Калi Маўглi вынырнуў, яго падтрымлiваў Каа, а з выступу скалы падалi ў раку, як гiры, вялiкiя глыбы, аблепленыя пчоламi, i як толькi глыба дакраналася да вады, пчолы ўзляталi ўгору, а труп сабакi, кружачыся, плыў унiз па цячэннi. Над скаламi раз-пораз чуўся раз'юшаны брэх, якi патанаў у гуле, падобным на гром, у гудзе крыльцаў Маленькага Народа Скалаў. Некаторыя сабакi звалiлiся ў яры, якiя злучалiся з падземнымi пячорамi, i там задыхалiся, бiлiся, ляскалi зубамi сярод абваленых сотаў i, нарэшце, ледзь жывыя, аблепленыя раямi пчол, выбягалi з якога-небудзь ходу да ракi, каб скацiцца ўнiз, на чорныя груды смецця. Некаторыя ўпалi на дрэвы, што раслi на скалах, i пчолы абляпiлi iх усiх чыста; але большасць, ашалеўшы ад пчалiных укусаў, кiдалiся ў ваду, а Вайнганга, як сказаў Каа, была прагная рака.
Каа моцна трымаў Маўглi, пакуль хлопчык не аддыхаўся.
- Нам нельга заставацца тут, - сказаў Каа. - Маленькi Народ разваяваўся не на жарты. Паплывём!
Трымаючыся глыбока ў вадзе i ныраючы як мага часцей, Маўглi паплыў унiз па цячэннi з нажом у руцэ.
Амаль палова чарады ўбачыла пастку, у якую трапiлi iх браты, крута павярнула ўбок i кiнулася ў ваду там, дзе цяснiна станавiлася шырэйшаю i пераходзiла ў крутыя берагi. Iхнi шалёны брэх i пагрозы "лясной малпе", якая давяла iх да такой ганьбы, змешвалiся з выццём i гырканнем сабак, якiх караў Маленькi Народ. Заставацца на беразе пагражала смерцю, i ўсе сабакi зразумелi гэта. Чараду зносiла па цячэннi ўсё далей i далей, да Затокi Мiру, але нават i туды сярдзiты Маленькi Народ ляцеў за сабакамi i заганяў iх у ваду.
Маўглi чуў голас бясхвостага важака, якi загадваў сваiм не адступаць i знiшчыць усiх сiянiйскiх ваўкоў.
- Хтосьцi забiвае ў цемры ззаду нас! - забрахаў адзiн з сабак. - Вада тут памутнела!
Маўглi нырнуў, кiнуўшыся ўперад, як выдра, зацягнуў сабаку пад ваду раней, чым той паспеў разявiць зяпу, i цёмныя, маслянiстыя плямы паплылi па Затоцы Мiру, калi цела сабакi, перавярнуўшыся на бок, выплыла з вады. Сабакi хацелi павярнуць назад, але плынь зносiла iх унiз. Маленькi Народ джалiў у галовы i вушы, а поклiч Сiянiйскай Чарады гучаў усё мацней i мацней у надыходзячай цемры. Маўглi зноў нырнуў, i зноў адзiн сабака пайшоў пад ваду i выплыў мёртвы, i зноў узняўся шум у тыле чарады - адны гарланiлi, што лепш выйсцi на бераг, другiя патрабавалi, каб важак вёў iх назад у Дэкан, астатнiя крычалi, каб Маўглi паказаўся iм i даў сябе забiць.
- Калi яны выходзяць бiцца, дык становяцца ў два разы больш злосныя i крыклiвыя, - сказаў Каа. - Астатняе зробяць твае браты там, унiзе. Маленькi Народ паляцеў на начлег, i я таксама пайду адсюль. Я не памагаю ваўкам.
Па беразе прабег воўк на трох нагах; ён то прытанцоўваў, то прыпадаў бокам да зямлi, то выгiнаў спiну i падскокваў футы на два ўгору, быццам забаўляўся са сваiмi ваўчанятамi. Гэта быў чужынец Вантала. Ён нi разу не вымавiў нi слова, але не спыняў свае страшныя скокi на вачах у сабак.
Сабакi доўга прабылi ў вадзе i ледзьве плылi: iхнiя шкуры намоклi i пацяжэлi, калматыя хвасты набрынялi, як губкi, а самi яны так стамiлiся i аслабелi, што моўчкi пазiралi на два палаючыя вокi, што неадступна праводзiлi iх.
- Кепскае гэта паляванне, - сказаў нарэшце адзiн з сабак.
- Добрага палявання! - сказаў Маўглi. Ён смела выскачыў з вады побач з iм i ўсадзiў доўгi нож яму пад лапатку, ды так, што сабака нават не аскiрзнуўся.
- Гэта ты, чалавек-воўк? - спытаў Вантала з берага.
- Запытайся ў мёртвых, Чужынец, - адказаў Маўглi. - Хiба яны не плывуць унiз па рацэ? Я ўволю накармiў гэтых сабак граззю, я ашукаў iх сярод белага дня, а iхнi важак застаўся без хваста, але ўсё ж i на тваю долю яшчэ хопiць. Куды iх гнаць?
- Я пачакаю, - сказаў Вантала. - Уся доўгая ноч перада мною, там паглядзiм.
Усё блiжэй i блiжэй чуўся брэх сiянiйскiх ваўкоў:
- За Чараду, за ўсю Чараду мы прымаем бой!
I нарэшце лукавiна Вайнгангi вынесла рудых сабак на пяскi i водмелi насупраць Сiянiйскiх Пячор.
Тут яны зразумелi сваю памылку. Iм трэба было выбрацца з вады раней i напасцi на ваўкоў на беразе. Цяпер было занадта позна. Па ўсёй водмелi свяцiлiся палаючыя вочы, i, апрача страшнага пхiялу, што не сцiхаў ад самага захаду сонца, у джунглях не чуваць было нi гуку. Збоку здавалася, быццам Вантала ўпрошвае сабак выйсцi на бераг. I важак сабак крыкнуў iм:
- Павярнiцеся i нападайце!
Уся чарада кiнулася да берага, расплюхваючы i распырскваючы мелкую ваду, так што паверхня Вайнгангi закiпела пенаю i вялiкiя хвалi пайшлi па рацэ, быццам узнятыя параходам. Маўглi рынуўся ў бойку, калоў i рэзаў сабак, што, збiўшыся ў кучу, нiбы хваля, павалiлi на ўзбярэжны пясок.
Читать дальше