- Гэта чалавечая хiтрасць, - сказаў Каа. - Ты мудры, але Маленькi Народ i так заўсёды злуецца.
- Не, на змярканнi ўсё крылатае засынае ненадоўга i тут i ўсюды. Я распачну гульню з сабакамi на змярканнi, бо ўдзень яны лепей бегаюць. Зараз яны гоняцца па крывавым следзе за Ванталам.
- Каршун Чыль не пакiне здохлага буйвала, а Дзiкi Сабака - крывавага следу, - сказаў Каа.
- Дык я павяду iх па новым следзе, - па iхняй жа крывi, калi ўдасца, i прымушу iх наесцiся гразi. Ты застанешся тут, Каа, пакуль я не вярнуся з маiмi сабакамi.
- Так, але што, калi яны заб'юць цябе ў джунглях або Маленькi Народ заб'е цябе раней, чым ты скочыш у раку?
- Калi я памру, - адказаў Маўглi, - тады i прыйдзе час спяваць Песню Смерцi. Добрага палявання, Каа!
Ён адпусцiў шыю ўдава i паплыў унiз па цяснiне, як плыве бервяно ў паводку, падграбаючы да далёкай водмелi i рагочучы ад радасцi. Больш за ўсё на свеце Маўглi любiў "тузаць Смерць за вусы", як гаварыў ён сам, i даваць джунглям адчуць, што ён тут гаспадар. З дапамогай Балу ён часта апаражняў пчалiныя дуплы i ведаў, што Маленькi Народ не любiць паху дзiкага часнаку. I таму ён нарваў невялiкi пучок часнаку, звязаў яго палоскай кары i пабег па крывавым следзе Ванталы, што вёў на поўдзень ад логава. Час ад часу ён пазiраў на дрэвы, схiлiўшы галаву набок, i пры гэтым пасмейваўся.
"Жабяняткам Маўглi я быў, - сказаў ён сам сабе, - Ваўчанём Маўглi я назваў сябе сам. Цяпер я павiнен зрабiцца Малпай Маўглi, перш чым стану Маўглi Аленем. А ўрэшце я стану Чалавекам Маўглi. Хо!" - I ён правёў вялiкiм пальцам па доўгiм лязе свайго нажа.
След Ванталы, вельмi прыкметны па цёмных плямах крывi, iшоў па лесе сярод тоўстых дрэў, якiя раслi тут блiзка адно ад аднаго, але на паўночны ўсход радзелi ўсё больш i больш. За дзве мiлi ад Пчалiных Скалаў лес канчаўся. Ад апошняга дрэва да нiзкiх кустоў каля Пчалiнай Цяснiны знаходзiлася адкрытае месца, дзе цяжка было б схавацца нават ваўку. Маўглi бег пад дрэвамi, прыкiдваючы на вока адлегласць ад галiны да галiны, iншы раз залазiў уверх па ствале i для пробы пераскокваў з аднаго дрэва на другое, пакуль не дабег да адкрытага месца, на агляд якога ён патрацiў цэлую гадзiну. Потым ён вярнуўся на след Ванталы, у тым жа месцы, дзе пакiнуў яго, залез на дрэва, адна з галiн якога далёка вытыркалася ўперад на вышынi футаў восем ад зямлi, павесiў пучок часнаку на развiлiну, спакойна ўсеўся i пачаў вастрыць нож аб босую падэшву.
Незадоўга да поўдня, калi сонца пачало моцна прыпякаць, Маўглi пачуў тупат ног i ўнюхаў агiдны пах сабачай чарады, якая ўпарта i бязлiтасна гналася за Ванталам.
Калi глядзець зверху, Дзiкi Сабака з Дэкана здаецца ў два разы меншы за ваўка, але Маўглi ведаў, якiя дужыя ў яго лапы i моцныя скiвiцы.
Разглядаючы вострую рудую пысу важака, якi абнюхваў след, ён крыкнуў яму:
- Добрага палявання!
Важак задзёр галаву, а яго спадарожнiкi стоўпiлiся ззаду, дзесяткi i сотнi рудых жывёлiн з падкурчанымi хвастамi, шырокiмi грудзьмi i худым азадкам. Дзiкiя сабакi звычайна вельмi маўклiвыя i няветлiвыя нават у сваiм родным Дэкане.
Пад дрэвам сабралася не менш дзвюх сотняў сабак, але Маўглi бачыў, што важакi прагна абнюхваюць след i стараюцца павесцi ўсю чараду ўперад. Гэтага нельга было дапусцiць, бо яны прыбеглi б да логаваў сярод дня, а Маўглi меў намер пратрымаць iх пад сваiм дрэвам да змяркання.
- З чыйго дазволу вы з'явiлiся сюды? - спытаў Маўглi.
- Усе джунглi - нашы джунглi, - быў адказ, i той, хто гэта сказаў, ашчэрыў белыя зубы.
Маўглi з усмешкай паглядзеў унiз, дасканала пераймаючы рэзкую траскатню Чыкаi, пацука-скакуна са стэпаў Дэкана: гэтым самым ён даваў сабакам зразумець, што лiчыць iх такiмi ж пацукамi. Чарада стоўпiлася вакол дрэва, i важак раз'юшана забрахаў, абазваўшы Маўглi малпай. Замест адказу Маўглi выставiў унiз голую нагу i паварушыў гладкiмi пальцамi якраз над галавой важака. Гэтага было дастаткова, i нават больш чым дастаткова, каб абудзiць тупую лютасць сабак. Тыя, у каго растуць валасы памiж пальцамi, не любяць, каб iм пра гэта напамiналi. Маўглi адхапiў нагу, калi важак падскочыў угору, i сказаў ласкава:
- Сабака, руды сабака! Вымятайся назад да сябе ў Дэкан есцi яшчарак. Iдзi да свайго брата Чыкаi, сабака, сабака, руды сабака! У цябе поўсць памiж пальцамi! - I ён яшчэ раз паварушыў нагою.
- Спусцiся ўнiз, пакуль мы не замарылi цябе голадам, безвалосая малпа! завыла чарада, а гэтага якраз i дамагаўся Маўглi.
Ён лёг, выцягнуўся ўздоўж сука i прытулiўся шчакою да кары, аслабанiў правую руку i хвiлiн пяць выдаваў сабакам усё, што ён пра iх ведае i думае: пра iх самiх, пра iхнiя норавы i звычаi, пра iх сябровак i шчанят.
Читать дальше