Таўстун слухаў Тома, i рука яго ўсё марудней круцiла ручку помпы, пакуль зусiм не замерла. Ён з трывогай пазiраў на Тома.
- Адкуль ты ведаеш? - разгублена запытаўся ён. - Адкуль табе вядома, што мы пагаворваем ужо пра гэта - хочам сабраць усе пажыткi i падацца на Захад?
Яму адказаў Кейсi:
- Так усе робяць. Я зацята змагаўся з д'яблам, бо ў д'ябле мне ўяўляўся наш агульны вораг. Але цяпер нашай краiнай завалодаў яшчэ горшы вораг, i ён не адступiцца, пакуль яго не пасякуць на кавалкi. Вы бачылi, як яшчарка-ядазуб трымае здабычу, мiстэр? Учэпiцца, ты рассячэш яе напалам, а яна зубоў не расцiскае. Адсячэш галаву, яна ўсё трымае. Даводзiцца адвёрткай расшчапляць ёй скiвiцы, толькi тады адпусцiць. А пакуль трымае сваю здабычу, атрута прасочваецца праз рану кропля за кропляй. - Ён змоўк i скоса глянуў на Тома.
Таўстун збянтэжана ўтаропiў позiрк некуды ўдалячынь. Рука яго пачала паволi круцiць каленчаты рычаг помпы.
- Проста не ведаю, куды мы iдзём, - цiха прамовiў ён.
Конi i Ружа Сарона стаялi каля вадзянога шланга i па-змоўнiцку перамаўлялiся. Конi спаласнуў алавяную конаўку i, перш чым налiць у яе вады, паспрабаваў струмень пальцам. Ружа Сарона глядзела на машыны, што праносiлiся па шашы. Конi паднёс ёй конаўку.
- Хоць i цеплаватая, ды ўсё ж вада, - сказаў ён.
Ружа Сарона глянула на яго i таямнiча ўсмiхнулася. З тае пары, як яна зацяжарала, таямнiчасць ахiнула ўсю яе iстоту, тайны i недамоўкi, здавалася, мелi для iх абаiх нейкi асаблiвы сэнс. Яна была вельмi задаволеная сабой i пераборлiвая ў самых малаважных дробязях. Яна вымагала ад Конi безлiч непатрэбных паслуг, i абое ведалi, што i без iх можна абысцiся. Конi таксама быў задаволены Ружай Сарона i нiяк не мог нацешыцца з яе цяжарнасцi. Яго радавала, што ён падзяляў з ёю ўсе яе таямнiцы. Калi яна хiтра ўсмiхалася, ён адказваў ёй такою самаю хiтрай усмешкаю, i яны перашэптвалiся мiж сабой. Свет самкнуўся вакол iх у цеснае кола, i яны былi яго цэнтрам, праўдзiвей - Ружа Сарона была яго цэнтрам, а Конi круцiўся вакол яе на маленькай арбiце. Усё, пра што яны гаварылi, было ахутана таямнiцай.
Ружа Сарона адвяла вочы ад шашы.
- Мне пiць не дужа хочацца, - сказала яна манерна. - Але, магчыма, мне трэба пiць.
Конi сцвярджальна кiўнуў галавой, бо зразумеў, што яна мела на ўвазе. Яна ўзяла ў яго з рук конаўку, прапаласкала рот, сплюнула i выпiла цеплаватую ваду да дна.
- Яшчэ адну? - запытаўся Конi.
- Палову. - I ён налiў паўконаўкi i падаў ёй. Па шашы прашугаў "лiнкольн" мадэлi "зефiр" - серабрысты, нiзкай пасадкi. Ружа Сарона азiрнулася, цi далёка астатнiя члены сям'i, i, убачыўшы, што яны стаяць усе каля грузавiка, цiха сказала: - Ты хацеў бы раз'язджаць на такой машыне?
Конi ўздыхнуў:
- Чаму не... але гэта потым. - I яны абое зразумелi, што мелася на ўвазе. - Калi будзем добра зарабляць у Калiфорнii, займеем машыну. Але вось такiя, ён паказаў рукой на "зефiр", якi знiкаў удалечынi, - такiя каштуюць не менш за вялiкi дом.
- А мне хацелася б мець i дом, i такую машыну, - сказала Ружа Сарона. Толькi, вядома, спярша дом, бо... - I абое зразумелi, што яна хацела сказаць. Iх увесь час хвалявала яе цяжарнасць.
- Як ты сябе адчуваеш - добра? - запытаўся Конi.
- Стамiлася. Цяжка ехаць пад такiм сонцам.
- Нiчога не зробiш. Iначай мы нiколi не дабяромся да Калiфорнii.
- Ведаю, - сказала Ружа Сарона.
Сабака, прынюхваючыся, абмiнуў грузавiк, падбег да лужыны пад вадзяным шлангам i пачаў хлябтаць мутную ваду. Потым адышоў убок, апусцiў нос да зямлi i звесiў вушы. Абнюхваючы пыльную траву, ён дайшоў да самага краю дарогi, падняў галаву, паглядзеў на шашу i пайшоў упоперак яе. Раптам Ружа Сарона пранiзлiва закрычала. Мiма, вiскочучы шынамi, iмклiва iмчалася вялiкая машына. Сабака бездапаможна шарахнуўся назад i, ледзь паспеўшы скавытнуць, апынуўся пад коламi. У акенцах з'явiлiся твары, павярнулiся назад, машына на iмгненне сцiшыла ход, потым зноў набрала хуткасць i знiкла з вачэй. А сабака з вываленымi вантробамi ляжаў акрываўленым камяком на зямлi, слаба падрыгваючы нагамi.
Ружа Сарона ўтаропiлася на яго шырока расплюшчанымi вачамi.
- Мне гэта не пашкодзiць? - жаласна запыталася яна. - Як ты думаеш, не пашкодзiць?
Конi абняў яе.
- Iдзi пасядзi, -сказаў ён. -Гэта нiчога.
- Але я адчула боль. Калi я закрычала, нешта ў мяне ўсярэдзiне нiбы абарвалася.
- Iдзi пасядзi. Гэта нiчога. З табой нiчога не будзе. - Ён падвёў яе да грузавiка, далей ад сабакi, i пасадзiў на падножку.
Том i дзядзька Джон падышлi да акрываўленага камяка. Пакалечанае цела сабакi апошнi раз сутаргава страпянулася i замерла. Том узяў яго за заднiя лапы i адцягнуў на абочыну. Дзядзька Джон стаяў збянтэжаны, быццам на iм ляжала вiна за тое, што здарылася.
Читать дальше