I ўсё ж мама навяла даведкi пра фiнансавы стан вашай сям'i: патрэбныя сувязi, дзякуй Богу, у яе былi амаль ва ўсiх асноўных банках. Радасць мая была бязмежнай, калi мацi мусiла прызнаць: фiрма Фандадэж, нягледзячы на некаторыя часовыя цяжкасцi, карыстаецца вялiкiм даверам i з ёю лiчацца самыя салiдныя ўстановы. "Яны маюць шалёныя грошы, - гаварыла мама, - але занадта ўжо шыкуюць. Усё трацяць на коней, на экiпажы, на чэлядзь. Не каб адкласцi, зберагчы, сэканомiць, а так... кiдаюцца грашыма, абы пускаць пыл у вочы..."
Звесткi, атрыманыя з банкаў, канчаткова пераканалi мяне, што прыйшла пара майго шчасця. Цяпер у мяне быў доказ бескарыслiвасцi тваiх блiзкiх: яны ўсмiхаюцца мне не таму, што хочуць мець нейкую выгаду ад мяне, а таму, што iм прыемна са мной. I нечакана мне здалося натуральным, што я магу падабацца ўсiм людзям, усiм без выключэння. Нам з табой дазвалялi разам бываць вечарамi, шпацыраваць па прыгожых алеях парка. Як крыўдна i балюча, што ў пачатку жыцця, калi чалавеку выпадае трохi шчасця, нiхто не папярэдзiць, нiхто не скажа яму: "Можа, ты дажывеш i да ста гадоў, але не зведаеш ужо нiколi больш радасцi, акрамя вось гэтых хуткаплынных дзён. Дык радуйся, цешся, пi да дна сваё шчасце, - больш рабiць гэта табе ўжо не давядзецца. Сустрэлася на тваёй пуцявiне крынiчка шчасця - помнi: яна першая i апошняя. Спатоль сваю смагу раз i назаўсёды, бо не пiць табе з яе больш нiколi..."
А я, наадварот, тады пераконваў сябе, што гэта толькi пачатак доўгага светлага жыцця, напоўненага радасцю i шчасцем. Як жа я не цанiў тых вечароў, калi мы з табой нерухома сядзелi на паркавай лаўцы пад дрымотнымi шатамi дрэў!..
Але ўжо i тады былi невыразныя прыкметы бяды, толькi я iх не ўмеў разгадаць. Помнiш тую цёмную ноч, калi мы сядзелi з табой на лаўцы ля дарогi, што вядзе да водалячэбнiцы ў горы? Раптам, без дай прычыны, ты горка заплакала. Як цяпер помню я пах тваiх шчок, па якiх сцякалi гарачыя слёзы, слёзы невядомай мне трывогi. Я думаў, што ты плачаш ад шчасця. Праз сваю маладосць iнакш я i не мог растлумачыць сабе гэтых слёз. Праўда, ты яшчэ i супакоiла мяне: "Нiчога, нiчога, гэта таму, што я побач з вамi..."
I ты не ашуквала мяне, манюка! Ты сапраўды плакала таму, што была побач са мной, а не побач з другiм, чыё iмя сарвалася з тваiх вуснаў праз некалькi месяцаў вось у гэтым пакоi, дзе я цяпер пiшу сваёй старэчай рукой. А вакол мяне - мая мiлая сямейка, якая толькi i чакае моманту паклiкаць святара i рынуцца да маiх грошай.
Але што мог я падазраваць у той вечар? Я быў на вяршынi шчасця i тулiўся да твайго пляча, да тваёй тоненькай шыйкi i ўдыхаў у сябе свежы, чысты водар, якi iшоў ад маёй маленькай пакутнiцы. Цёплая вiльготная пiрэнейская ноч пахла мокрай травой, мятай i... табой. На плошчы каля водалячэбнiцы лiхтары высвечвалi лiсце старых лiп. Стары ангелец з нашага атэля лавiў сачком начных матылёў, якiя зляталiся на святло. Ты сказала мне: "Дайце, калi ласка, насавую хустачку..." Я выцер твае слёзы i схаваў насоўку сабе за пазуху.
Я стаў зусiм iншым чалавекам. Iншым чалавекам - i гэтым усё будзе сказана. Светлы прамень надзеi i шчасця дакрануўся да мяне. Я адчуваў гэта па позiрках жанчын. Пасля таго вечара, пасля тваiх слёз я не сумняваўся ў гэтым. А колькi пасля было вечароў, калi ты ўся свяцiлася радасцю, даверлiва брала мяне за руку i прыцiскалася да мяне. Магчыма, я надта хутка iшоў да свайго шчасця, i ты задыхалася, не паспявала за мной. Але я быў цнатлiвым жанiхом. Ты абудзiла ў маёй iстоце ўсе пачуццi, i нiколi ў мяне не ўзнiкала спакуслiвая думка, што можна злоўжыць даверам да мяне тваiх бацькоў. Тым больш не магло мне прыйсцi ў галаву, што за гэтым даверам хаваецца разлiк.
Так, я быў iншым чалавекам. I вось аднойчы... З той пары мiнула сорак гадоў, i я нарэшце магу табе ў гэтым прызнацца. Вядома, не дзеля таго, каб зрабiць табе прыемнае. Дык вось, гэта здарылася па дарозе ў далiну Лiлей. Мы iшлi пешшу. У рэчцы цурчала вада. У руцэ ў мяне была сцяблiнка палявога кропу. Унiзе, пад намi ўжо змяркалася, а на вяршынях яшчэ ззяў сонечны бляск... I раптам мяне ахапiла вострае адчуванне, не - амаль фiзiчная ўпэўненасць, што iснуе нейкi iншы свет, iснуе рэальна, канкрэтна, але мы ведаем, бачым толькi цень яго...
Гэтае адчуванне прыйшло да мяне толькi на адно iмгненне, i за ўсё маё сумнае жыццё больш нiколi не паўтаралася. Але сама незвычайнасць гэтага пачуцця надавала яму яшчэ большую значнасць у маiх вачах. I таму пазней, калi рэлiгiйныя спрэчкi пачалi раз'ядаць нашы з табой адносiны, я заўсёды адганяў ад сябе ўспамiн пра гэта. Я хацеў табе прызнацца, што... Аднак не прыйшоў яшчэ час гаварыць пра гэта.
Читать дальше