Але выпіць першую філіжанку за турэцкіх працоўных я не магу. Бо ў такім разе мне ніколі не даруе беларускі паэт, прозьвішча якога я беспардонна выкарыстаў у размове з Борам Гальперашвілі. Першыя глыткі я п’ю за Лёню Дранька-Майсюка. Цяпер мяне грэе ня толькі сонца, бервяно і цынандалі, але і ўспамін пра Лёню. Гэта ён, Лёня, напісаў мне на сваёй апошняй кніжцы аўтограф:
Валодзя, дружа, жарты – жартамі,
Ды трэба й гэткага чакаць,
Што будзем хутка з парыжанкамі
Па-беларуску размаўляць.
Я ня супраць. Праўда, парыжанак мне хочацца замяніць на філіжанкі. Тады атрымаецца больш сьціпла й бліжэй да жыцьця…
Палітыка на гэтай блаславёнай зямлі прысутнічае сёньня ва ўсім, нават у цынандалі.
Пакуль я п’ю за здароўе турэцкіх працоўных, імя Леаніда Васілевіча Дранька-Майсюка ў маёй сьвядомасьці ўжо цалкам выцясьняецца іншым – Зьвіяд Канстанцінавіч Гамсахурдзія.
Калісьці ён змагаўся за правы чалавека, яго садзілі, ён нібыта каяўся, выходзіў на волю, зьбіраў дэманстрацыю ды вёў яе да Мцхецкага храму. Насустрач Зьвіяду Канстанцінавічу выяжджаў Эдуард Амвросевіч Шэварднадзэ, які, сеўшы ў крэсла першага сакратара грузінскага ЦК, перасаджаў, кажуць, 30 тысяч гэтак званых спэкулянтаў і ценевікоў, за правы якіх, называючы іх прадпрымальнікамі, ваюе цяпер у «Движении демократических реформ».
А тады верны ленінец, брэжневец і андропавец Шэварднадзэ, раскрыліўшы рукі, ішоў насустрач дэманстрантам.
– Чаго ты хочаш, сынок? – пытаўся ён у Гамсахурдзіі, спрабуючы абняць яго.
– Ніякі я табе не сынок, – хмурна абзываўся сын клясыка грузінскае літаратуры дысыдэнт Зьвіяд. – У мяне адна маці – Грузія, а ты яе прадаў!
Гамсахурдзію зноў садзілі, і ўсё паўтаралася.
Пра гэта расказваў мне гадоў дзесяць таму знаёмы грузінскі мастак – паміж антысавецкаю показкай пра тое, як Брэжнева вадзілі па Эрмітажы (– Вось, Леанід Ільліч, Гоя, а вось «Дзяўчынка на шары» Пікаса. – А гэта што за малпа? – А гэта, Леанід Ільліч, люстэрка. – А-а, Таркоўскі…), і блюзьнерскай показкай пра тое, як Гіві намаляваў мадонну, аднак «слишком балшой малчык получился».
А ўчора адзін грамадзянін Абх. ССР распавёў мне пра Зьвіяда Канстанцінавіча ды Эдуарда Амвросевіча новую гісторыю. Першы нібыта прыходзіць да другога й кажа:
«Ты – агент КГБ!» – «Не, сынок, – па-бацькоўску ўсьміхаецца Шэварднадзэ. – Гэта ты агент КГБ. Я – генэрал КГБ».
Першая пляшка цынандалі, як і часіны застою, калі яна каштавала ня больш за два рублі, ужо сталася гісторыяй.
У Боры бяруць марозіва салдацікі Савецкай арміі. Лыжачкі ў Абх. ССР (ці ў незалежнай РГ) ужо скончыліся, і Бора падае марозіва зь відэльцамі. Воддаль спыняецца машына з трыма грузінскімі гвардзейцамі, і паміж мною й Борам адбываецца другі дыялёг.
– Боря, ты хотел бы служить в национальной гвардии?
– … национальная гвардия… и… – вытанчана й прыгожа лаецца Бора.
– Боря, а в Советской армии ты служил?
– Советская… и… армия… и… – Бора лаецца непрыгожа й нявытанчана.
Вяртаючыся да бервяна, я знарок раблю кругаля, каб прайсьці побач з нацыянальнымі гвардзейцамі й падараваць аднаму зь іх бел-чырвона-белы значак.
– Ты за Гамсахурдиа? – замест якога-небудзь значка наўзамен, пытаецца гвардзеец, і тры пары цёмных вачэй глядзяць на мяне, нібыта тры дубальтоўкі.
– Я за демократию, – абачліва адказваю я пад гэтымі трыма сэктарамі абстрэлу.
– Проходи, – кажа гвардзеец.
Цынандалі з новае пляшкі пераконвае, што водаправод у «Бары» з 12 да 17.00 пакуль што не адключаюць.
Бервяно, мора і цынандалі зноў скіроўваюць мае думкі да загадкі – дзе я знаходжуся? – і да асобы, якая гэтую загадку ўвасабляе.
Чарговае перабываньне Гамсахурдзіі на волі атрымалася такім працяглым, што дысыдэнт здолеў ператварыцца ў прэзыдэнта.
Народ любіць свайго прэзыдэнта батона Зьвіяда Гамсахурдзію. Ніякага сумневу ў гэтым не пакідае ўчарашні нумар «Вечернего Тбилиси», што тырчыць у мяне з кішэні.
«Напрасно враги Грузии, – напісана ў ім на першай старонцы, – тешат себя надеждой, что наш народ устал в борьбе за независимость и демократию. Он неутомим, как и его Президент. Проискам врагов мы противопоставим сплоченность и единство. Те же, кто выступает против народа, будут сурово наказаны».
Ад гэтых суворых слоў лёгкі хмель пакідае мяне, і я пасьпешліва напаўняю філіжанку, каб адагнацца ад халоднае думкі, ці не выступаю я супраць народу, што супрацьпаставіць мне сваю згуртаванасьць і адзінства.
Читать дальше