Табе здаецца, што ў Кракаве ўсе людзі такія, як Алег і Кшыштаф. Але тры пляшкі нашай новай сувэрэннай гарэлкі «Белая Русь» (адна законная й дзьве кантрабандныя), што ляжаць у цябе ў валізе, ты вып’еш не са сваімі знаёмымі.
Ты зусім ня будзеш іх піць.
Ты ня будзеш піць «Белую Русь», бо ў Кракаве ёсьць Марыяцкі касьцёл. Некалі татарская страла зрэзала зь ягонае вежы дазорцу, што затрубіў, папярэджваючы места аб варожым нападзе. На памятку пра гэта на вежы штогадзіны граюць трубачы-гейналістыя.
Упершыню за 600 гадоў яны маўчалі тае начы, калі на вежу залез беларускі пісьменьнік Уладзімер Караткевіч.
Ты спадзяесься, што сярод гейналістых і сёньня няма непітушчых. Гэтым разам пад акампанэмэнт храпу гейналістых начны Кракаў (з тае прычыны, што гімну ў Рэспублікі Беларусі дасюль няма) пачуе, як «Саўка ды Грышка ладзілі дуду».
Магчыма, гэта здарыцца ўжо заўтра.
А пакуль ваш аўтобус пад’яжджае да памежнага берасьцейскага пераходу за Варшаўскім мостам. У вас у кішэнях ляжаць запрашэньні на сэмінар па гісторыі Рэчы Паспалітай, факсы й камандзіровачныя пасьведчаньні…
Гейналістым ужо, напэўна, сьніцца Беларусь… Аўтобус закалыхвае, і вакол цябе таксама тчэцца вопрадзень сьненьня. Ад думак пра сярэднявечнага трубача ў сон лезуць раскосыя твары, якія чамусьці просяць даляраў…
Таргануўшыся, аўтобус спыняецца, і ты адплюшчваеш вочы. За вакном гараць у цемрыве вогнішчы, нешта булькоча ў задымленых саганах, бегаюць па смуглявых абліччах агнёвыя водсьветы. На мяжы явы і сьненьня табе здаецца, што ты глядзіш сон далей, што гэта ідуць на Кракаў праз Варшаўскі мост мангола-татарскія захопнікі.
Праўда, немаведама чаму татары гамоняць па-расейску і нецьвярозымі галасамі пяюць задушэўныя расейскія песьні. Прыемнае каляратурнае сапрана каля суседняга вогнішча выводзіць:
А вот намедни на крючок поймал русалку.
Я это помню, это было, как вчера.
Крючок я бросил, бросил леску, бросил палку,
А что словил? Да только три пера.
Як на сон, дык гучыць занадта саўкова, і ты прачынаесься. Ад Варшаўскага мосту, губляючыся ў бяззорнай цямрэ чы, цягнецца бясконцая гірлянда агнёў. Сонныя гейналістыя трывожна пераварочваюцца на другі бок, а ты змагаесься зь нядобрымі прадчуваньнямі й таксама клічаш на дапамогу Марфэя.
Там, у сьне, паміж аўтобусамі шнуруюць баскакі. Да хвастоў іхніх калматых конікаў прывязаныя берасьцейскія аўтамабільныя нумары, а на гнедых баках выведзена: «Милиция». З машынай-міргалкаю наперадзе ў бок мяжы паважна праходзіць караван сланоў і вярблюдаў, і за кадрам хтосьці тлумачыць, што гэта адбывае з афіцыйным візытам спадар прэм’ер…
Раніцою ты ачынаесься пасярод голага поля. У рэдкім туманцы ў далечыню ад застаўленай аўтобусамі да самага далягляду шашы брыдуць ланцужкі людзей. Відовішча нагадвае кадры ваенных кінафільмаў: партызаны ідуць з заданьнем на «жалезку». Нават няўзброеным вокам відаць, што і бяз ранішніх дывэрсантаў поле замініравана так надзейна, што ніякай арганікі яму да XXI стагодзьдзя не спатрэбіцца.
Адрозна ад трох «шпакоўняў» (плюс адна калёнка з вадою), уторкнутых берасьцейскімі дойлідамі ў смуродныя лужыны на шэсьць кілямэтраў аўтачаргі, сьмецьцевых бачкоў у нашай незалежнай краіне пакуль што хапае.
Бачкі ледзь не штохвіліны правяраюць абходчыкі зь ёмістымі торбамі. У аднаго на торбе партрэт Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова з падмаляванымі гітлераўскімі вусікамі, у другога – лёзунг: «СССР – оплот мира». Часам паміж абходчыкамі ўсчынаецца двубой за пустую пляшку.
Значна спакайнейшая й выгаднейшая іншая прымежная прафэсія – гандаль месцам у чарзе. Адно аўтобуса месца каштуе сто рублёў, а аўтобусаў тут недзе пад паўтысячы. За дзень мытнікі прапускаюць штук трыццаць-сорак. Кажуць, што праблему здымаюць 500 «зялёных», але вы пакуль знаходзіцеся на стадыі пачатковага намнажэньня капіталу, і іх, гэтых «зялёных», ва ўсіх разам набярэцца разоў у дзесяць меней.
Таму вы мітусіцеся паблізу шлягбаўма са сваімі паперамі, а кучаравы капітан з прозьвішчам ці то Гурок, ці то Бурак, зазірнуўшы ў іх адным вокам, пагардліва кідае:
– Пущай сам Шушкевич придет и мне скажет, тада пропущу.
Ягоны калега, зрабіўшы страшныя вочы, абяцае, што ўсё адно будзе правяраць «щацильна».
Каля шлягбаўма гамуе аўтобус зь дзявочай зборнаю па нейкім спорце. Пакуль трэнэр вядзе перамовы з начальствам, юныя спартоўкі просяцца ў паставога:
– Товарищ милиционер, пропустите. У нас соревнования. Нам завтра вечером на помост в Париже выходить.
Читать дальше