Калі ж усё было зжата, Анры ўзяў у равочку цэп і пачаў малаціць пшаніцу на млыне, які стаяў на ўскрайку поля. Ён малоў дзевяноста пяць дзён. А калі ўсё было змолата, пачаў мясіць цеста і пячы хлеб. Ён мясіў і пёк яшчэ сто дваццаць дзён, а калі хлябы выпякаліся, складаў іх на палічкі, як кніжкі ў бібліятэцы. Калі ж усё было нарэшце скончана, ён вельмі ўзрадаваўся і паклікаў Дзядка. Дзядок адразу ўзнік перад ім. Ён пералічыў усе чатырыста шэсцьдзесят восем тысяч трыста дваццаць дзевяць хлябоў, пакаштаваў па маленькім кавалачку ад першага і апошняга, потым падышоў да Анры і, ласкава ўсміхнуўшыся, сказаў:
— Ты слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за добрую працу.
Ён выняў з кішэні маленькую драўляную табакерку і, аддаўшы яе Анры, хітра прамовіў:
— Калі вернешся дадому, адчыні гэтую табакерку. Ты знойдзеш у ёй табаку, якой ніколі раней не бачыў.
Анры ніколі не нюхаў табакі, і чарадзееў падарунак здаўся яму зусім не цікавым. Але ён быў добры хлопчык і не хацеў пакрыўдзіць Дзядка. Ён зрабіў задаволены выгляд і горача падзякаваў яму за падарунак.
Дзядок у адказ усміхнуўся і раптам знік.
Раздзел 4. Збор вінаграду
Анры рушыў далей і з радасцю заўважыў, што цяпер кожны крок набліжае яго да вяршыні. Гадзіны за тры ён прайшоў амаль две трэці дарогі. Але раптам наперадзе вырас высокі мур, якога здалёк было чамусь не відаць. Анры пайшоў уздоўж мура і праз тры гадзіны з жахам заўважыў, што мур агінае ўсю гару і ў ім няма ні дзвярэй, ані шчыліны, праз якую можна было б пралезці.
Анры сеў на зямлю і задумаўся — як яму быць? Ён вырашыў чакаць і чакаў сорак пяць дзён, але мур стаяў, і нічога з ім не рабілася. Тады Анры сказаў:
— Няхай мне давядзецца чакаць хоць сто год! Я ўсё роўна не сыйду з гатага месца!
І не паспеў ён прамовіць гэтыя словы, як кавалак мура са страшным грукатам абрынуўся і з пралому да яго выйшаў Асілак з паліцаю ў руцэ.
— Ты хочаш прайсці, мой хлопчык? — спытаўся Асілак. — Але што табе трэба за гэтым мурам?
— Мне патрэбна кветка жыцця, спадар Асілак, — адказаў Анры. — Яна патрэбная мне, каб вылечыць маму, бо яна памірае. Калі вы прапусціце мяне, я зраблю ўсё, што вы загадаеце.
— Праўда? — узрадаваўся Асілак. — Ты мне падабаешся. Я адзін з чарадзеяў гэтай гары, і я прапушчу цябе да вяршыні, калі ты напоўніш віном мае скляпы. Вінаграднікі перад табой: збяры вінаград, выцісні сок, разлі сок у бочкі, а бочкі складзі ў скляпы. Усё, што спатрэбіцца табе ў працы, ты знойдзеш пад мурам. А калі ўсё будзе зроблена, пакліч мяне.
Анры паглядзеў вакол і ўбачыў, што ва ўсе бакі, колькі хапае вачэй, цягнуцца вінаграднікі.
— Што ж, — падумаў Анры, — сабраў жа я Дзядку яго збожжа, то і Асілкаў вінаград сабраць здолею. Дый віно з вінаграду зрабіць не так цяжка, як хлеб з пшаніцы.
Ён зняў куртку, знайшоў каля мура садовы нож і пачаў рэзаць гронкі ды складаць іх у цэбры. Ён збіраў вінаград цэлыя трыццаць дзён. А калі ўсё было сабранае, пачаў выціскаць сок і заліваць яго ў бочкі, а поўныя бочкі складаць у скляпы. Усё гэта заняло яшчэ дзевяноста дзён. Калі ж віно было зробленае, бочкі складзеныя і скляпы поўныя, Анры паклікаў Асілка, і той адразу ўзнік перад ім. Агледзеўшы ўсе бочкі, Асілак пакаштаваў віна з першай і апошняй і, павярнуўшыся да Анры, сказаў:
— Ты слаўны хлопчык, і я хачу аддзячыць табе за працу. Тады ніхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Асілка дарма.
Ён выняў з кішэні кветку калючага чартапалоху і, аддаўшы яе Анры, сказаў:
— Калі ты вернешся дадому і табе чаго-небудзь захочацца, панюхай гэты чартапалох.
Асілкаў падарунак здаўся Анры не надта шчодрым, але хлопчык узяў яго з удзячнай усмешкаю. У тое ж імгненне Асілак свіснуў так, што ўся гара скаланулася; мур разам з Асілкам зніклі, і Анры рушыў далей.
Калі да вяршыні заставалася ісці ўсяго паўгадзіны, дарогу Анры перагарадзіла шырокая прорва. Яна была такая шырокая, што пераскочыць цераз яе было ніяк немагчыма, і такая глыбокая, што дна ў яе было зусім не відаць. Але Анры гэта не напалохала. Ён пайшоў па беразе і ішоў вельмі і вельмі доўга, але ўрэшце вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку. І тады ён зразумеў, што прорва агінае ўсю гару.
— Што рабіць? — падумаў Анры. — Ледзь толькі мне ўдаецца адолець адну перашкоду, як узнікае другая. Як жа мне перабрацца на той бок?
На вочы беднаму хлопчыку набеглі горкія слёзы. Ён пачаў разважаць ды меркаваць, як яму перайсці цераз прорву, але колькі ні думаў, так і не змог нічога прыдумаць. Ён, сумна сеў на беразе каля прорвы, і ў тую ж хвіліну пачуў страшны рык. Азірнуўшыся, ён убачыў усяго за дзесяць крокаў ад сябе вялізнага Воўка, які глядзеў на яго вогненнымі вачыма.
Читать дальше