- Не бяры блiзка да сэрца, - пасмiхваўся Ленц. - Нарадзiцца дурнем - не ганьба. Ганьба памерцi дурнем.
- Маўчы, Готфрыд. - Граў адмёў яго адным рухам сваёй магутнай лапы. - Пра цябе гаворка не iдзе, абозны рамантык. Цябе не шкада.
- Выгаварыся спакойна, Фердынанд, - сказаў Ленц. - Як выгаварышся, заўсёды лягчэй на душы.
- Ты - сiмулянт, - заявiў Граў. - Высакапарны сiмулянт.
- Усе мы такiя, - усмiхнуўся Ленц. - Мы жывём толькi iлюзiямi i крэдытамi.
- Так i ёсць, - сказаў Граў i па чарзе зiрнуў на кожнага з нас з-пад кусцiстых броваў. - Iлюзiямi мiнулага i крэдытамi на будучыню. - Потым ён зноў звярнуўся да мяне: - Я сказаў: праставатасць, Робi. Тодькi зайздроснiкi называюць яе дурасцю. Не крыўдзiся на iх. Гэта не недахоп, а - талент.
Ленц хацеў запярэчыць. Але Фердынанд працягваў гаварыць.
- Ты ведаеш, што я маю на ўвазе. Просты настрой, яшчэ не з'едзены скепсiсам i занадта вялiкiм розумам. Парцыфаль быў дурны. Калi б ён быў разумны, ён нiколi не захоплiваў бы кубак святога Граля. Толькi дурнi перамагаюць у жыццi. Iншы ж бачыць зашмат перашкод i няўпэўнены, цi варта пачынаць. У цяжкiя часы праставатасць - дарагi скарб, чароўны плашч, якi хавае небяспеку, на якую разумнiк бяжыць як загiпнатызаваны.
Ён пацягнуў глыток i паглядзеў на мянё вялiзнымi сiнiмi вачыма, якiя свяцiлiся на зморшчаным твары, як кавалачак неба.
- Не старайся ведаць занадта шмат, Робi! Чым менш ведаеш, тым прасцей жыць. Веды прыносяць волю - але i няшчасце. Хадзем, вып'ем са мной за праставатасць, дурасць i ўсё, што звязана з ёй - за каханне, веру ў будучыню, мары аб шчасцi... за цудоўную дурасць, страчаны рай...
Ён сядзеў важка i масiўна, раптам пагрузiўшыся ў свае думкi i свой хмель, як адзiнокi курган недатыкальнай жалобы. Яго жыццё было разбiта, i ён ведаў, што ўжо не выкараскаецца. Ён жыў у сваёй вялiкай майстэрнi i быў блiзкi са сваёй эканомкай. Жанчына была ўстойлiвая i грубая, а Граў, наадварот, нягледзячы на сваё магутнае цела, адчувальны i бездапаможны. Ён не мог пакiнуць яе, i яму, вiдаць, было ўжо ўсё роўна. Яму было сорак два гады.
Хоць я ведаў, што гэта хмель, але, гледзячы на яго такога, я адчуваў нейкi цiхi, незразумелы жах. Ён рэдка прыходзiў да нас i пiў амаль заўсёды адзiн у сваёй майстэрнi. Гэтак чалавек хутка ламаўся.
Усмешка мiльганула на яго твары. Ён усунуў мне ў руку чарку.
- Выпi, Робi. I ратуйся. Памятай, пра што я табе гаварыў.
- Добра, Фердынанд.
Ленц завёў грамафон. У яго была процьма пласцiнак з мурынскiмi песнямi. Некалькi з iх прагучала цяпер - пра Мiсiпiсi, пра збор бавоўны i пра душныя ночы на сiнiх трапiчных рэках.
VI
Патрыцыя Хольман жыла ў вялiкiм жоўтым шматпавярховым доме, якi быў адгароджаны ад вулiцы вузкай палоскай газона. Перад уваходам стаяў лiхтар. Свой "кадзiлак" я прыпаркаваў пад iм. У рухомым святле ён быў падобны да магутнага слана, якi пералiваўся чорным бляскам.
Я дапоўнiў свой гардэроб. Да гальштука прыкупiў новы капялюш i пальчаткi. Акрамя таго, я апрануў палiто Ленца, выдатную шэрую апратку з шатландскай шэрсцi. Такiм чынам я хацеў цалкам сцерцi тое першае забулдыжнае ўражанне, якое я пакiнуў.
Я пасiгналiў. Адразу ж успыхнула, як ракета, лесвiчнае асвятленне ў пяцi вокнах па вертыкалi. Загудзеў лiфт. Я ўбачыў, як ён апускаўся, нiбы касмiчная шахтная клетка. Патрыцыя Хольман адчынiла дзверцы i хуценька сышла ўнiз па лесвiцы. Яна была ў кароткай карычневай футравай куртачцы i ў вузкай карычневай спаднiцы.
- Прывiтанне! - Яна падала мне руку. - Я рада, што магу выйсцi. Увесь дзень праседзела дома.
Мне спадабалася, як яна падала руку, пацiскаючы мацней, чым можна было чакаць. Я ненавiдзеў людзей, якiя падавалi руку вяла, нiбы здохлую рыбiну.
- Чаму ж вы мне раней не сказалi? - адказаў я. - Я заехаў бы да вас аполуднi.
- У вас так шмат часу?
- Ды не. Але неяк збег бы.
Яна глыбока ўздыхнула.
- Цудоўнае паветра! Пахне вясной.
- Калi ў вас ёсць жаданне, можам пакатацца, колькi вам захочацца, - сказаў я. - Можам выехаць за горад, у лес - я на машыне. - Я абыякава паказаў на "кадзiлак", як быццам гэта быў стары "форд".
- "Кадзiлак"? - Яна ў недаўменнi глянула на мяне. - Гэта ваш?
- Сёння на вечар мой. А ўвогуле - уласнасць нашай майстэрнi. Мы яго адрамантавалi i хочам пачаць з яго бiзнес нашага жыцця. - Я адчынiў дзверцы. Можа, спачатку паедзем у "Лазу" i павячэраем? Як вы?
- Павячэраць можна, але чаму менавiта ў "Лазе"?
Я разгубiўся. "Лаза" была адзiным прыстойным рэстаранам, якi я ведаў.
- Шчыра кажучы, - прызнаўся я, - я больш нiчога не ведаю. Мне здаецца, што "кадзiлак" нас да нечага абавязвае.
Читать дальше