне цяпер хутчэй вярнуцца дадому? Бо калі я, спускаючыся з гары, сустрэну тыя самыя перашкоды, якія сустрэў, пакуль сюды падымаўся, я згублю сваю каштоўную кветку. А без яе мне не ўратаваць маёй беднае мамы!
І тут ён на шчасце ўспомніў пра палку, якую падараваў яму Воўк.
— Зараз паглядзім, — падумаў Анры, — ці праўда, што яна можа перанесці мяне дадому.
Ён сеў верхі на палку і не паспеў падумаць, што хоча апынуцца дома, як адчуў, што падымаецца ў паветра і ляціць некуды з маланкавай хуткасцю.
Праз імгненне ён быў ужо каля ложка, у якім ляжала яго хворая маці.
Ён кінуўся да яе, і пачаў цалаваць ды абдымаць, але маці не варушылася. Тады ён хуценька выціснуў ёй на вусны сок чарадзейнае кветкі, і ў тую ж хвіліну маці расплюшчыла вочы і, абняўшы Анры, ускрыкнула:
— Мілае маё дзіця, мой добры Анры! Дзякуй табе, я была такая хворая, але цяпер я адчуваю сябе цудоўна. І мне вельмі хочацца есці.
Тут яна ўважліва зірнула на сына і са здзіўленнем сказала:
— Але ж ты вельмі вырас, мой мілы хлопчык! Што здарылася? Як ты мог так вырасці за некалькі дзён?
Анры сапраўды падрос на цэлую галаву, бо з таго часу, як ён выйшаў з хаты, прайшло два гады сем месяцаў і шэсць дзён. Цяпер яму было ўжо амаль дзесяць гадоў. Але раней, чым Анры паспеў што-небудзь растлумачыць, акно ў хаце адчынілася, і ў пакоі ўзнікла Добрая фея. Абняўшы Анры, яна падышла да матчынага ложка і расказала кабеце пра ўсё, што зрабіў Анры, каб яе ўратаваць, пра тое, колькі яму давялося адолець цяжкасцяў і перажыць небяспекі, і які ён увесь гэты час быў мужны, цярплівы і добры. Анры чырванеў, слухаючы, як яго хваліць Добрая фея, а маці яшчэ мацней прыціскала яго да сэрца і ўвесь час цалавала. Парадаваўшыся разам з маці і сынам, Добрая фея сказала:
— А цяпер, Анры, можаш пакарыстацца падарункамі, якія далі табе Дзядок і Асілак.
Анры выняў табакерку і адчыніў яе; з табакеркі адразу выйшаў цэлы натоўп маленькіх рабочых — такіх маленькіх, што рост у кожнага быў не большы, чым у пчалы; але іх было так многа, што яны запоўнілі ўвесь пакой. Рабочыя адразу пачалі працаваць, ды так спрытна і хутка, што ўжо праз чвэртку гадзіны збудавалі і абставілі мэбляй прыгожы дом пасярод вялікага сада, да агароджы якога з аднаго боку падыходзіў лес, а з другога — цудоўны поплаў.
— Усё гэта цяпер тваё, мой слаўны Анры, — сказала Добрая фея. — Калі табе будзе чаго не хапаць, то здабыць гэта табе дапаможа падораны Асілкам чартапалох. Падораная Воўкам палка перанясе цябе, куды ты толькі захочаш, а кіпцюр, які падарыў табе Кот, захавае табе і тваёй маці здароўе і маладосць. А цяпер, Анры, бывай, жыві шчасліва і не забывайся, што дабрыня і сыноўская любоў заўсёды прыносяць узнагароду.
Анры кінуўся Добрай феі ў ногі; яна дазволіла яму пацалаваць сабе ў руку, усміхнулася і знікла.
Маці Анры вельмі хацелася ўстаць ды пайсці палюбавацца на новы дом, сад, лес і поплаў, але ў яе не было ніводнай сукенкі: калі яна хварэла, яна вымушаная была пасылаць сына на базар, каб ён прадаў там што-небудзь з яе адзення і хоць трошкі зарабіў ім на хлеб. Таму цяпер у яе зусім нічога не засталося.
— Ах, дарагі сыночку, — сказала яна, — на жаль, я не магу ўстаць, бо ў мяне няма ні спадніцы, ні сукенкі, ні чаравікаў.
— Не бядуйце, мама, — адказаў Анры. — Зараз усё ў вас будзе.
Ён выняў з кішэні чартапалох і, панюхаўшы яго, пажадаў, каб у іх з маці былі чаравікі і добрая вопратка, а ў хаце — абрусы ды бялізна на ложках.
Читать дальше