— Праўда? — сказаў Кот. — Ты мне падабаешся. Ну, дык слухай: калі ты вылавіш усю рыбу, што водзіцца ў гэтым рове, а потым падсмажыш яе ці пасоліш, я даю табе слова гонару, што прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбіцца табе ў працы, ты знойдзеш тут, на пяску. Калі ж усё будзе зроблена, пакліч мяне.
Кот знік, а Анры агледзеўся і ўбачыў побач шмат розных сетак, вудаў ды рыбалоўных зазубняў. Падумаўшы, што вудай лавіць будзе доўга, ён узяў сетку і закінуў яе ў ваду. Ён спадзяваўся, што зловіць адразу шмат рыбы. Але выцягнуўшы сетку на бераг, убачыў, што ў ёй нічога няма. Ён з прыкрасцю падумаў, што, напэўна, зрабіў нешта не так. І зноў закінуў сетку, але калі зноў яе выцягнуў, яна аказалася зноў пустая. Набраўшыся цярпення, Анры закідваў і выцягваў сетку яшчэ цэлыя дзесяць дзён, але так і не злавіў ніводнае рыбіны. Тады ён адклаў сетку і закінуў вуду.
Ён чакаў гадзіну і дзве, але ніводная рыбіна не бралася на зазубень. Тады ён перайшоў трошкі далей, потым яшчэ далей і яшчэ, і так, пераходзячы з месца на месца, абышоў усю гару. Але так і не злавіў ніводнае рыбіны, патраціўшы яшчэ пятнаццаць дзён. Не ведаючы, што рабіць, ён прыгадаў Добрую фею і падумаў, што яна, відаць, забылася на яго. Ён сумна сеў на беразе і пачаў глядзець на ваду. Вада раптам забулькала, і на паверхню высунулася Жабіна галава.
— Анры, — прамовіла Жаба, — ты ўратаваў мне жыццё, і ў падзяку я хачу ўратаваць жыццё табе. Бо калі ты не выканаеш загаду, Кот з'есць цябе замест рыбы. Сам ты, на жаль, нічога злавіць не зможаш: роў вельмі глыбокі, і ўся рыба хаваецца на самым дне. Але я табе дапамагу: я буду лавіць рыбу, а ты, пакуль тое, раскладай агонь ды рыхтуй бочкі — будзеш яе саліць або смажыць.
Прамовіўшы гэтыя словы, Жаба дала нырца, і Анры ўбачыў, як вада ў рове адразу забурліла, нібыта на дне пачалася вялікая бойка. Праз хвіліну Жаба вынырнула, трымаючы ў лапах тоўстага ласося. Не паспеў Анры яго падабраць, як Жаба прынесла новую рыбіну: гэта быў карп. Так яна лавіла рыбу шэсцьдзесят дзён. Вялікіх рыбін Анры смажыў на патэльні, а малых складаў у бочкі ды саліў. Калі мінула два месяцы, Жаба выскачыла на бераг і сказала:
— Ну вось, цяпер у рове не засталося ніводнае рыбіны. Можаш клікаць Ката.
Анры шчыра падзякаваў Жабе і паціснуў ёй мокрую лапу. Жаба ўсміхнулася і знікла.
Яшчэ пятнаццаць дзён Анры смажыў рыбу ды саліў яе ў бочках. А калі ўсё было зроблена, паклікаў Ката, і той адразу ўзнік перад ім.
— Вось, спадар Кот, — сказаў яму Анры, — я пасаліў і пасмажыў усю вашу рыбу. Цяпер, калі ласка, выканайце і вы сваё абяцанне — прапусціце мяне на той бераг.
Кот агледзеў горы смажанай рыбы і бочкі з салёнай, пакаштаваў і той, і другой, аблізнуўся і сказаў Анры:
— Ты слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за працу. Тады ніхто не скажа, што ты працаваў на мяне дарма.
Прамовіўшы гэта, Кот выдраў у сябе адзін кіпцюр і, аддаўшы яго Анры, сказаў:
— Калі ты захварэеш ці адчуеш блізкую старасць, дакраніся гэтым кіпцюром да лба: боль, хвароба ці старасць адразу адступяць. А калі ты дакранешся ім да таго, каго ты любіш і хто любіць цябе, то і з ім будзе тое самае.
Анры шчыра падзякаваў Кату і, узяўшы ў яго чарадзейны кіпцюр, вырашыў адразу пакарыстацца ім, бо вельмі стаміўся і быў зусім змораны. Ледзь ён дакрануўся кіпцюром сабе да лба, як стома знікла, і ён адчуў сябе бадзёрым і свежым, быццам толькі што ўстаў пасля добрага сну.
Кот усміхнуўся і прамовіў:
— А цяпер сядай мне на хвост.
Анры сеў і адразу здзіўлена ўбачыў, што хвост у Ката пачаў хутка расці і выцягвацца, і неўзабаве перанёс яго на другі бераг.
Анры пачціва развітаўся з Катом і пабег да сада, дзе расла кветка жыцця. Да сада заставалася яшчэ метраў сто, і Анры баяўся, каб нейкая новая перашкода не спыніла яго. Але неўзабаве ён дабраўся да садовае агароджы.
Ён пашукаў фортку і хутка яе знайшоў, бо сад быў зусім невялікі. Але ў ім расло столькі розных незнаёмых раслін, што знайсці сярод іх кветку жыцця было немагчыма.
На шчасце Анры прыгадаў, што Добрая фея сказала яму паклікаць доктара, які даглядае за чарадзейным садам. Ён голасна крыкнуў і не паспеў нават вокам міргнуць, як расліны побач з ім заварушыліся, і з іх выйшаў маленькі чалавечак ростам не большы за дзяркач. Ён быў у доўгай чорнае мантыі, з круглымі акулярамі на гарбатым носе і трымаў пад пахай тоўстую кнігу.
— Што вам трэба, мой хлопча? — спытаўся Доктар, пазіраючы на Анры. — І як вам удалося дасюль дабрацца?
Читать дальше