Упала шмат на землю рос
Ад той сабачай страты,
Але ў народзе кажуць скрозь:
“Была у сабауі хата”.
Адтуль пачаткі ўсіх нязгод
Між кошкай і сабакам.
Абы сышліся — з году ў год,—
Хто-небудзь мусіць плакаць.
Сабака брэша і злуе,
А кот б'е лапай і плюе.
А калі злосць пачне цішэць
I знойдзе межы сквапнасць,
Аблавы робяць на мышэй
Яны надзвычай трапна:
Кот у кутку чакае —
Паперы спаганяе.
Сабака верне ржышча,
Мо там паперы сышча.
Вось каб памірыліся —
Мышы б не пладзіліся.
А ў нашым доме царавала самае сапраўднае сяброўства. Яно завязалася даўно: Дзік яшчэ ні разу не ліняў, а кот ледзь-ледзь адскочыў ад падлогі, мёрз без матчынага догляду і, шукаючы жывога цяпла, умошчваўся на сон каля сабакавага жывата. Дзік пагадзіўся: так было цяплей і яму самому.
Дом наш, так-сяк скіданы на жывую нітку нядбалымі рукамі няўмекаў, быў страшэнна халодны. Пліту палілі ўдзень, а грубку — рана і ўвечары. Зіма яшчэ не канчалася, а ў нас вылецела ў комін дваццаць восем кубаметраў бярозавых дроў — цэлы гай! — і два грузавікі торфу.
Усё роўна пасля таго, як зачынялі юшку, прыстойная цеплыня трывала ўсяго некалькі гадзін. Пакуль печ не астыла, туды закладалі абярэмак дроў: угрэюцца, крыху насохнуць, лягчэй будзе іх распальваць.
Аднойчы наша кацяня, шукаючы ўтулку, улезла ў грубку, за дровы, і соладка заснула.
— А ў нас зноў лядоўня! — Гаспадыня вярнулася з магазіна і пахукала ў азяблыя рукі.— Трэба брацца за печ.
Аблупіла з палена стужку бяросты, нашчапала смольных лучынак. Распалка ўзялася гарэц адразу ж, пакрысе агонь перапоўз на таўсцейшыя палянякі.
Дзік з відавочным задавальненнем наглядаў за працэдурай распальвання, ён любіў ляжаць каля адчыненых дзверцаў печы і зараз чакаў, калі ж яго пачне прыбываць, таго жаданага цяпла. Праўда, цяпер трывожыўся: раз-поразу настаў ляў то адно, то другое вуха — з-за дроў чуўся нейкі незразумелы шолах.
Раптам у печы нешта вякнула, загурчала, заплявалася, і з сярэдзіны, праціскаючыся паміж паленняў, выкацілася кацяня: на ім стала займацца поўсць.
Дзік скочыў, падгроб пад сябе катка і пакачаўся з ім па падлозе. Ката ахаялі, памазалі нос і апечаныя лапы вазелінам і забінтавалі.
— Ну і ну! — Гаспадар пачухаў Дзіка за вухам.— Давядзецца аддаваць цябе на курсы ратавання ахвяр агню.
Дзіка перш хвалілі ўсе хатнія, потым далучыліся і сябры, што завіталі на агеньчык і амаль сталі сведкамі той удала адхіленай кацінай бяды. Сабака шчодра ўзнагароджваўся самымі высокімі словамі падзякі.
Крытык Уладзя, чалавек чуллівы, нават крыху сентыментальны, скарміў на Дзіка каўбасу, якую нёс дадому,— там чакаліся госці.
— За спрыт і вынаходлівасць,— казаў крытык,— не лішне было б адшкадаваць яму які-небудзь сабачы медаль.
Дзік спаважна павільваў хвастом, быццам разумеў, пра што ідзе гаворка, а разумеў ён з чалавечых слоў, як высветліцца пазней, значна больш, чым можна было ўявіць.
Перабінтаванага ката паклалі на канапу, ачуньвай сабе ў выгодзе! I тут зусім нечакана падаспела «хуткая дапамога». Сабака ўзлез на канапу, паздзіраў з катовых лап бінты і ахайна злізаў языком вазелін. Гаспадыня была памкнулася адганяць, але крытык Уладзя запэўніў:
— Дзейнічае паводле ўсіх правіл сабачай медыцыны. Пайду яшчэ па каўбасу.
— I варта,— падтрымаў я.— Яго сваякі залізвалі раны толькі сабе, а гэты і сябру даў рады...
— Відаць, у сабачай сліне нешта гаючае ёсць,— здагадаўся крытык.
Ад таго дня, калі пасля ранішняй прамінкі сабаку ўпускалі ў дом, хто-небудзь абавязкова папярэджваў:
— Хама, рыхтуйся на медагляд.
Сабака абабягаў прысутных, усяляк выказваў знакі прыхільнасці, стараючыся, калі ўдасца, і пацалавацца. Потым пераходзіў да ката і, прытрымліваючы яго лапаю, каб не ўцёк, вылізваў таму мызачку.
Кацяня цярпела да часу. Апечаныя мясціны перасталі аказвацца болем, і пацыент не толькі не прымаў сабачага лекавання, а нават — няўдзячны! — лупіў добраахвотнага доктара лапай поўху.
Дзік не помніў крыўды і пасля чарговай прагулкі зноў браўся за лекавыя працэдуры.
«Аперацыя Медагляд» у далейшым абыходзілася без сутычак, аж пакуль не была перанесена на іншы аб'ект.
Гаспадыня абварыла руку каля пліты. Боль утаймоўвалі як умелі: прыкладалі распараны чай, таркаваную бульбу, перачакаўшы, мазалі жыжкай, выпаранай з крутых яечных жаўткоў і прысыпалі жоўтым пылам са спелых балотных кіяхоў. Ну, і, вядома ж, лёгка забінтавалі.
Читать дальше