Сонца ўжо крыху зрушыла з сярэдзiны неба. Скрозь расшчылiны ў каменi я бачу дзiрку, якую яно прапякае ў распаленай блясе неба, - бы рот, балбатлiвы, як мой, якi ванiтуе нястомна патокамi полымя над палiнялай пустэльняй. На сцяжыне перада мной - нiчога, нiякай былiнкi да самага небакраю, а ззаду, там - яны ўжо, напэўна, шукаюць мяне, не, яшчэ не, адно адвячоркам яны адчынялi дзверы, каб я мог прагуляцца, пасля таго як увесь дзень працаваў у доме фетыша, прыбiраў i абнаўляў ахвяраваннi, а ўвечары пачыналася цырымонiя, i часам мяне бiлi, iншы раз не, але ўвесь час я слугаваў фетышу, фетышу, чыя выява адбiлася ўжо жалезнай пячаткаю ў маёй памяцi, а цяпер - i ў надзеi. Нiколi яшчэ, нiякi бог не апаноўваў мною настолькi i нiколi мяне так не парабашчаў, усё маё жыццё, дзень i ноч, было прысвечана толькi яму, i боль, i адсутнасць болю, цi ж гэта не радасць, - усё залежала ад яго, i нават жаданне, так, нават жаданне - пасля таго, як амаль кожны дзень я быў сведка гэтаму бясплоцеваму i лютаму акту, якi ўжо цяпер толькi чуў, але болей не бачыў, бо як i музыкi, павiнен быў глядзець на сцяну пад пагрозаю быць пакараным. Але калi я, уткнуўшыся тварам у соль, распластаны звярынымi ценямi, што мiтусiлiся на сцяне, слухаў гэты доўгi, працяглы крык, глотка сохла ў мяне, i джгучае, бясполае жаданне сцiскала мне скронi i працiнала жывот. Так iшлi днi i днi, i я ўжо амаль не адрознiваў iх адзiн ад аднаго, нiбыта яны расплаўлялiся ў сляпучай спякоце i ўяўным дрыжаннi салёных сцен, цячэнне часу злiлося ў адзiн невыразны плёхкат, з якога выляталi, праз аднолькавыя iнтэрвалы, крык авалодання i стогны ад болю, адзiн доўгi бясчасы дзень, над якiм панаваў уладарны фетыш, як дзiкае сонца над маiм домам, збудаваным са скал, i цяпер, як тады, я плачу ў няшчасцi i ад жадання, мяне спапяляюць надзея i злосць, i я прагну здрадзiць, i лiжу рулю ў стрэльбы, i лашчу яе душу, недзе там, усярэдзiне, яе душу, толькi ў стрэльбаў ёсць душы, о, сапраўды, у той дзень, як яны адрэзалi мне язык, я навучыўся любiць неўмiручую душу нянавiсцi!
Якая каша, шаленства, хр-р-р, сп'янелы ад спёкi i гневу, я ляжу, распластаны, на стрэльбе. Хто яшчэ дыхае тут? Я не магу больш трываць гэтай спёкi, якая, здаецца, нiколi не скончыцца, о, гэтае чаканне, я мушу яго забiць. Нi птушкi, нi калiва кволай травiнкi, камень i пустое высушлiвае жаданне, цiшыня, i iх крыкi, i гэты язык, што гаворыць ува мне, i з той пары, як яны мяне знявечылi, доўгая, панурая i спустошаная пакута, пазбаўленая нават росных ночаў, тых ночаў, пра якiя я марыў, зачынены разам з фетышам у сваiм салявым бярлогу. Толькi ноч, з яе свежымi зорамi i змрочнымi вадазграямi, магла ўратаваць мяне, выдраць нарэшце ў злых чалавечых багоў, але я быў заўсёды зачынены i не мог на яе паглядзець. Калi той яшчэ будзе пазнiцца, я тады ўбачу яго сам, ён уздымецца над пустэльняй i захiне сабой небакрай, звiсне з прадоння азмрочанага зенiту залатою халоднаю гронкай, з якой я ўдосталь змагу папiць, арашу сваю чорную, ссохлую пашчу, якую даўно ўжо не асвяжае жывая i мяккая плоць, я змагу нарэшце забыць пра той дзень, калi дурасць пацягнула мяне за язык.
О, як было горача, горача, раставала соль цi, прынамсi, мне так здавалася, паветра рэзала вочы, i тады ўвайшоў шаман, без маскi. За iм, амаль зусiм голая, у адной шаравай анучы, iшла жанчына, яе твар, пакрыты татуiроўкай, ад якой ён рабiўся падобны да маскi фетыша, не выяўляў нiчога, апроч нейкага злога, iдальскага здранцвення. Жыло толькi тонкае i пляскатае цела, якое абрушылася да падножжа бога, як толькi шаман адчынiў маленькiя дзверы ў фетышаў катушок. Потым ён выйшаў, не гледзячы на мяне, спякота мацнела, я не кратаўся з месца, фетыш пазiраў на мяне па-над целам нерухомай жанчыны, адно яе цяглiцы неўпрыкмет варушылiся, i iдальскi твар амаль не змянiўся, калi я падышоў блiжэй. Толькi вочы выраслi раптам i ўтаропiлiся на мяне, а мае ногi дакранулiся да яе ног, i спёка разам завыла, i iдал-жанчына без адзiнага слова, па-ранейшаму гледзячы на мяне сваiмi вырачанымi вачыма, пачала хiлiцца назад, упала на спiну, падабрала пад сябе свае ногi, потым падняла i паволi, мякка рассунула каленi ўбок. Але адразу ж, хр-р, шаман пiльнаваў мяне, яны ўсе ўварвалiся, адкiнулi мяне ад жанчыны i пачалi бiць, жудасна бiць у месца граху, граху! Якi грэх, я смяюся, дзе ён, дзе дабрачыннасць, яны прыгваздалi мяне да сцяны, сталёвыя пальцы сцiснулi скiвiцы, другiя прымусiлi разявiцца рот i выцягнулi мне язык, пакуль ён не залiўся крывёю, i нехта выў - цi не я? - крычаў дзiкiм, жывёльным крыкам, i тады па маiм языку прайшлася вострая i ласкавая свежасць, сапраўды, то была, нарэшце ўжо, свежасць. Калi я апрытомнеў, я быў адзiн, уначы, прытулены да сцяны, залiты загуслай крывёй, а ў роце была напханая жменя сухой травы, у якой быў нязвыклы i дзiўны водар, кроў больш не цякла, але ў роце нiшто не жыло, i ў гэтай пустэчы торкаўся толькi пакутлiвы боль. Я хацеў быў падняцца i ўпаў, шчаслiвы, безнадзейна шчаслiвы памерцi нарэшце, смерць таксама прыносiць свежасць, i ў смяротным сутоннi няма ўжо нiякiх багоў.
Читать дальше