Ціха і ў школе. Парой толькі, як апошняя кропля, пацэліўшая з галіны на корань, празвініць дзіцячы голас у самым канцы калідора ці, як вецер па каменнях, прамчацца па цэментных плітах чыесьці спрытныя ногі.
А сёння як доўга не сціхалі крокі! Дзеці блукалі па калідоры і ў канцы і ў пачатку яго і абыходзілі вартавога, па-майстэрску зробленага Таняй з лёду. Вільготны вецер з'еў яго плечы, на шаломе віселі ледзяшы, а ўсё-такі глядзеў ён далёка, ён усё яшчэ бачыў суровае мора.
— Можа, яна зноў пайшла на раку, — сказаў Фільку Коля.
«Можа, яна зноў у гаі стаіць адна і плача», — падумаў Філька сам сабе.
Яны разышліся ля варот.
Коля прыбег на каток. Ён спусціўся да барж, прайшоў па сцяжынцы, засыпанай снегам, ступіў на край чыстага лёду. Цяжка было пазнаць раку зараз. І зблізку і здаля снег ляжаў спакойна. Вакол катка цяпер не гушкаліся гірлянды з яловых лапак. Яны ўпалі, пайшлі пад сумёты, нібы ў сыпучы пясок.
Коля некалькі разоў крыкнуў. Але рака наўкола толькі сляпіла яго і маўчала.
А зусім на іншым канцы горада клікаў Таню Філька. Ён стаяў на ўзлеску ў гаі, як стаяў надоечы ў кустах. Тады ішоў першы снег, такі лёгкі, што, здавалася, яго з усяго гаю можна было б панесці ў далоні. А цяпер пад цяжарам снегу пагнуліся ў старых ялін галіны, маладыя бярозы схаваліся ў яго па грудзі. Але Філька крычаў. І калі б хоць рэха адказала на яго крыкі, ён лёг бы пад кусты і заплакаў — дарма што быў адзін.
Аднак ніхто не адказваў. І Філька пайшоў назад па глыбокім снезе.
З Колем яны зноў сышліся каля варот. Затым сабраліся ў раздзявальні, у самы далёкі кут, і тут з трывогай паглядзелі адзін аднаму ў вочы.
— Што цяпер рабіць? — спытаўся Філька.
І раптам яны пачулі ціхі плач. Плакаў нехта ў цемры ля сцяны, дзе вартаўнік складваў дровы для печкі.
— Таня! — крыкнулі яны абое і падышлі.
Але гэта плакала Жэня, заціснуўшыся паміж сцяной і печкай, і твару яе не было відаць.
Філька павярнуў яе за плечы да сябе.
— Ты нікуды не хадзіла? — спытаў ён.
— Не, — адказала Жэня.
— Дык чаго ж ты плачаш?
— А можа… — сказала яна з плачам, — можа, яна памерла ўжо.
Тады Коля, які нічога не пытаўся, нічога не сказаў, адышоўся ў кут і сеў на падлогу, прыціснуўшы галаву да каленяў.
Між тым у пакоі наверсе, пра які ўсе забыліся — дзе звычайна захоўвалася піянерская маёмасць, — спала Таня.
Сцяжкі і плакаты на доўгіх дрэўках з усіх бакоў акружалі яе. Партрэты віселі наўскасяк, як птушкі, гатовыя ўзняцца са сцяны, барабаны валяліся на падаконніку, горны блішчалі на цвіках.
Піянерская маёмасць! Свет гучных рэчаў глядзеў на яе з куткоў. Як горка было расставацца з ім нават у сне.
Нават у сне цяжка было Тані. Шчаслівы сон прыйшоў да яе, і яна моцна заснула ў гэтым кутку, дзе праседзела з самай раніцы на тоўстым сенніку, напханым апілкамі.
Але і гэты добры сон нічога не мог зрабіць з яе нядрэмным уяўленнем.
І сніўся ёй сход звяна.
Снілася Тані, нібыта ў гэтым самым пакоі, дзе яна спіць, сядзяць яе сябры — дзе хто: на барабанах, на табурэтах, на драўлянай кабыле, абітай чорнай цыратай. Рухі іх грозныя, твары суровыя, і кожны позірк накіраваны прама ў сэрца Тані, але не даходзіць да яго. Ён дрыжыць і ламаецца, як прамень, што засланілі знянацку рукой.
— Судзіце яе страшнай помстай, — гаворыць чалавек, якога Таня не ведае.
Вопратка ў яго незвычайная: да шыняля прышыта палярынка, каўнер з куніцы блішчыць на яго плячах, а твара зусім не відаць — доўгія валасы закрываюць яго з бакоў.
— Судзіце яе, — гаворыць ён зноў, — яна жорсткая.
— Так, так, яна жорсткая, — паўтарае за ім Жэня. — Гэта яна загадала засмажыць маю прыгожую рыбу. А рыба была залатая.
— Судзіце яе — яна зайздросніца.
— Так, так, яна зайздросніца, — паўтарае тоўсты хлапчук. — Яна зайздросціць Колю, гэта мы бачылі ўсе. Яна павезла яго ў буран, каб зусім загубіць.
А голас Тані знямеў, вусны змярцвелі, нічога яна не можа сказаць.
І чалавек у палярынцы падыходзіць да яе бліжэй, а Таня адступае да сцяны. Яна са страхам пазнае ў ім Гогаля, партрэт якога вісіць над дзвярыма.
— Якая я няшчасная! — шэпча яму ледзь чутна Таня. — Хто абароніць мяне? Я нічога не ведаю.
Яна пераводзіць свой позірк вышэй і бачыць: светлыя аблокі, якія плылі па небе, зазірнулі паціхеньку ў акно. Усе яны высокія, апрануты ў бліскучыя латы, і бляск іх латаў, падаючы на падлогу, цурчыць і струменіцца падобна маленькім раўчукам. І ўсе яны імкнуцца да Тані.
Яна падбірае ногі і лёгка адрываецца ад зямлі.
Читать дальше