- Сто! - заявiла Пат, i мы ўсталi.
Мора наблiжалася, як вялiзны срабрысты ветразь. Ужо здалёку мы адчулi яго салёнае дыханне. Гарызонт пашыраўся i святлеў, i раптам яно адкрылася перад намi - неспакойнае, магутнае, бясконцае.
Дарога, зрабiўшы дугу, падбегла да самага берага. Потым з'явiўся лес, а за iм - вёска. Мы знайшлi дом, дзе думалi жыць. Ён стаяў крыху ў баку ад вёскi. Адрас нам даў Кёстэр. Ён жыў тут каля года пасля вайны.
Гэта была невялiчкая адзiнокая вiла. Я, зрабiўшы на сваiм "сiтраэне" элегантны разварот, спынiўся i пасiгналiў. У адным акне з'явiўся шырокi твар, невыразна зыркнуў на нас i знiк.
- Будзем спадзявацца, што гэта не фройляйн Мюлер, - сказаў я.
- Цi не ўсё роўна, як яна выглядае? - сказала Пат.
Дзверы адчынiлiся. Ну, дзякуй богу, гэта была не фройляйн Мюлер. Гэта была служанка. Фройляйн Мюлер, гаспадыня дома, з'явiлася праз хвiлiну. Гэта была манерная старая дзева з сiвымi валасамi. На ёй была закрытая чорная сукенка, а замест брошкi - залаты крыжык.
- На ўсякi выпадак надзень зноў панчохi, Пат, - прашаптаў я, глянуўшы на крыжык.
Я выйшаў з машыны.
- Спадзяюся, што пан Кёстэр ужо паведамiў пра нас, - сказаў я.
- Так, ён прыслаў тэлеграму, што вы едзеце. - Яна строгiм выпрабавальным позiркам аглядала мяне. - Дарэчы, як пажывае пан Кёстэр?
- Ах, выдатна, наколькi можна сёння ўжываць гэтае слова.
Яна кiўнула галавой i зноў зiрнула на мяне, ацэньваючы.
- Вы даўно знаёмыя?
"Сапраўдны экзамен", - падумаў я i далажыў, з якога часу мы знаёмыя з Ота. Здалося, яна задаволена адказам. Падышла Пат. Яна ўжо была ў панчохах. Позiрк фройляйн Мюлер памякчэў. Да Пат у яе, вiдаць, было больш даверу, чым да мяне.
- У вас ёсць пакой для нас? - спытаў я.
- Калi пан Кёстэр просiць тэлеграмай, вам заўсёды знойдзецца пакой, заявiла фройляйн Мюлер i глянула на мяне крыху пагардлiва. - Я адцам вам нават самы лепшы пакой, - звярнулася яна да Пат.
Пат усмiхнулася. Фройляйн Мюлер адказала ёй усмешкай.
- Пойдзем глянем, - сказала яна.
Яны пайшлi ўдзвюх поплеч па вузкай дарожцы праз невялiчкi сад. Я цягнуўся ззаду, як лiшнi тут - фройляйн Мюлер звярталася толькi да Пат.
Пакой, якi яна паказала нам, быў на першым паверсе, з асобным уваходам з саду. Гэта вельмi мне спадабалася. Пакой быў даволi вялiкi, светлы i ўтульны. З аднаго боку, у нiшы, стаялi два ложкi.
- Ну як? - спытала фройляйн Мюлер.
- Выдатна, - сказала Пат.
- Нават шыкоўна, - дадаў я, каб падлiзацца да гаспадынi. - А дзе другi?
Фройляйн Мюлер павольна павярнулася да мяне.
- Другi? Якi - другi? Вы гэтага не хочаце? Ён вам не падабаецца?
- Пакой проста цудоўны, - адказаў я. - Але...
- Але? - сказала фройляйн Мюлер крыху з'едлiва. - На жаль, лепшага за гэты ў мяне няма.
Я ўжо хацеў растлумачыць ёй, што нам патрэбны два асобныя пакоi, але яна дадала:
- Вашай жонцы пакой спадабаўся...
"Вашай жонцы..." Мне здалося, што я нават адступiў на крок. На самай справе я не зрушыўся з месца. Я асцярожна зiрнуў на Пат, якая, прыхiлiўшыся да падаконнiка, намагалася не засмяяцца, убачыўшы мой выгляд.
- Вядома, мая жонка... - сказаў я i ўтаропiўся на залаты крыжык на грудзях фройляйн Мюлер. Нiчога не зробiш, не тлумачыць жа ёй, як i што. Яна, пэўна, адразу самлела б.
- Мы проста прывыклi спаць у двух пакоях, - сказаў я. - Кожны ў асобным.
Фройляйн Мюлер незадаволена пахiтала галавой.
- Дзве спальнi для жанатай пары... што нi дзень, то новая мода...
- Ды не, - сказаў я, пакуль яна не перастала верыць мне. - Мая жонка вельмi чуйна спiць. А я, на жаль, вельмi моцна храпу.
- Ах, вось што, вы храпеце! - сказала фройляйн Мюлер, усiм выглядам паказваючы: як я раней не здагадалася! Я ўжо спужаўся, што яна зараз выдзелiць яшчэ адзiн пакой на другiм паверсе. Але сям'я была ў яе справай свяшчэннай. Яна адчынiла дзверы маленькага пакойчыка побач, у якiм стаяў толькi ложак.
- Цудоўна! - сказаў я. - Тое, што трэба. Але цi не буду я каму перашкаджаць? - Мне хацеяася даведацца, цi не будзе каго на паверсе, акрамя нас.
- Вы нiкому не перашкодзiце, - заявiла фройляйн Мюлер, i яе ганарыстасць раптам знiкла. - Акрамя вас, тут нiхто жыць не будзе. Усе астатнiя пакоi пустыя. - Яна пастаяла хвiлiнку, потым схамянулася. - Вы будзеце есцi тут, у пакоi, цi ў сталовай?
- Тут, - сказаў я.
Яна кiўнула i пайшла.
- Ну, фраў Локамп, - звярнуўся я да Пат, - вось мы i ўлiплi. Але я не рызыкнуў прызнацца: у старой вядзьмаркi ёсць нешта царкоўнае. Здаецца, я ёй не спадабаўся. Цiкава - мне ж заўсёды шанцавала са старымi дамамi.
- Яна не старая дама, Робi. Гэта вельмi сiмпатычная старая дзева.
Читать дальше