- Ага... Вас, месье, гэта таксама датычыцца.
Эцьен, з букетам у руках, падышоў да вартаўнiка.
- Што тут такое?
- Ды вось гэтая жанчына крадзе кветкi, i я яе сёння злавiў... Так, так, мадам... Яна брала ў вас i ў вас таксама, месье... Я сачу за ёю некалькi тыдняў, нарэшце злодзей папаўся.
Маладая дама была ўзрушана.
- Адпусцiце яе, - папрасiла яна. - Для мяне гэта не мае нiякага значэння. Кветкi павялi: я ж i прыйшла сюды, каб iх перамянiць.
- Павялi... але ж не ўсе, - сказаў вартаўнiк. - Яна выбiраць умее, з кожнага букета выцягне што лепшае. Вы адно гляньце нумар сто сёмы, восьмая дзялянка, пабачыце яе гаспадарку. Там поўная шклянка ландышаў, i ўсё задарма, паверце. Адусюль напрыносiла.
- Што ж тут дрэннага? - прамовiла дама. - Яна ж iмi не гандлюе.
- Чаму вы гэта робiце? - спытаў, разглядваючы бабулю, Эцьен, i тая апусцiла вочы. Выгляд у яе быў даволi iнтэлiгентны.
- Чаму вы гэта робiце? - паўтарыў ён. - У вас няма грошай купiць кветак? Праўда?
Бабуля падняла галаву:
- Вядома, праўда... А вы як думалi?.. Думаеце, iншая прычына?.. Што б вы, скажам, рабiлi, мадам, каб тут у вас была магiла сына... а ваш муж такi скнара, што шкадуе вам пучка фiялак, калiва ландышаў?.. А? Што б вы рабiлi?
- Тое самае, што i вы, - смела падтрымала бабулю дама ў чорным.
- Яно так, - сказаў вартаўнiк, - але iснуюць правiлы.
Ён зняў шапку i, адпусцiўшы старую, растлумачыў Эцьену:
- Бачыце, месье... Вы, напэўна, служылi ў армii?.. Правiлы ёсць правiлы. Я не горшы за iншых... але мой абавязак...
- Абы нiхто не скардзiўся, - заўважыў Эцьен. - Мадам i я прыходзiм сюды ў чацвер i мяняем кветкi. А калi з таго, што мы прынеслi тыдзень таму назад, можна яшчэ нешта выбраць, тым лепш!
- Ну што ж, - згадзiўся вартаўнiк, - калi вам добра, дык i ўсiм добра...
I, павярнуўшыся да злашчаснай бабулi, прамовiў:
- Iдзiце, я вас не трымаю.
Эцьен даў старой трошкi грошай, дама ў чорным таксама нешта дала. Потым Эцьен пайшоў да магiлы Люсiлi, каб там, як заўсёды, марыць аб мiнулым. Але, усхваляваны здарэннем, на гэты раз не мог сабрацца з думкамi. Дарагiя вобразы, якiя ён прабаваў уявiць, расплывалiся i знiкалi. Калi дама ў чорным выйшла на алею, ён рашуча дагнаў яе.
- Я вельмi вам удзячна, - сказала яна. - Як добра, што вы з'явiлiся! У мужчыны больш аўтарытэту.
- Бедная жанчына! Мы з вамi разумеем, як, можа, нiхто, гэту яе натуральную патрэбу чым-небудзь дагадзiць, прынесцi хоць маленькую ахвяру любiмай iстоце.
- Так, - сказала яна. - Гэта робiцца i для iх i для сябе.
- Каб захаваць iх жывымi ў душы.
Яна зiрнула на яго са здзiўленнем i падзякай.
- Вы адчуваеце тое самае, што i я. Мiж iншым, я даўно заўважыла, з якiм замiлаваннем... выбiраеце вы кветкi. Вы вельмi любiлi сваю жонку, месье Карлю?
- Вы ведаеце маё прозвiшча!
- Нейк раз, калi вас не было, я пацiкавiлася глянуць i даведалася, што яна памерла ў дваццаць сем гадоў... Гэта жахлiва.
- Жахлiва! Яна была такая цудоўная... прыгожая, ласкавая, разумная...
- Гэтак жа i ў мяне. Я страцiла мужа найлепшага ў свеце... Сапраўды, я не ведаю, цi была дзе жанчына, якую любiлi б так пяшчотна, так уважлiва ахоўвалi... Парой аж занадта... Антуан рабiў для мяне ўсё, i яго смерць катастрофа, крушэнне маiх надзей.
- Памерцi такiм маладым! Даруйце, не буду таiцца, што... спачуваючы вам, я таксама прачытаў надпiс. Там было: 1891-1928... Як гэта здарылася?
- Аўтамабiльная аварыя... Яго прынеслi да мяне без памяцi вечарам... Ранiцай я была такая шчаслiвая... Яго збiралiся прызначыць начальнiкам праўлення. А вечарам...
- Ён быў служачы?
- Не... Буйны завод хiмiчнай вытворчасцi. У трыццаць сем гадоў ён трэцяя асоба на прадпрыемстве. I хутка стаў бы поўным гаспадаром.
- У вас ёсць дзецi?
- Няма. I гэтай уцехi няма.
Яны падышлi да галоўнай брамы. Старшы вартаўнiк, кланяючыся iм, ухмыльнуўся.
- Бач ты iх! - сказаў ён свайму памочнiку, калi тыя былi ўжо на вулiцы. Справа наладжваецца... Як ты думаеш?
У наступны чацвер, нiбы дамовiўшыся зараней, пасля наведвання магiл яны вярталiся разам па той жа алеi. Эцьен расказваў пра сваё жыццё. Ён старшы выкладчык у адным з парыжскiх лiцэяў, пiсьменнiк. Яму прапанавалi кiраваць крытычным аддзелам у часопiсе.
- Калi памерла мая жонка, я пачаў пiсаць п'есу. Але ў мяне не хапае духу займацца драматургiяй.
- А трэба, - адазвалася дама. - Ваша жонка хацела б гэтага.
Ён ажывiўся:
- О! Бясспрэчна! Яна мяне натхняла: яна верыла, што тэатр - маё прызванне.
Мадам Канстан прызналася, што таксама любiць тэатр. Лiтаратуру вывучала грунтоўна: бакалаўр, i ёсць ужо кандыдацкая па-ангельску.
- Выдатна, выдатна!.. А дзелавое асяроддзе вам не надакучыла?
Читать дальше