З усiх начэй майго жыцця гэта, напэўна, была самая доўгая i самая цяжкая. Прынамсi, з таго часу, як я прыйшоў у Наджыялу, i самае горшае з усяго гэтага было тое, што мне давялося слухаць выхваляннi Джосi, як ён надумаў знiшчыць Вiшнёвую Далiну.
Джосi запэўнiваў, што хутка ён зловiць i Сафiю, i Губерта.
- Але ўсё гэта павiнна быць зроблена так, каб нiкому i ў галаву не прыйшло, хто стаiць за ўсiм гэтым. Iнакш як я надалей змагу быць вашым тайным чалавекам у Вiшнёвай Далiне.
"Ты ўжо не будзеш iм, - падумаў я. - Таму што тут ёсць нехта, хто выкрые цябе, так што ты збялееш, чырванашчокi здраднiк".
Потым ён сказаў такое, ад чаго маё сэрца зайшлося:
- Вы яшчэ не злавiлi Джанатана Львiнае Сэрца? Ён усё яшчэ на волi ў Далiне Дзiкай Ружы?
Я зразумеў, што Ведэру i Кадэру не спадабалася пытанне.
- Мы iдзём па следзе, - сказаў Ведэр. - Добрая сотня чалавек шукаюць яго днём i ноччу.
- I мы знойдзем яго, нават калi б нам выпала абшукаць кожны дом у Далiне Дзiкай Ружы, - дадаў Кадэр. - Тэнджыл чакае яго.
- Што ж, мне гэта зразумела, - азваўся Джосi. - Гэты Львiнае Сэрца больш небяспечны, чым хто iншы, гэта я вам кажу. Ён сапраўдны леў.
Я быў вельмi горды, што Джанатана назвалi сапраўдным iльвом, i я адчуў вялiкую палёгку, даведаўшыся, што ён жывы. Але мяне душыў гнеў, калi я думаў аб тым, што зрабiў Джосi. Ён здрадзiў Джанатану. Толькi Джосi мог даведацца пра тайную паездку Джанатана ў Далiну Дзiкай Ружы i паслаць паведамленне Тэнджылу. Гэта была iменна яго вiна, што сотня чалавек днём i ноччу высочвае майго брата i, калi знойдзе, аддасць яго ў рукi Тэнджыла.
Але пакуль Джанатан жывы. Уявiце сабе, ён жывы! Ён на волi, але чамусьцi мне саснiлася, што брат клiча мяне на дапамогу. Так, я ляжаў i думаў, спадзеючыся даведацца, што адбылося на самай справе.
Хаця я ўжо даведаўся пра вельмi многае, падслухоўваючы Джосi.
- А што датычыць Губерта, то ён проста зайздросцiць Сафii, што мы выбралi яе галоўнай у нашай Вiшнёвай Далiне, - сказаў Джосi. - А Губерту здаецца, што ён лепшы за ўсiх.
Ага, вось у чым справа. Я прыгадаў, якi злы быў Губерт, калi кiнуў: "Ну што асаблiвага ў гэтай Сафii". Значыць, ён проста зайздросцiў ёй i нiчога iншага тут не было. Можна каму-небудзь зайздросцiць i заставацца прыстойным чалавекам. А я ўбiў сабе ў галаву з самага пачатку, што Губерт - здраднiк у Вiшнёвай Далiне. I ўсё, што ён рабiў i гаварыў, усё было дрэнна. Вось бачыце, як лёгка дрэнна думаць пра людзей. Бедны Губерт, ён апякаў мяне, выратаваў мне жыццё, даў мне вяндлiны, а ва ўдзячнасць я толькi крыкнуў яму: "Не забiвай мяне!" Не дзiўна, што ён раззлаваўся. "Даруй мне, Губерт, - падумаў я, даруй!.." Абавязкова я скажу гэта яму сам, калi сустрэну зноў.
Джосi адчуваў сябе ўжо больш упэўнена, i было бачна, што яму падабаецца сядзець тут, але, вiдаць, кляймо Катлы зрэдку давала аб сабе знаць, бо ён пацiху стагнаў, i кожны раз Кадэр гаварыў:
- Так табе i трэба.
Мне хацелася зiрнуць, як выглядае гэтае кляймо. Мусiць, вiдовiшча мала прыемнае, таму добра, што я яго i не бачыў.
А Джосi ўсё хвалiўся i хвалiўся тым, што ён ужо зрабiў, i тым, што збiраўся зрабiць. Потым кажа:
- У Львiнага Сэрца ёсць маленькi брат, якога ён любiць больш за ўсiх на свеце.
Я ажно застагнаў, так хацелася ўбачыць Джанатана.
- Мы маглi б выкарыстоўваць гэтага маленькага чарцяку як прынаду, каб злавiць на кручок Сафiю, - сказаў Джосi.
- Ты, ёлупень, чаму не гаварыў нам пра гэта раней? - папракнуў Кадэр. Вядома, можна было б выкарыстаць брата, каб выманiць Львiнае Сэрца з яго сховiшча. Бо дзе б ён нi хаваўся, ён абавязкова б даведаўся, што мы схапiлi яго брата.
- Гэта прымусiць яго з'явiцца, - сказаў Ведэр. - Маўляў, вызвалiце майго брата i забярыце мяне замест яго. Ён будзе вымушаны сказаць iменна так, калi ён сапраўды непакоiцца пра свайго брата i хоча абаранiць яго.
Мне стала так страшна, што я нават не мог больш плакаць. Джосi надзьмуўся i пачаў хвалiцца далей:
- Усё гэта я ўладкую, як толькi вярнуся дадому, я сам магу заманiць маленькага Карла Львiнае Сэрца ў пастку. Гэта будзе не вельмi цяжка. Я змагу гэта зрабiць з дапамогай некалькiх пiрожных. А потым можна будзе i Сафiю заманiць, каб яна ратавала яго.
- А цi не здаецца табе, што Сафiя для цябе занадта разумная? - з'едлiва запытаў Кадэр. - Думаеш, так лёгка яе абмануць?
- Я ўпэўнены, - адказаў Джосi. - Яна нават не здагадаецца, хто гэта зрабiў. Яна давярае мне.
Ён быў так задаволены сабой, што ажно зарагатаў.
- I тады ў вас будуць абое - i яна, i малы Львiнае Сэрца. А што мне за гэта? Колькi коней дасць мне Тэнджыл, калi захопiць Вiшнёвую Далiну?
Читать дальше