На адным беразе ракi была маленькая пясчаная водмель не шырэй за пяць футаў, i на ёй грувасцiлiся горы смецця, што назбiралася за сотнi гадоў. Там ляжалi мёртвыя пчолы, адкiды, старыя соты, крыльцы матылькоў i жукоў, што паквапiлiся красцi мёд. Усё гэта зляжалася ў роўныя груды найтанчэйшага чорнага пылу. Аднаго вострага паху было дастаткова, каб адпудзiць кожнага, хто не мог лятаць i ведаў, што такое Маленькi Народ.
Каа плыў уверх па рацэ, пакуль не дабраўся да пясчанай водмелi каля ўвахода ў цяснiну.
- Вось здабыча гэтага года, - сказаў ён. - Глядзi!
На пяску ляжалi шкiлеты двух маладых аленяў i буйвала.
Маўглi бачыў, што нi воўк, нi шакал не кранулi касцей, якiя агалiлiся самi сабою, ад часу.
- Яны перайшлi мяжу, яны не ведалi, - прашаптаў Маўглi, - i Маленькi Народ забiў iх. Хадзем адсюль, пакуль пчолы не прачнулiся!
- Яны не прачнуцца да свiтанку, - сказаў Каа. - Цяпер я табе раскажу. Многа-многа дажджоў назад загнаны алень забег сюды з поўдня. Ён не ведаў джунгляў, а за iм па пятах гналася Чарада. Нiчога не бачачы ад страху, алень скокнуў з вышынi. Сонца стаяла высока, i пчол было вельмi многа, i вельмi злосных. I ў Чарадзе таксама было шмат такiх, якiя скочылi ў Вайнгангу, але ўсе яны памерлi, яшчэ не даляцеўшы да вады. Тыя, што не скочылi, таксама памерлi ў скалах наверсе. Але алень застаўся жывы.
- Чаму?
- Таму што ён бег наперадзе, скокнуў раней, чым Маленькi Народ пачуў яго, i быў ужо ў рацэ, калi яны сабралiся джалiць. А Чараду, што гналася за iм, усю чыста абляпiлi пчолы, якiх спудзiў тупат аленя.
- Той алень застаўся жывы? - у роздуме паўтарыў Маўглi.
- Прынамсi, ён не памёр тады, хоць нiхто не чакаў яго ўнiзе, гатовы падтрымаць на вадзе, як будзе чакаць чалавечка адзiн стары тоўсты, глухi, жоўты пляскатагаловы ўдаў - так-так, хоць бы за iм гналiся сабакi ўсяго Дэкана! Што ты на гэта скажаш?
Галава Каа ляжала на мокрым плячы хлопчыка, а яго язык трымцеў каля вуха Маўглi. Маўчанне цягнулася доўга, потым Маўглi прашаптаў:
- Гэта называецца тузаць Смерць за вусы, але... Каа, ты i праўда сама мудры ў джунглях.
- Так гаварыў шмат хто. Глядзi ж, калi сабакi пагоняцца за табою...
- А яны, вядома, пагоняцца! Хо-хо! У мяне пад языком назбiралася шмат калючак, знойдзецца што ўваткнуць iм у шкуру!
- Калi сабакi пагоняцца за табою, нi на што не зважаючы, гледзячы толькi на твае плечы, яны кiнуцца ў ваду або тут, або нiжэй, бо Маленькi Народ прачнецца i пагонiцца за iмi. А Вайнганга прагная рака, i ў iх не будзе Каа, каб утрымаць iх на вадзе, таму тых, хто застанецца жывы, панясе ўнiз, да водмеляў каля Сiянiйскiх Пячораў, i там твая Чарада можа схапiць iх за горла.
- О-о! Лепей i быць не можа, хiба толькi калi дажджы выпадаюць у сухмень. Цяпер застаюцца адны дробязi: прабег i скачок. Я зраблю так, што сабакi мяне пазнаюць i пабягуць за мною па пятах.
- А ты агледзеў скалы наверсе, з боку берага?
- I праўда, не агледзеў. Пра гэта я забыўся.
- Iдзi паглядзi. Там кепская зямля, уся няроўная, на ямах. Ступiш хоць раз сваёй нязграбнай нагой не гледзячы - i канец паляванню. Бачыш, я пакiдаю цябе тут i толькi дзеля цябе перадам вестачку тваёй Чарадзе, каб ведалi, дзе шукаць сабак. Мне твае ваўкi не радня.
Калi Каа не падабаўся хто-небудзь, ён бываў няветлiвы, як нiхто ў джунглях, за выключэннем, можа, Багiры. Ён паплыў унiз па рацэ i насупраць Скалы Рады ўбачыў Пхао i Акелу, якiя ўслухоўвалiся ў начныя гукi.
- Кшш, ваўкi! - весела аклiкнуў ён iх. - Рудыя сабакi паплывуць унiз па рацэ. Калi не баiцеся, можаце забiваць iх па водмелях.
- Калi яны паплывуць? - спытаў Пхао.
- А дзе маё дзiцяня? - спытаў Акела.
- Паплывуць, калi надумаюцца, - сказаў Каа. - Пачакайце i ўбачыце. А тваё дзiцяня, з якога ты ўзяў Слова i тым самым асудзiў яго на Смерць, тваё дзiцяня са мною, i калi яно яшчэ жывое, дык ты ў гэтым не вiнаваты, сiвы сабака! Чакай сваiх ворагаў тут i радуйся, што мы з дзiцянём на тваiм баку!
Каа зноў памчаўся стралой па рацэ i спынiўся на сярэдзiне цяснiны, пазiраючы ўгору на лiнiю скал. Неўзабаве ён убачыў, як на зорным небе паказалася галава Маўглi; потым у паветры штосьцi прашумела, i, падаючы нагамi ўперад, Маўглi шуснуў у ваду. Праз iмгненне ён ужо адпачываў у зручнай пятлi, падстаўленай Каа.
- Якi гэта скачок уночы! - абыякава сказаў Маўглi. - Я скакаў у два разы далей дзеля пацехi. Толькi вось наверсе кепскае месца: нiзкiя кусты i глыбокiя яры, i ўсё гэта бiтком набiта Маленькiм Народам. Я нагрувасцiў вялiкiя камянi адзiн на другi па краях трох яроў. Я спiхну iх нагою ўнiз, як буду бегчы, i Маленькi Народ, узлаваўшыся, узнiмецца ззаду ў мяне.
Читать дальше