I тады шчаслiвая мама адкрыла мне поўную карцiну наконт нашых фiнансавых спраў. Зрэшты, яна не павiнна была рабiць гэтага (большая частка нашай маёмасцi была яе пасагам i належала асабiста ёй). Пяцьдзесят тысяч франкаў гадавога даходу ды яшчэ грошы, што даваў нам лес, - "кругленькая" сума на той час, тым больш у правiнцыi!.. На маiм месцы кожны малады чалавек паспрабаваў бы скарыстаць такiя грошы i прабiцца ў колы мясцовай элiты. Нельга сказаць, што ў мяне не хапала амбiцый, але мне ледзьве ўдавалася хаваць ад сваiх таварышаў з юрыдычнага факультэта сваю варожасць i непрыязнь да iх.
Амаль усе яны былi сынкамi з арыстакратычных сем'яў, выхоўвалiся ў езуiтаў, а я вучыўся ў звычайным лiцэi, дзед мой быў пастухом; я не мог iм дараваць сваёй зайздрасцi да iх манер. Супакойвала трохi толькi тое, што па сваiх разумовых здольнасцях, як мне, здавалася, гэтыя маладыя франты стаялi нiжэй за мяне. Зайздросцiць нiкчэмным пiжонам i адначасна пагарджаць iмi!.. Такое ганебнае дваiстае пачуццё можа атруцiць чалавеку жыццё. А я зайздросцiў iм, пагарджаў iмi, i iх спакойная высакамернасць яшчэ больш распальвала маю нянавiсць. Вось такi ў мяне характар. Я i ў думках не мог сабе дапусцiць, што можна было б паспрабаваць заваяваць iх сiмпатыi, - наадварот, з кожным днём я ўсё больш зблiжаўся з iх працiўнiкамi. Нянавiсць да рэлiгii, якая так надоўга ахапiла мяне, прынесла табе столькi пакут i назаўсёды зрабiла нас ворагамi, гэтая нянавiсць нарадзiлася на юрыдычным факультэце ў 1879 i ў 1880 гадах, калi абмяркоўваўся сёмы артыкул вядомага дэкрэта* i калi выгналi з Францыi езуiтаў.
* У 1879 г. сенатар Жуль Фера ўнёс у сенат законапраект аб вышэйшай адукацыi, паводле якога езуiтам забаранялася кiраваць навучальнымi ўстановамi i весцi там навучанне. У 1880 г. гэты законапраект абмяркоўваўся ў сенаце, пасля чаго быў прыняты закон аб выгнаннi езуiтаў з краiны.
Да таго часу пытаннi рэлiгii мяне зусiм не цiкавiлi. Ад мацi я пра iх нiчога не чуў, хiба што вось толькi гэта: "Я зусiм спакойная перад судом божым. Калi ўжо такiя людзi, як мы, не выратуюцца, то тады нiкому не будзе паратунку". У маленстве яна мяне ахрысцiла. Я хадзiў да першага прычасця яшчэ ў лiцэi, але гэтая цырымонiя здалася мне тады сумнай, непрыемнай, i ад яе застаўся ў мяне толькi цьмяны ўспамiн. Ва ўсякiм разе, больш я ўжо нiколi не прычашчаўся, i ва ўсiм гэтым быў поўным невукам. У дзяцiнстве, сустракаючы на вулiцы святароў, я глядзеў на iх, як на пераапранутых людзей з карнавальнага шэсця. Я нiколi не задумваўся над рэлiгiйнымi праблемамi, а калi нарэшце сутыкнуўся з iмi, то толькi з пункту гледжання палiтыкi.
Я заснаваў студэнцкi гурток. Мы збiралiся ў "Кавярню Вальтэра", дзе я практыкаваўся ў красамоўстве. Сарамлiвы ў асабiстым жыццi, я рабiўся зусiм другiм чалавекам у час публiчных выступленняў. У мяне з'явiлiся прыхiльнiкi. Мне было прыемна быць iх завадатарам, а любiў я iх не больш, чым багатых буржуа. Я злаваўся на iх, калi яны прастадушна выяўлялi свае мiзэрныя iмкненнi i прымушалi мяне лiшнi раз зразумець, што i я сам недалёка адышоўся ад гэтых сыноў дробных чыноўнiкаў. Усе яны вучылiся на стыпендыю, былi разумныя i прагныя да славы. Але ўсе яны былi атручаны зайздрасцю i злосцю. Перада мной яны хутчэй лiслiвiлi, а не любiлi мяне. Зрэдку я частаваў iх у рэстаране. Для iх гэта было сапраўднай падзеяй, пра якую потым доўга ўсе гаварылi. Але мне абрыдзелi iх манеры. Здаралася, я не мог утрымацца ад злоснай насмешкi, якая для кагосьцi была амаль смяротнай ранай, што доўга потым ныла ў сэрцы.
Мая нянавiсць да рэлiгii была па сутнасцi шчырай. У нейкай ступенi закранала мяне i iмкненне да сацыяльнай справядлiвасцi. Я прымусiў мацi знесцi глiнабiтныя халупы, дзе жылi нашы арандатары, якiя харчавалiся чорным хлебам ды маiсавай кашай. Упершыню яна паспрабавала запярэчыць мне: "Ты думаеш, яны падзякуюць табе?"
Але больш у гэтым кiрунку я нiчога не зрабiў. Я пакутаваў ад разумення таго, што я аб'яднаны з сваiмi працiўнiкамi адзiнай прагай да грошай i зямлi. Ёсць клас уласнiкаў i ёсць беднякi. I мне стала ясна, што я назаўсёды застануся на баку ўласнiкаў. Капiтал у мяне не меншы, а можа, i большы, чым у гэтых ганарыстых арыстакратаў, якiя, як мне здавалася, адварочвалiся, заўважыўшы мяне, i якiя, напэўна ж, пацiскалi б мне руку, калi б я падаваў яе iм. Дарэчы, i правыя, i левыя не раз на публiчных сходах папракалi мяне за мае дзве тысячы гектараў лесу i вiнаграднiкi...
Даруй мне, што я так маруджу. Але без гэтых падрабязнасцей табе было б цяжка зразумець, чым была для маёй уражлiвай скалечанай душы наша сустрэча з табой i наша каханне. Я, сялянскi сын, чыя мацi "хадзiла ў хусцiнцы", раптам стаў жанiхом мадмуазэль Фандадэж. Гэта пераходзiла гранiцы самай багатай фантазii. Гэта было неверагодна...
Читать дальше