Камю Альбер
Нямкi (на белорусском языке)
Альбэр Камю
Нямкi
Пераклаў Змiцер Колас
Была сярэдзiна зiмы, але над горадам, якi ўжо прачнуўся i рупiўся тысячай спраў, падымалася цёплае прамянiстае сонца. За дамбай просiнь мора гублялася ў блiскучым блакiце неба. Але Iвар не бачыў гэтага. Ён цяжка кацiў па бульвары, якi iшоў над портам. Яго пакалечаная нага нерухома ляжала на адмысловай педалi, якую ён прырабiў да ровара, а другая працавала за дваiх, перамагаючы каменны брук, вiльготны яшчэ ад начной расы. Ён ехаў не падымаючы галавы, увесь скурчыўшыся на сядле, i стараўся трымацца далей ад рэек, па якiх некалi хадзiў трамвай. Часам ён рэзка паварочваў руль, збочваў, каб прапусцiць машыны, што абганялi яго, i раз-пораз локцем адкiдаў за спiну торбу, у якую Фернанда паклала яму сняданак. У гэты момант ён з горыччу думаў пра тое, што ляжала ў гэтай торбе. Замест яго любiмага амлета па-гiшпанску цi смажанага на алеi бiфштэкса, мiж дзвюх скiбак хлеба там быў усяго толькi скрылiк сыру.
Дарога да майстэрнi яшчэ нiколi не здавалася яму такой доўгай. Ну але, ён таксама старэў. Хоць у свае сорак год ён па-ранейшаму быў сухарлявы i гнуткi, бы вiнаградная лаза, але мускулы сагравалiся ўжо не так хутка. Часам, чытаючы спартыўныя навiны, дзе трыццацiгадовага спартсмена называлi ветэранам, ён пацiскаў плячыма. "Калi гэта ветэран, - казаў ён Фернандзе, - дык мне ўжо, вiдаць, пара ў шпiталь на ложак". Але ён ведаў, што журналiст у пэўным сэнсе мае рацыю. У трыццаць год сiла пачынае ўжо непрыкметна слабець. А ў сорак, хоць на спачынак яшчэ не пара, не, але спакваля, загадзя да яго пачынаеш рыхтавацца. Цi не таму ён даўно перастаў глядзець на мора, калi ехаў праз увесь горад у бандарню? Калi яму было дваццаць, ён не мог на яго наглядзецца, мора прадказвала яму прыемны адпачынак на пляжы ў канцы працоўнага тыдня. Нягледзячы на кульгавасць, а можа, менавiта праз яе ён заўсёды любiў плаваць. Потым прайшлi гады, ён ажанiўся з Фернандай, нарадзiўся сын; каб зарабiць на хлеб, яму давялося па суботах дадаткова працаваць у бандарнi, а ў нядзелю браць заказы ў прыватнiкаў. Патроху ён адвыкся ад гэтых бурных дзён, што напаўнялi яго маладое цела жыватворным сокам. Глыбокая, чыстая плынь, спякотнае сонца, дзяўчаты, вольнае цела - у гэтым краi не было iншага шчасця. I яно адыходзiла разам з маладосцю. Iвар па-ранейшаму любiў мора, але цяпер мог глядзець на яго толькi ўвечары, калi блакiт бухты ўжо крыху згасаў. Гэта быў прыемны час, калi ён пасля працы сядаў на тэрасе свайго дома, трымаючы ў руцэ запацелую шклянку ганушоўкi. Хораша было адчуваць на сабе чыстую кашулю, так умела адпрасаваную Фернандай. Апускаўся вечар, неба ахiналася ў мяккую вынегу, i суседзi, якiя вялi з Iварам нейкую гамонку, раптам панiжалi голас. Ён не ведаў тады - цi ён шчаслiвы, цi - наадварот - яму хочацца плакаць. Прынамсi, у такiя хвiлiны ён замiраў у нейкiм супакаеннi, i яму заставалася толькi адно - чакаць, хоць ён i сам не ведаў чаго.
Але ранiцай, калi ён ехаў на працу, глядзець на мора ён цяпер не любiў. Яно, як i раней, заўжды выбягала яму насустрач, але iх спатканне пераносiлася толькi на самы вечар. Гэтым ранкам ён ехаў, панурыўшы галаву, i кожны метр дарогi даваўся яму цяжэй, чым звычайна, бо на душы ў яго таксама ляжаў цяжар. Калi ўчора ён вярнуўся ўвечары са сходу i сказаў, што заўтра яны зноў выходзяць на працу, Фернанда ўзрадавалася. "Што, - сказала яна, - значыць, гаспадар дае вам прыбаўку?" Але нiякай прыбаўкi гаспадар не даваў, забастоўка правалiлася. Яны дзейнiчалi дрэнна, гэта трэба было прызнаць. Прычынай забастоўкi была злосць, i тое, што прафсаюз паставiўся да яе без асаблiвага энтузiязму, было слушна. Дый нарэшце, паўтара дзесятка рабочых - не бог ведае што, прафсаюз прымаў ва ўлiк iншыя бандарнi, а тыя не падтрымалi. I крыўдаваць на iх за гэта не даводзiлася. Бандарная справа, якой пагражала будаванне налiўных суднаў i аўтацыстэран, была зусiм не на ўздыме. Барылаў i бочак рабiлi ўсё менш i менш, i ў асноўным займалiся рэпарацыяй старых вiнных чопаў. Вядома, уладальнiкi бандарань бачылi, што справы ў iх iдуць на глум, але прыбытак свой усё ж iмкнулiся захаваць, i сама простым для гэтага iм здавалася замарозiць заробак рабочых, не гледзячы на рост цэн. А што рабiць бондару, калi бандарства знiкае? Рамяство не памяняеш, калi палажыў столькi працы, каб яму навучыцца. А бандарства было рамяство цяжкае i патрабавала доўгай вывучкi. Рэдка знойдзецца такi бондар, якi здолее прыгнаць пукатыя клёпкi, амаль герметычна змацаваўшы iх на агнi i сцiснуўшы абручом, без дапамогi пакулля цi iншай ушчыльнёўкi. Iвар гэта ўмеў i ганарыўся гэтым. Памяняць рамяство - яшчэ нiчога, але адмовiцца ад таго, што ведаеш, ад свайго ўласнага майстэрства нялёгка. Прафесiя добрая, а працы няма, нiдзе не дзенешся - трэба прымiрыцца. Але i прымiрыцца таксама нялёгка. Няпроста трымаць язык за зубамi, не мець магчымасцi шчыра выказаць свае думкi i вось так, кожную ранiцу ездзiць на працу, згiнаючыся ад стомы, якая павялiчваецца кожны раз усё больш i больш, каб у канцы тыдня атрымаць тое, што табе зробяць ласку падаць - нейкiя мiзэрныя грашы, жыць на якiя ўсё цяжэй i цяжэй.
Читать дальше