З лагера даносіўся шум. Дарослыя, відаць, паехалі ўжо дадому, і шумелі адны дзеці. Але галасы іх былі такія моцныя, што тут, наверсе, у маўчанні шэрага маршчыністага каменя, Тані памроілася, нібы недзе далёка гудзе і хвалюецца лес.
— Мусіць, ужо строяцца на лінейку, — сказала яна. — Табе, Філька, трэба было б прыйсці ў лагер раней за мяне, бо ці не будуць смяяцца з нас, што мы часта вяртаемся ўдваіх?
«Не трэба было б ёй гаварыць пра гэта», — з горкай крыўдай падумаў Філька.
І, учапіўшыся за дзікі слойнік, што тырчаў над кручай, ён скокнуў уніз на сцежку так далёка, што Тані зрабілася страшна.
Але ён не ўдарыўся. І Таня кінулася другой сцежкай, між нізкіх сасонак, крыва парослых на каменнях…
Сцяжынка вывела яе на дарогу, якая, нібы рака, выбягала з лесу і, як рака, бліснула ёй у вочы каменнем і друзам, шумнула доўгім аўтобусам, поўным людзей.
Гэта дарослыя ад'язджалі з лагера ў горад.
Аўтобус прайшоў міма. Але дзяўчынка не праводзіла вачыма яго колаў, не зазірнула ў яго вокны, бо не думала ўбачыць там сваякоў.
Яна перасякла дарогу і ўбегла ў лагер, лёгка пераскокваючы праз канавы і купіны, таму што была вельмі спрытная.
Дзеці сустрэлі яе крыкам. Узняты на мачце сцяг лунаў у паветры. Яна стала ў сваю шарэнгу, паклаўшы кветкі на зямлю. Важаты Косця пагразіў ёй вачыма і сказаў:
— Таня Сабанеева, трэба ў час станавіцца на лінейку. Смірна! На-пра-ва раўняйся! Адчувайце локцем суседа.
Таня шырэй рассунула локці і падумала: «Добра, калі справа побач з табой сябры. Добра, калі ёсць яны і злева. Яшчэ лепей, калі яны і там, і тут».
Павярнуўшы галаву направа, Таня ўбачыла Фільку. Пасля купання твар яго блішчаў, што камень, а гальштук пацямнеў ад вады.
І важаты звярнуўся да яго:
— Філька, які ж ты піянер, калі кожны раз робіш са свайго гальштука плаўкі. Толькі не мані, калі ласка! Я ўсё ведаю. Пачакай, вось я пагутару з тваім бацькам сур'ёзна.
«Бедны Філька, — падумала Таня, — як яму не шанцуе сёння».
Яна глядзела ўвесь час направа. Налева ж зусім не глядзела. Па-першае, таму, што гэта было не па правілах, а па-другое, таму, што там стаяла тоўсценькая дзяўчынка Жэня, якую яна не любіла.
Ах, гэты лагер, дзе пяты год запар праводзіць яна сваё лета! Чамусьці сёння ён не здаваўся ёй такім вясёлым, як раней. А яна ж заўсёды так любіла прачынацца на світанні ў палатцы, калі з тонкіх калючак ажыны капае на зямлю раса! Любіла голас горна ў лесе, падобны на рык ізюбра, і стук барабанных палачак, і кіслы мурашкавы сок, і песні ля вогнішча, якое яна ўмела распальваць лепш за ўсіх у атрадзе.
Што ж здарылася сёння? Няўжо гэтая рака навяла яе на такія дзіўныя думкі? З якім няясным прадчуваннем сачыла яна за ёю. Куды хацелася ёй плыць? Навошта спатрэбіўся ёй аўстралійскі сабака дзінга? Нашто ён ёй?
А можа, гэта адыходзіць ад яе дзяцінства? Хто ведае, калі адыходзіць яно?
Са здзіўленнем думала Таня пра гэта, пакуль стаяла смірна на лінейцы, і думала пра гэта пазней, вячэраючы ў сталоўцы. І толькі ля вогнішча, якое даручылі ёй раскласці, яна ўзяла сябе ў рукі.
Яна прынесла з лесу тонкую бярозку, ссохлую на зямлі пасля буры, і паставіла яе ў сярэдзіну вогнішча, а вакол па-майстэрску развяла агонь.
Філька ж абкапаў яго і счакаў, пакуль зоймуцца сучкі.
І бярозка гарэла без іскраў, але з лёгкім трэскам, з усіх бакоў атуленая змрокам.
Падыходзілі дзеці з другіх звенняў палюбавацца вогнішчам. Прыходзіў і важаты Косця, і доктар з паголенай галавой, і нават сам начальнік лагера. Ён запытаўся, чаму яны не пяюць і не гуляюць, калі ў іх такі цудоўны касцёр.
Дзеці праспявалі адну песню, потым другую.
А Тані не хацелася спяваць.
Як раней на ваду, вялікімі адкрытымі вачыма глядзела яна на полымя, такое ж вечна рухомае, пастаянна памкнёнае ўвысь. Яно шумела аб нечым, навявала на душу няясныя прадчуванні.
Філька, які не мог бачыць яе засмучанай, прынёс да вогнішча свой кацялок з брусніцамі, каб парадаваць яе тым нямногім, што меў сам. Ён частаваў усіх таварышаў па звяну, а Тані выбраў ягады самыя буйныя. Яны былі спелыя і халодныя, і Таня з'ела пачастунак з задавальненнем. А Філька, убачыўшы яе зноў вясёлай, пачаў расказваць пра мядзведзяў, бо яго бацька быў паляўнічы. І хто іншы мог бы так добра расказаць пра іх!
Але Таня спыніла яго.
— Я нарадзілася тут, у гэтых мясцінах, у гэтым горадзе, і больш нідзе ніколі не была, — прамовіла яна, — але заўсёды мяне здзіўляла, чаму так многа гавораць пра мядзведзяў. Заўсёды пра мядзведзяў…
Читать дальше