- Бiндзiнг, - нарэшце сказаў ён з паўпаклонам, быццам прозвiшча магло яго ўратаваць.
Дзяўчына падышла ўжо блiзка. Мы зрабiлiся яшчэ ветлiвейшыя.
- Дык пакажы машыну, Ота, - сказаў Ленц, кiдаючы хуткi позiрк на Кёстэра.
- Чаму ж не, - весела ўсмiхнуўшыся, адгукнуўся Ота.
- Я i праўда паглядзеў бы яе, - сказаў Бiндзiнг больш мiралюбна. - Вiдаць, хуткая, як чорт. Так мяне абставiла.
Яны ўдвух пайшлi на стаянку, i Кёстэр падняў капот "Карла".
Дзяўчына не пайшла з iмi. Статная, яна моўчкi стаяла ў змроку памiж мной i Ленцам. Я чакаў, што Готфрыд скарыстае выпадак i "завядзецца". Ён быў створаны на такiя сiтуацыi. Але, здавалася, у яго адняло мову. Звычайна ён такаваў, як глушэц, а тут стаяў, як маўклiвы манах на адпачынку, i не варушыўся.
- Прабачце, калi ласка, - сказаў я нарэшце. - Мы не заўважылi вас у машыне. Iнакш мы не паводзiлi б сябе так непрыстойна.
Дзяўчына зiрнула на мяне.
- Але чаму ж? - запярэчыла яна спакойна. У яе быў нечакана нiзкi голас. Нiчога дрэннага не здарылася.
- Не дрэнна, але i не зусiм прыстойна. Гэтая машына развiвае хуткасць да двухсот кiламетраў.
Яна крыху прыгнулася i ўсунула рукi ў кiшэнi палiто.
- Дзвесце кiламетраў?
- Дакладна - 189,2, афiцыйна зафiксавана, - горда заявiў Ленц, нiбы выстралiў з пiсталета.
Яна засмяялася.
- А мы падумалi - шэсцьдзесят - семдзесят.
- Бачыце... - сказаў я, - вы ж не ведалi...
- Не, - адказала яна. - Мы сапраўды не ведалi. Мы падумалi, што "б'юiк" бяжыць у два разы хутчэй за вашу машыну.
- Ну вось... - Я нагой адфутболiў адламаны сучок. - У нас была занадта вялiкая перавага. А пан Бiндзiнг, мусiць, добра раззлаваўся на нас.
Яна засмяялася.
- Вядома, у нейкi момант. Але ж трэба ўмець i прайграваць. А iнакш - як жыць?
- Вядома...
Утварылася паўза. Я зiрнуў на Ленца. Але апошнi рамантык толькi пасмiхаўся, торгаў носам, не падаючы рукi дапамогi. Шапацелi бярозы. За домам закудахтала курыца.
- Цудоўнае надвор'е, - нарэшце прамовiў я, каб парушыць маўчанне.
- Так, выдатнае, - адказала дзяўчына.
- I такое пяшчотнае, - дадаў Ленц.
- Нават незвычайна пяшчотнае, - дапоўнiў я.
Зноў павiсла паўза. Дзяўчына, пэўна, палiчыла нас ёлупнямi. Але як я нi намагаўся, нiчога разумнага не прыходзiла ў галаву. Ленц абнюхваў наваколле.
- Печаныя яблыкi, - прамовiў ён чуллiва, - тут, здаецца, да пячонкi падаюць печаныя яблыкi. Далiкатэс.
- Несумненна, - пагадзiўся я, праклiнаючы нас абодвух.
Вярнулiся Кёстэр i Бiндзiнг. Бiндзiнг за гэтыя некалькi хвiлiн зусiм перамянiўся. Ён, вiдаць, быў адзiн з тых аўтадзiвакоў, хто, сустрэўшы дзе-небудзь спецыялiста, з якiм можна пагутарыць, расцвiтае душой.
- Павячэраем разам? - спытаў ён.
- А як жа, - адказаў Ленц.
Мы ўвайшлi ў памяшканне. Каля дзвярэй Готфрыд падмiргнуў мне, паказваючы на дзяўчыну.
- Слухай, яна табе ўраўнаважыць старую кабету, якая танцавала сёння ранiцай.
Я пацiснуў плячыма.
- Магчыма, але чаму ты змусiў аддувацца мяне аднаго?
Ён засмяяўся.
- Трэба ж вучыцца, хлопчык!
- Няма ў мяне больш ахвоты да вучобы, - сказаў я.
Мы пайшлi да астальных. Яны ўжо сядзелi за сталом. Гаспадыня якраз прынесла пячонку i смажаную бульбу. На разгонку яна прынесла яшчэ вялiкую бутэльку гарэлкi.
Бiндзiнг аказаўся гаваруном, бурным, як горны ручай. Проста дзiўна было, чаго толькi ён не ведаў пра аўтамашыны. Калi ён пачуў, што Ота таксама ўдзельнiчаў у гонках, яго прыхiльнасць перайшла ўсе межы.
Я прыгледзеўся да яго больш уважлiва. Ён быў мажны, высокi мужчына з густымi бровамi над чырвоным тварам; крыху хвалько, крыху шумны i, магчыма, спагадлiвы, як людзi, якiм звычайна шанцуе ў жыццi. Я мог сабе ўявiць, што вечарам, перш чым класцiся спаць, ён сур'ёзна, з гонарам i павагай разглядае сябе ў люстэрка.
Дзяўчына сядзела памiж Ленцам i мной. Яна скiнула палiто. На ёй быў шэры ангельскi касцюм. Вакол шыi была павязана белая хусцiнка, падобная да гальштука жакея. Яе валасы былi рудавата-шаўкавiстыя, у святле лямпы яны пералiвалiся янтарным бляскам. Плечы былi вельмi прамыя, але крыху нахiленыя, рукi - вузкiя, доўгiя, хутчэй кашчавыя, чым мяккiя. Твар быў вузкi i бледны, але вялiкiя вочы надавалi яму палкую сiлу. Яна была вельмi прыгожая, на маю думку... але больш нiчога такога я не падумаў.
Ленц жа ўвесь загарэўся. Ён цалкам перамянiўся. Яго жоўты чуб палаў, як хмель. Ён выдаў цэлы феерверк iдэй i разам з Бiндзiнгам завалодаў сталом. Я сядзеў цiха, нiчым не прыцягваючы да сябе ўвагi - перадаваў каму-небудзь мiску цi прапаноўваў запалiць. Чокаўся з Бiндзiнгам. Гэта я рабiў даволi часта. Ленц раптам стукнуў сябе па лбе:
Читать дальше