Ён паказаў рукою за акно, дзе клубiлася завiруха. Я хацеў узяць грошы, але гандляр, вiдаць, штосьцi прыпомнiўшы, выхапiў у мяне камiзэльку i пачаў хутка правяраць яе кiшэнькi.
- Чаго ты там шукаеш?
- Можа, пакiнуў што ў кiшэнi, не памятаю! - сказаў ён найзвычайнейшым тонам i, вяртаючы мне камiзэльку, дадаў:
- Цi не даложыць пан дабрадзей хоць дзесятачку?..
- Бывай здароў! - сказаў я, адчыняючы дзверы.
- Нiзенькi пану паклон!.. Дома ў мяне ёсць яшчэ вельмi добрае футра...
I яшчэ з-за парога, вытыркнуўшы галаву, спытаўся:
- А можа, вяльможны пан загадае прынесцi авечых сыркоў?..
Хвiлiн праз некалькi ён зноў гукаў на дварэ: "Гандаль! Гандаль!.." Калi ж я выглянуў у акно, ён пакланiўся мне з сяброўскай усмешкай.
Снег пайшоў такi спорны, што амаль сутонiлася. Я палажыў камiзэльку на стале i задумаўся - то пра суседку, што выйшла за браму, невядома куды, то пра пакоiк, апусцелы побач з маiм, то зноў пра ўладальнiка камiзэлькi, снег над якiм уздымаецца, нарастае ўсё таўсцейшым пластом...
Толькi тры месяцы таму назад я чуў, як яны ў светлы вераснёўскi дзень гутарылi мiж сабой. У маi яна аднойчы нават напявала штосьцi, ён смяяўся, чытаючы "Святочны кур'ер". А сёння...
У нашу камянiцу яны перабралiся ў пачатку красавiка. Уставалi даволi рана, пiлi чай з бляшанага самавара i разам выходзiлi ў горад. Яна даваць урокi, ён - у кантору.
Гэта быў дробны чыноўнiчак, якi на сваiх начальнiкаў аддзелаў глядзеў з такiм здзiўленнем, як падарожнiк на Татры. Затое павiнен быў шмат працаваць, цэлымi днямi. Бывала, я назiраў яго i апоўначы, каля лямпы, згорбленага над столiкам.
Жонка звычайна сядзела каля яго i шыла. Часамi, зiрнуўшы на мужа, яна перапыняла працу i гаварыла, як быццам штосьцi нагадваючы:
- Ну, хопiць ужо, лажыся спаць.
- А ты калi ляжаш?
- Я... вось толькi кончу некалькi шыўкоў...
- Ну... дык i я напiшу некалькi радкоў...
Зноў абое схiлялiся i рабiлi кожны сваё. I зноў праз нейкi час яна гаварыла:
- Лажыся!.. Лажыся!..
Часамi на словы яе адказваў мой гадзiннiк, б'ючы першую гадзiну.
Людзi гэта былi маладыя, нi прыгожыя, нi брыдкiя, наогул спакойныя. Наколькi я памятаю, яна была значна шчуплейшая за мужа, якi быў добра такi таўставаты. Сказаў бы я, што нават затоўсты, як на малога чыноўнiка.
У кожную нядзелю, каля паўдня, яны выходзiлi на шпацыр, трымаючыся пад ручку, i дадому вярталiся познiм вечарам. Абедалi, вiдаць, у горадзе. Аднойчы я сустрэў iх каля брамы, што аддзяляе Батанiчны сад ад парку Лазенкi. Яны купiлi два куфлi выдатнага лiманаду i два вялiкiя пернiкi; прычым выразы твару былi ў iх спакойныя, як у мяшчан, якiя прывыклi за чаем есцi гарачую шынку з хрэнам.
Наогул бедным людзям трэба няшмат для падтрымання душэўнай раўнавагi. Трохi яды, шмат работы i шмат здароўя. Астатняе неяк прыходзiць само па сабе.
Маiм суседзям, здаецца мне, яды хапала, тым больш работы. Горш было са здароўем.
Неяк у лiпенi ён прастудзiўся, зрэшты, не надта. Але пры гэтым чамусьцi пачаўся яшчэ i кровацёк, ажно да страты прытомнасцi.
Было гэта ноччу. Жонка, захутаўшы яго ў пасцелi, прывяла дворнiчыху, а сама пабегла па доктара. Абышла пяцярых, а ледзь знайшла аднаго, i то выпадкова, на вулiцы.
Доктар, зiрнуўшы на жанчыну пры мiгатлiвым святле лiхтара, палiчыў патрэбным перш за ўсё супакоiць яе. А таму, што яна пахiствалася, вiдаць, ад стомы, а рамiзнiка на вулiцы не было, ён узяў яе пад руку i, на хаду, растлумачваў, што кровацёк яшчэ анiякi не доказ.
- Кровацёк можа быць гарлавы, страўнiкавы, насавы, рэдка калi з лёгкiх. Зрэшты, калi чалавек заўсёды быў здаровы, нiколi не кашляў...
- О, толькi сяды-тады! - шапнула яна, спынiўшыся, каб перадыхнуць.
- Сяды-тады? Ну, гэта нiчога. У яго, магчыма, лёгкi бранхiт.
- Ага... Гэта бранхiт! - паўтарыла яна, ужо ўголас.
- Запалення лёгкiх нiколi не было?
- Было, - адказала яна, зноў спынiўшыся.
Ногi яе крыху хiсталiся.
- Але ж, вiдаць, ужо даўно? - падхапiў доктар.
- О, вельмi... вельмi даўно! - пацвердзiла яна паспешлiва. - Яшчэ ў тую зiму.
- Паўтара года таму назад.
- Не... Але яшчэ перад Новым годам... О, ужо даўно!
- Ага!.. Якая цёмная тут вулiца, а неба да таго ж захмарана... - гаварыў доктар.
Яны ўвайшлi ў наш двор. Суседка з трывогай спыталася ў дворнiка, што чуваць, i даведалася, што нiчога. У кватэры дворнiчыха таксама сказала ёй, што нiчога не чуваць, а хворы драмаў.
Доктар асцярожна разбудзiў яго, агледзеў i таксама сказаў, што нiчога.
- Я ж адразу сказаў, што нiчога, - азваўся хворы.
- О, нiчога! - паўтарыла яна, сцiскаючы яго спацелыя далонi. - Я ж ведаю, што кровацёк можа быць страўнiкавы або насавы. У цябе, вiдаць, насавы... Ты такi мажны, трэба больш рухацца, а ты ўсё сядзiш... Праўда, пан доктар, што трэба рухацца?..
Читать дальше