* Аўтар, вiдаць, мае на ўвазе Зiгмунда Фрэйда (1856-1939), заснавальнiка тэорыi псiхааналiзу.
Дарагая Iза, я расказваю пра гэты выпадак зусiм не дзеля таго, каб выклiкаць у цябе запозненае захапленне маiм талентам, якога ты не адчувала ў днi маёй славы, калi газеты ўсяго свету друкавалi артыкулы пра мяне i змяшчалi мой партрэт. Справа тут у iншым. Поўная твая абыякавасць у той урачысты момант майго жыцця вельмi наглядна паказала мне, якi я табе чужы i непатрэбны. А ў гэты самы час перад маiмi вачыма стаяў прыклад жаночага самаахвярнага кахання, - за турэмнымi кратамi я бачыў жанчыну, якая ахвяравала сабой не так дзеля таго, каб адвесцi бяду ад свайго дзiцяцi, а каб уратаваць сына свайго мужа, спадчыннiка яго iмя. Не хто iншы, як ён, ахвяра, упрошваў сваю жонку: "Вазьмi вiну на сябе..." У сваiм каханнi яна пайшла да канца i хацела пераканаць увесь свет, што яна - злачынка, яна хацела застрэлiць чалавека, якi быў ёй даражэйшы за ўсiх на свеце. I паклiкала яе на гэта не мацярынская, а шлюбная любоў... (Падзеi, якiя адбылiся пасля, поўнасцю пацвердзiлi гэта: яна пакiнула сына i заўсёды знаходзiла прычыны, каб быць далёка ад яго.) А магла ж якая-небудзь жанчына пакахаць мяне так, як кахала Вiльнаў жонка. Я многа разоў бачыўся з iм, калi вялося следства. Чым ён лепшы за мяне? Даволi прыгожы, прыстойны мужчына, але не сказаць, каб вельмi разумны, - гэта даказваецца яго варожымi адносiнамi да мяне пасля працэсу. А я быў таленавiты. Апынiся тады побач са мной адданая мне жонка, якiх бы толькi вышынь я не дасягнуў! Але адзiнокаму чалавеку цяжка, немагчыма ўвесь час верыць у сябе. Нам патрэбна, каб побач з намi быў сведка нашай сiлы, каб ён адзначаў нашы ўдачы, няўдачы, падлiчваў ачкi, а ў днi нашых перамог увенчваў нас лаўрамi, - як некалi ў школе, атрымлiваючы пахвальны лiст, я шукаў у натоўпе маму, i пад гукi ваеннага аркестра яна ўскладала на маю галоўку залаты лаўровы вянок.
У час працэсу Вiльнаў мамiна здароўе моцна пагоршала. Я не адразу заўважыў гэта. Першай прыкметай упадку была яе нечаканая любасць да маленькага чорненькага сабачкi, якi пачынаў утрапёна брахаць, як толькi хто наблiжаўся да мамы. Кожны раз, калi я наведваў маму, яна толькi i ведала, што гаварыла пра гэтага сабачку.
Зрэшты, мамiна пяшчота не магла замянiць мне таго кахання, якое выратавала б мяне на самым галоўным павароце майго жыцця. Была ў мамы адна загана, якую разам з кроўю перадала яна i мне: прага да грошай. Яна ўгаварыла мяне не пакiдаць адвакатуры, дзе, як яна казала, "можна зарабiць добрыя грошы". А мяне вабiла лiтаратурная дзейнасць. I мяне запрашалi супрацоўнiчаць у газетах, часопiсах... На выбарах левыя партыi прапаноўвалi мне вылучыць сваю кандыдатуру ў парламент ад акругi Ля-Бастыд (чалавек, якi пасля маёй адмовы даў згоду балацiравацца, прайшоў без нiякiх цяжкасцей). Але я не паддаўся свайму славалюбству, таму што хацеў мець "добрыя грошы".
Ды i ты сама, Iза, гэтага хацела, i ты дала мне зразумець, што нiколi не пакiнеш правiнцыi. Вядома, калi б ты кахала мяне, ты б даражыла i маёй славай. I ты падказала б мне, што ўмельства жыць у тым i ёсць, каб ахвяраваць нiзкiмi, дробнымi iнтарэсамi дзеля высокай мэты. Бязглуздыя журналiсты пачынаюць шумiху, калi пранюхаюць, што нейкi адвакат, атрымаўшы дэпутацкае крэсла цi мiнiстэрскi партфель, спрабуе сёе-тое перахапiць сабе ў кiшэню. А было б лепш, каб панове газетчыкi выказвалi сваё захапленне паводзiнамi тых дзелавых людзей, якiя ўтаймавалi свае пачуццi, адмовiлiся ад славы палiтычнага дзеяча i занялiся такой справай, якая прыносiць найбольшы даход. Калi б ты кахала мяне, ты вылечыла б мяне ад гэтай маёй сквапнасцi. А так усё жыццё для мяне iснавала толькi адно - чысты прыбытак. Я ганяўся за буйной, сярэдняй i нават дробнай здабычай i добра ведаў, куды i як патрацiць кожны франк. Ды што там! "Зарабiць добрыя грошы" - вось што было маей адзiнай уцехай. Мара i мэта кожнага крамнiка.
Вось i ўсё, што ў мяне засталося, - грошы, нажытыя маёй працай за доўгiя i цяжкiя гады. Даўно вы точыце зубы на гэтыя грошы!.. Ах, як палохае мяне нават думка, што яны апынуцца ў вашых кiшэнях пасля маёй смерцi! Я гаварыў у пачатку гэтага пiсьма, што зрабiў адпаведныя захады, каб вам нiчога не дасталося. I там жа даў табе зразумець, што я адмовiўся ад гэтай помсты... Але я не ведаў тады, што мая нянавiсць да вас мае свае прылiвы i адлiвы. То яна адхлыне - i я мякчэю... То зноў навальваецца - i брудная хваля захлiствае мяне...
З сённяшняга дня, калi вы хацелi абабраць мяне дзеля вашага Фiлi i калi я ўбачыў, як вы ўсе сабралiся на верандзе i сачылi за мной, мяне не пакiдае карцiна дзяльбы маёй спадчыны. Вось дзе будзе сцэна! Вы, як сабакi, будзеце грызцiся за мае землi i каштоўныя паперы... Землi вы атрымаеце. А вось каштоўных папер ужо няма. Так, так, тыя самыя каштоўныя паперы, пра якiя я гаварыў на першай старонцы гэтага пiсьма, я прадаў на мiнулым тыднi. I добра зрабiў, што збыў iх з рук: з таго часу курс акцый на бiржы падае з кожным днём. Усе караблi тонуць i iдуць на дно, калi я пакiдаю iх. Я нiколi не памыляюся. I вось цяпер у мяне мiльёны, мiльёны чысценькiмi... Вы iх таксама атрымаеце... Калi я захачу... Але бываюць днi, калi я гавару сабе: "Нi франка я вам не дам!"
Читать дальше