Не пакідала адчуванне невядомага канца невядома чаго. Я не слухаў разборкі класнай з прагульшчыкамі і тымі, хто паспеў адхапіць «пары». Словы яе выклікалі нядобры адгалосак. Хацелася, каб хутчэй празвінеў званок, бо за ім, мне падавалася, павінна была надысці пэўнасць. Ён і празвінеў, класная развіталася, як заўсёды, адно засталася стаяць ля стала, праводзячы позіркамі ўсіх, хто ішоў да дзвярэй. Калі я ўзняўся, дачакаўшыся выхаду з класа Ядвісі і Юрася, нечакана пачуў:
— Вяргейчык, падыдзі, калі ласка.
Я падышоў, Зінаіда Мартынаўна трошкі вінавата ўсміхнулася і папрасіла:
— У мяне дзве цяжкія торбы. Ці можна патурбаваць цябе — паднесці іх да прыпынку аўтобуса?
— Ды вядома ж, якія праблемы! — ад нечаканасці я застыў на месцы, чакаў, усё адно як тыя торбы мне ўручаць тут і цяпер.
— Тады апранайся і падыдзі да настаўніцкага пакоя.
У гардэробе чакаў Уладзя.
— Улад, ідзі сам. Зіначка папрасіла ёй паднесці там нешта.
— Дык мо ўдвух? Я таксама магу!
На хвіліну я задумаўся і адмоўна пакруціў галавой.
— То яна б і спытала нас двух, шарыш?
— Ага, мабыць, нешта табе сказаць хоча, — схапіўся Уладзя, і ў яго голасе я адчуў ноткі радасці — нібыта мне ўручаць зараз якую грамату.
Ды ўручыла мне класная, як і казала, дзве торбы — з папкамі, паперамі, брашурамі. Важкія. Мы выйшлі са школы, а мяне, пагатоў пасля слоў Уладзі, пачало разбіраць: чаму я? Хіба мала хто з нашых змог бы дапамагчы? І чаму адзін насамрэч? Ісці з дзвюма занятымі рукамі і заплечнікам неяк і не вельмі звыкла.
— Няцяжка? — турботліва пацікавілася Зінаіда Мартынаўна.
— Ды не, — супакоіў я яе. — Дужкі поліэтыленавыя трымаюць, то хіба ж тут цяжар?
Мы ішлі ад школы да прыпынку аўтобуса. Дрэвы стаялі цалкам голыя, тратуар быў чысцютка падмецены. І ад таго падаваўся нейкім пустым і бясконцым. І яшчэ — халодным. Хоць на самай справе холадна не было — бязветрана, і сонца свяціла, ды, пэўна, не лета.
— Мы некалі ў юнацтве, студэнтамі, любілі такую гульню ці не гульню: пыталіся іншы раз у якой сваёй сяброўкі: «Я цябе папрашу, абяцай, што зробіш», — пачала апавядаць класная, пабачыла маё маўклівае здзіўленне ў позірку, патлумачыла: — Ага, рызыкоўна, затое той, хто абяцаў і рабіў, меў права на такое самае штукарства. Зазвычай прасілі дробязі: збегаць у краму па хлеб, памыць падлогу, заварыць гарбату, прыбраць на стале. Дык вось, пагуляйма з табой у такую гульню, га? Ты мне паабяцаеш зрабіць тое, пра што я цябе папрашу?
— Я? — ажно прыпыніўся я ад неспадзеўкі. — Не разумею.
— А ты паабяцай, — усміхнулася класная. — Праўда, нічога страшнага...
— Ну. Добра, абяцаю зрабіць, — хмыкнуў я, трохі заінтрыгаваны.
— Выдатна. Ведаеш, Кір. Ага, буду зваць цябе так, як сябры, дык вось. Я цябе папрашу, каб ты больш ніколі ў школу не апранаў саколку ці балахон з выявай знака «Анархія».
— Ды, Зінаіда Мартынаўна, колькі можна! Каму так мазоліць вока тая літара А? — раззлаваўся я, бо столькі ўжо наслухаўся гэтых вымоў з-за сваіх цішотак! Здаецца ж, скончыліся нармальна ўсе размовы, — я не прапагандую непаслухмянства, я спакойна адгукаюся на нейкія патрэбныя школе ці класу даручэнні ад яе ж, класнай. Дык чаго яшчэ?
— Не злуйся, Кір, паслухай. То ўчора і сёння цябе не чапалі. А заўтра могуць зачапіць. Ці пазней. А я ведаю твой характар, ты ўмееш закусіць цуглі. І тады закончыцца непрыемнасцю. А я не хачу, каб такі, як ты, меў непрыемнасці, ды яшчэ праз нейкую выяву на саколцы, — памяркоўна даводзіла мне Зінаіда Мартынаўна.
— Я не разумею! Я не разумею, чаму ўчора і сёння — можна, а заўтра раптам будзе нельга! Заўтра прымаецца дзяржаўны закон аб забароне літары А? — распсіхаваўся я.
Класная нейкі час маўчала. Мы падышлі да прыпынку, я хацеў паставіць пакеты на лаўку, але яна папрасіла адысці далей, мабыць, хацела яшчэ нешта давесці. Мы адышліся, я паставіў ношку ў сівую траву ля тратуара.
— Ты і сапраўды такі гарачы, — ласкава ўсміхнулася Зінаіда Мартынаўна.
— Хай так, — насупіўся я. — Дрэнна?
— Так, дрэнна, — пасур'ёзнела яна. — І таму дрэнна, бо той, хто ведае, які ты, лёгка можа табой маніпуляваць. Ты і не здагадаешся, як будзеш рабіць патрэбнае яму. Ці ўжо зрабіў, — скончыла яна нечакана, і я ўздрыгнуў — пра што яна ведае? Адкуль? Было прыкра асэнсоўваць, ды я цяпер не мог прагнаць ад сябе адчуванне, што апошняя наша размова з Юрасём была сапраўды штучнай, загадзя запланаванай, бы Юрась дакладна ведаў, што я скажу, зраблю, як адрэагую. І вось цяпер пачуццё, што я павёўся, як лох, узмацнілася.
Читать дальше