Кейсi хмыкнуў:
- Гэтак можна i не пачуць, як лесапiлка вiшчыць.
Жаўтавата-пыльнае святло кранула зямлю пазалотай. Кукуруза ўся залацiлася. Чародка ластавак пранеслася ў небе - вiдаць, да нейкай вады. Чарапаха ў Джоўдавым пiнжаку зрабiла яшчэ адну спробу ўцёкаў. Джоўд перагнуў папалам брылёк кепкi, i цяпер брылёк стаў падобны на крывую дзюбу вароны.
- Ну, вiдаць, патупаю, - сказаў Джоўд. - Скварыцца на сонцы не вельмi люблю, але цяпер ужо не так пячэ.
Кейсi рашуча падняўся.
- Старога Тома я цэлы век не бачыў, - сказаў ён. - Даўно хацеў зiрнуць, як ён там. Я ж колькi часу да вас хадзiў са словам божым, грошай нiколi не браў, глыну толькi чаго-небудзь...
- Гайда, - сказаў Джоўд. - Бацька табе рады будзе. Ён заўсёды казаў, што ў цябе дзюба занадта вялiкая для прапаведнiка. - Джоўд падняў з зямлi пiнжак i шчыльней абкруцiў iм чаравiкi i чарапаху.
Кейсi падабраў свае парусiнавыя туфлi i ўсунуў у iх босыя ногi.
- Я не такi смелы, як ты, - сказаў ён. - Чаго добрага, яшчэ на калючы дрот наступлю ў пыле цi на шкло. Страх як баюся палец парэзаць - няма нiчога горшага.
Яны нерашуча пастаялi, перш чым пераступiць лiнiю ценю, i раптам рушылi наперад, як два плыўцы, што спяшаюцца дабрацца да другога берага. Шпарка прайшоўшы некалькi крокаў, яны сцiшылi хаду i пайшлi няспешна, быццам у роздуме. Кукурузнае бадыллё кiдала на дарогу косыя шэрыя ценi, у паветры стаяў душны пах нагрэтага пылу. За кукурузным полем пачаўся цёмна-зялёны бавоўнiк цёмна-зялёнае лiсце з зачаткамi насенных каробачак пад пялёнкай шэрага пылу. Усходы былi няроўныя - густыя ў западзiнах, дзе даўжэй трымалася вiльгаць, i зусiм пляшывыя на высокiх месцах. Раслiны ўпарта змагалiся з сонцам. А блiжэй да гарызонту далеч зацягнулася непрагляднай рудаватай смугой. Пыльная дарога адбягала ўдалечыню хвалiстай стужкай. Вербы, што раслi па берагах ручая, збочвалi разам з iм на захад, а на паўночны захад ад iх няўроблены ўчастак зямлi ўшчыльную падыходзiў да нiзкага i рэдкага кустоўя. Тхала распаленым пылам, паветра было такое сухое, што слiзь у носе засыхала скарынкай, а з вачэй цяклi выратавальныя слёзы.
Кейсi сказаў:
- Бачыш, як добра падымалася кукуруза, пакуль яе пылам не засыпала? Багаты быў бы ўраджай.
- Кожны год, - сказаў Джоўд, - кожны год, як я сябе памятаю, выспяваў добры ўраджай, але нi разу так i не выспеў. Дзед казаў, што зямля толькi першыя пяць гадоў добра радзiла, пакуль яшчэ перагной ад старога пустазелля ў ёй заставаўся.
Дарога апусцiлася па схiле ўзгорка i паднялася на другi пакацiсты груд.
Кейсi сказаў:
- Адсюль да старога Тома будзе не болей за мiлю. За трэцiм узгоркам, здаецца, так?
- Правiльна, - адказаў Джоўд. - Калi толькi дом наш не ўкралi, як некалi бацька зрабiў.
- Дом украў?
- Ага. Знайшлi пусты мiлi за паўтары адсюль i ўкралi. Сям'я, што там жыла, перабралася ў iншае месца. Дзед, бацька i Ной, брат мой, хацелi перацягнуць увесь дом цалкам, ды ён не даваўся. Толькi з паловай справiлiся. Таму ён у нас такi дзiўнаваты з аднаго боку. Рассеклi на дзве часткi, у адну палову ўпрэглi дванаццаць коней i два мулы i перавезлi на свой участак. Вярнулiся па другую палову - хацелi прыбудаваць яе да першай, але раней за iх туды паспеў Уiнк Мэнлi са сваiмi хлопцамi i з-пад носа сцягнуў тое, што засталося. Дзед з бацькам злыя хадзiлi, як чэрцi, ды неяк раз выпiлi з Уiнкам, i ўсе трое толькi за жываты трымалiся ад рогату. Уiнк кажа: дом мой цяпер як жарабец, прыводзьце вашу палову, мы iх злучым, i, можа, ад iх добрыя "шпакоўнi" пойдуць. Стары Ўiнк, як вып'е, мог такое вытварыць! Пасля гэтага бацька i дзед моцна з iм пасябравалi. Знаходзiлi любую магчымасць выпiць разам.
- Стары Том малайчына, - пагадзiўся Кейсi. Узнiмаючы пыл, яны спусцiлiся па схiле ўзгорка i на пад'ёме запаволiлi крок. Кейсi выцер рукавом лоб i зноў надзеў свой пляскаты капялюш. - Так, Том малайчына, - паўтарыў ён. - Блюзнер, але малайчына. Бывала, на маленнях, памятаю, прасякнецца святым духам зусiм крышачку, а скача ледзь не пад столь. Калi ўжо старога Тома праняло, дык сцеражыся - а то нагамi затопча. Што племянны жарабок у стойле.
Яны ўзышлi на вяршыню наступнага ўзгорка, а там дарога апусцiлася да крывога рэчышча ручая з няроўнымi, абсыпанымi берагамi, збарозненымi дажджавымi вымоiнамi. Кладка была з камянёў. Джоўд асцярожна перабраўся басанож на другi бераг.
- Вось ты ўсё пра майго бацьку дзяўбеш, - сказаў Джоўд. - А ты паглядзеў бы на дзядзьку, калi яго хрысцiлi на Поўлкавым падворку. Бегае, гойсае, скача. Перамахнуў нават цераз разлапiсты куст вышынёй з пiянiна. Раз! - туды пераскочыў; раз! - назад пераляцеў i вые, як здзiчэлы сабака ў месячную ноч. Бацька лiчыў сябе найлепшым скакуном ва ўсёй акрузе, i як убачыў гэта, аблюбаваў такi ж шырачэзны куст, удвая толькi вышэйшы, завiшчаў не сваiм голасам, як свiння, што бiтым шклом апарасiлася, пераскочыў з разбегу цераз куст i вывiхнуў правую нагу. Тут з яго дух божы i вылецеў. Прапаведнiк усё лезе памалiцца, каб нага выправiлася, а бацька кажа: не, ну яго к богу, падавай мне доктара. А дзе яго ўзяць, доктара? Дантыст тут нейкi бадзячы трапiўся, ну ён яму косць i ўправiў. А прапаведнiк усё роўна за сваё памалiўся-такi.
Читать дальше