- Не, пакуль быў жывы Антуан. Каб яму дагадзiць, я прымала абы-каго... Яно мне больш даспадобы сустракацца з паэтамi, крытыкамi, але толькi разам з iм...
Ён запытаў, цi бачыла яна на гэтым могiльнiку помнiкi Сэнт-Бёву, Бадлеру. Яна яшчэ не бачыла, i ён узяўся яе праводзiць. Помнiкi здалiся ёй брыдкiмi.
- О не! - запярэчыў ён. - На кожным адбiтак сваёй эпохi.
Прагулка зацягнулася. Яны з такiм запалам абмяркоўвалi розныя пытаннi, што не заўважылi, як напаўзлi хмары i здалёку загрукатаў гром. Наблiжалася навальнiца. Каля брамы iх захапiў дождж.
- Я вазьму таксi, - сказала яна. - Тут на рагу стаянка.
- I я таксама. Гэта ўжо не лiвень, а патоп.
Яны пайшлi шпарка, потым, калi намокла адзежа, пабеглi. На стаянцы было ўсяго адно таксi.
- Сядайце хутчэй, - прамовiў ён.
- Авы?
- Я пачакаю. Скора пад'едзе другая машына.
- У такi час? Наўрад. Можа б я вас падвезла?
- Вам куды?
- Дадому. Праспект Моцарта.
- Якое супадзенне! Я жыву па суседству, вулiца Помп. Так што, дазвольце, я вас завязу.
Яны заспрачалiся, кожны хацеў услужыць другому. Нарэшце яна згадзiлася i дала свой адрас. Сеўшы разам у машыну, яны адчулi няёмкасць, пасунулiся ў розныя бакi i доўга маўчалi. Яму прыпомнiўся выпадак, калi аднойчы вечарам ён праводзiў пяшком знаёмую настаўнiцу з лiцэя i Люсiль iх бачыла. Яна вельмi злавалася:
"Каб я вас не сустрэла, ты б мне прызнаўся?"
Ён адказаў: "Вядома. Ёй стала нядобра, i яна прычапiлася. Я ж не мог яе пакiнуць... Мiж iншым, яна на дваццаць гадоў старэйшая за цябе".
"Гэта нiчога не даказвае. Яна яшчэ мае выгляд".
"Што б ты сказала зараз, - маўклiва запытаў ён у думках. - Мне здаецца, што гэта ты сядзiш каля мяне i грудзi твае аблягае чорная кофтачка... Брыдка! Сорамна!.. Такое адчуванне, нiбы я ўваскрасаю!.. Ах, як ты мне патрэбна!" - I ён уздыхнуў.
Дама зiрнула на яго спагадлiва i журботна:
- Вы няшчасны, - сказала яна. - Мы абое няшчасныя.
- Вы адна жывяце?
- Адна... Ёсць яшчэ старая служанка Амелiя. О! Цудоўная жанчына! Яна ўзгадавала майго мужа. Гаспадыня ў доме... А вы?
- Таксама адзiн. Ранiцай прыходзiць работнiца i ў пяць гадзiн канчае, пакiнуўшы халодны абед.
Яму цяжка было гаварыць, хаваючы свае сапраўдныя думкi i стрымлiваючы пачуццi, абуджаныя яе прысутнасцю. Выглянула сонца, i заблiшчаў пазалотаю Дом Iнвалiдаў.
- Якое хараство! - прашаптаў ён. - Мабыць, вам, як i мне, балюча i крыўдна, што свет па-ранейшаму прыгожы нават тады...
Яна яго падтрымала з запалам:
- Якраз гэта я i адчуваю.
Ён запытаў, цi кожны тыдзень яна прыязджае на таксi.
- Так... у мяне ж кветкi. Калi быў жывы мой чуж, у нас была свая машына, але толькi ён адзiн умеў яе вадзiць.
- Я таксама бяру таксi, i па той жа прычыне...
Ён доўга не адважваўся, нарэшце прамовiў цiха i асцярожна:
- Яно, можа... нарэшце... Гэта здасца вам дзiўным, але ж у нас аднолькавы маршрут i той самы дзень... цi не маглi б мы браць таксi адно на дваiх? Я б заязджаў па вас.
- Вельмi далiкатна з вашага боку... Але я не хачу, каб Амелiя... Бог ведае, што яна падумае, убачыўшы, што я еду разам з вамi.
- А мы зробiм наадварот. Таксi возьмеце вы каля свайго дома i заедзеце па мяне. Я вас буду чакаць.
- Гэта ўжо лепш. Але нябожчыкi... Цi згодзяцца яны, цi дазволяць нам?
- А чаму не? Мы ж гэта, каб выканаць наш агульны абавязак. Мы ж iх любiм, шануем...
- Я падумаю. Ва ўсякiм разе я не дазволю, каб вы плацiлi за таксi.
- Ну, гэта можна ўладзiць. Мы падзелiм выдаткi, калi нельга iначай.
- Пабачым, - сказала яна. - Вось я i прыехала.
Яна скiнула пальчатку i працягнула яму руку, белую, тонкую, з пярсцёнкам на пальцы.
У наступны чацвер яны прыйшлi на могiлкi кожны са свайго боку, потым, не дамаўляючыся, сустрэлiся на вулiцы, разам дайшлi да стаянкi i селi ў адно таксi. Па дарозе яна сказала: "Я абдумала вашу шчырую прапанову. Мне здаецца, яе можна прыняць. Яно сапраўды неразумна кожны раз плацiць за два таксi. I мне з вамi добра. Праз тыдзень я заеду па вас".
Гэта стала ў iх як абрад. Яна прыязджала на вулiцу Помп з кветкамi на каленях, ён стаяў на ганку з букетам у руцэ. Таксi спынялася, Эцьен садзiўся. Яны вырашылi не даязджаць да брамы могiльнiка, а выходзiць на рагу, дзе iх не маглi бачыць вартаўнiкi. Яны iшлi паасобку, на пэўнай адлегласцi, перад гэтым па-змоўнiцку шапнуўшы адно аднаму "да скорага пабачэння".
Пасля некалькiх сумесных падарожжаў яны гаварылi ўжо аб усiм. Спачатку тэмай для размовы былi кветкi. Абое любiлi летнiя, асаблiва набор палявых васiлькi са сцяблiнкамi зялёнага аўса. Цяпер яны складалi букеты для сваiх нябожчыкаў, вядома, i, мабыць, крыху для самiх сябе.
Читать дальше