Вашыя мэлёдыі зьліваюцца ў рэквіем па «Белай Русі» й бел-чырвона-белым нясьвіскім сале.
Сакавік, 1992
Тунэль зь Серабранкі ў Бэрлін
Бывайце, заходнебэрлінскія дворнікі! Калі б ты гаварыў па-нямецку, дык растлумачыў бы ім, што больш за ўсё на сьвеце яны падобныя да беларускіх акадэмікаў і членкараў і, пакінуўшы за дзьвярыма канфэрэнц-заляў свае мудрагелістыя прычындалы, маглі б сьмела займаць месца ў прэзыдыюмах.
Бывайце, белазубыя гандляры-туркі з пляцу каля Брандэнбурскае брамы з вашымі мэдалямі «За взятие Берлина» (вас можна было б таксама ўзнагароджваць імі, бо Бэрлін зь ягонымі 250 тысячамі малаазійцаў – трэці пасьля Стамбулу й Анкары турэцкі горад сьвету), са значкамі «Победитель соцсоревнования» і партабакамі з «Пагоняй» вытворчасьці Полацкага ліцейна-мэханічнага заводу па пяць марак за штуку.
Бывайце, бэрлінскія немкі! З кожным пражытым годам вы робіцеся толькі больш прывабныя, каб у старасьці ператварыцца ў прыгажуняў.
Бывайце, бэрлінскія турчанкі! Карыстайцеся са свае смуглявае маладосьці, бо з вамі з кожным пражытым годам адбываецца штосьці адваротнае.
Бывайце, бэрлінскія мурынкі! Здаецца, вы (хіба што за выняткам адной шарагоўкі US Army) пакуль што ціхамірна існуяце па-за эстэтычнымі крытэрамі беларускіх мужчынаў.
Бывай, галоўка Нэфэрціці з Эгіпецкага музэю! Адно тваё дасканалае вушка слухае дзесьці голас сахарскіх пяскоў, а ў ацалелае нехта асьцярожна шапянуў табе, што па менскіх вуліцах ходзіць жанчына з тваім профілем, і, можа, калі-небудзь хтосьці таксама аблашчыць ейнае вушка цёплым дыханьнем і адкрые ёй яе таямніцу.
Бывайце, паважныя бэрлінскія панкі з кармінавымі, вохрыстымі ды індыгавымі грабянямі на голеных да люстранога бляску галовах, падобных да яек, зьнесеных ацтэцкімі пачварамі з Далемскага музэю, перад якім бялеюць на газонах чародкі шампіньёнаў, а па-наску – пячурак.
Бывайце, бэрлінскія дзеці! Незалежна ад колеру скуры ў вас такія здаровыя й чыстыя твары, якія ў беларускіх дзяцей можна ўбачыць адно на фатаздымках пачатку XX стагодзьдзя.
Бывай, італійскі рэстаранчык, дзе гасьцінныя гаспадары Ульрых, Вольф і Свэн да адвалу нагадавалі цябе стронгай і мясам акулы.
Бывай, сталоўка бэрлінскага аддзяленьня пасольства Расейскай Фэдэрацыі, дзе цябе нагадавалі баршчом і сечаным шніцлем.
Бывайце, па-цыганску маляўнічыя жабракі й жлукты са станцыі мэтро Заалёгішэр гартэн! Ніхто не забароніць вам, абліваючы бароды, смактаць сваё віно й піва, цалавацца ўзасос бяз розьніцы полу і проста на вуліцы, пад нагамі ў мінакоў, здымаць хірургічныя швы з раны, атрыманай тут у п’янай бойцы.
Бывай, заходнебэрлінскі зьвярынец, пасьля якога хочацца наведаць усе зьвярынцы былога СССР з адной толькі мэтай – дапісаць на кожнай шыльдачцы з назваю жывёліны два словы: «дробны» і «брудны».
Бывайце, прычасаныя, быццам на прыём дыпляматычнага корпусу, арангутангі, гібоны і гамадрылы! Бывайце, фрывольныя макакі з мадняцкімі фрызурамі! Вашыя дзеці маглі б штодня адпраўляць сваім аднагодкам у СНГ гуманітарную дапамогу ў выглядзе некалькіх скрынак памаранчаў, ківі, манга, а таксама трускавак, якія ў нас бываюць у чэрвені, а ў бэрлінскім зьвярынцы – а восьмай раніцы.
Бывайце, бела-чырвона-сінія чыюкі памерамі з нашых буслоў! Вашая крыклівая валтузьня нагадвала б пасяджэньне парлямэнту суседняе дзяржавы, каб вы не дзяўблі двух жоўта-блакітных суродзічаў, што больш выдавала на дзяльбу Чарнаморскага флёту.
Бывайце, падобныя да некаторых клясыкаў нашае літаратуры сытыя мядзьведзі зь недаедзенымі паляндвіцамі на цёплых камянях пры басэйнах з вадою, чысьціня якой не прысьніцца нашым водаправодным кранам нават у самых празрыстых снах. Бывайце, акапі са зграбнымі дзявочымі дупцямі, абцягнутымі ўльтрасучаснымі зебрастымі ласінамі. Бывайце, чапурыстыя жырафы зь недажаванымі гронамі залацістых бананаў.
Бывайце, бэрлінскія зьвяры! Ваш рацыён пакуль нам толькі сьніцца.
Бывай, падобны да маскоўскіх нэабальшавікоў усходнебэрлінскі маладзён з вачыма параноіка! Напэўна, ты і сёньня палохаеш пасажыраў падземкі сваімі гістэрычнымі выгукамі, абяцаючы без чаргі расстраляць усіх буржуяў і паказваючы, як гэта будзе: «Та-та-та-та-та!» (Наконт без чаргі, дык, у прынцыпе, усіх нас трэба абслугоўваць безь яе, бо ўсе мы – інваліды сацыялізму розных групаў.)
Бывай, бэрлінская сьцяна! Цябе няма, але нават ня ведаючы, дзе твой нож упіваўся ў цела гораду, імгненна адчуваеш, у якім сэктары знаходзісься, бо з аднаго боку сьцяны пачуваесься ў значна палепшаным, але яшчэ ў сваім вымярэньні, а з другога – апаноўвае навязьлівае адчуваньне, што з гледача ты ператварыўся ў дзейную асобу тэлеперадачы пра сьвет, дзе, як пісаў яшчэ нядаўна сёй-той з нашых сучасных дэмакратаў, спраўляе свой баль жоўты д’ябал.
Читать дальше