Выслухаўшы ўсе гэтыя страшныя змоўніцкія гісторыі, Швейк палічыў, што будзе дарэчы высветліць вязням усю безнадзейнасць іх становішча.
– Кепскія нашы справы, – пачаў ён сваё суцяшальнае слова. – Гэта няпраўда, быццам вам, усім нам, нічога за гэта не будзе. Навошта ж тады паліцыя, як не для таго, каб караць нас за наш доўгі язык? Калі ўжо надышоў такі небяспечны час, што страляюць у эрцгерцагаў, то няма чаго здзіўляцца, што цябе вядуць у паліцыю. Усё гэта дзеля бляску, каб Фердынанду перад пахаваннем зрабіць рэкламу. Чым болей нас тут збяруць, тым лепей для нас, бо нам будзе весялей. Калі я служыў у войску, пасадзілі ў нас неяк палову роты. А колькі невінаватых людзей бывае асуджана – і не толькі ў войску, але і грамадзянскімі судамі! Памятаю, аднойчы асудзілі жанчыну за тое, што задушыла сваіх нованароджаных двайнят. Хоць яна і бажылася, што не магла яна задушыць двайнят, бо ў яе нарадзілася толькі адна дзяўчынка, якую ёй удалося задушыць зусім бязбольна, яе ўсё-такі асудзілі за забойства дваіх дзяцей. Або возьмем, да прыкладу, таго бязвіннага цыгана з Забегліц, што ў калядную ноч узламаў крамку дробнага тавару. Ён кляўся, што зайшоў пагрэцца, але гэта яму не дапамагло. Калі ўжо трапіў у лапы правасуддзя, справы дрэнь. Але што зробіш? Трэба ўсё-такі прызнаць, што не ўсе людзі такія паганцы, як мы часам мяркуем. Але як сёння адрозніш прыстойнага чалавека ад прахвоста, асабліва ў такі сур’ёзны час, калі нават Фердынанда цюкнулі? У нас таксама, калі я служыў у войску ў Будзеёвіцах, застрэлілі неяк сабаку ў лесе за вучэбным пляцам. А сабака быў капітанаў. Калі капітан пра гэта даведаўся, то выклікаў нас усіх, пастроіў і кажа: «Хай выйдзе наперад кожны дзесяты». Я, само сабой, аказаўся дзесятым. Сталі мы па стойцы «смірна» і «не маргні». Капітан ходзіць наўкола нас і гаворыць: «Вы нягоднікі! Нікчэмнікі! Паганцы! Гіены плямістыя! Усіх бы вас за гэтага сабаку ў адзіночку! Пасячы вас на кавалкі! Перастраляць! Нарабіць з вас адбіўных катлет! Ведайце, літасці не будзе, усіх на два тыдні ўпяку ў казармы!» Бачыце, тады гаворка ішла толькі пра маленькага сабачку, а цяпер жа пра самога эрцгерцага. Тут трэба нагнаць такога страху, каб жалоба была як мае быць.
– Я не вінаваты, я не вінаваты! – паўтараў ускудлачаны чалавек.
– Ісус Хрыстос быў таксама невінаваты, – сказаў Швейк, – а яго ўсё-такі ўкрыжавалі. Нідзе ніхто ніколі не зважаў на лёс бязвіннага чалавека «Maul halten und weiter dienen», як чаўплі нам у войску. Так яно найлепей і спакойней.
Швейк лёг на ложак і спакойна заснуў.
Тым часам прывялі двух новенькіх. Адзін з іх быў басніец. Ён хадзіў па камеры, скрыгаў зубамі і праз кожнае слова мацюкаўся. Яго мучыла думка, што ў паліцэйскай управе згубіцца яго латок з таварам. Другі навічок быў шынкар Палівец, які, убачыўшы свайго знаёмага Швейка, пабудзіў яго і трагічным голасам усклікнуў:
– I я ўжо тут!
Швейк сардэчна паціснуў яму руку і сказаў:
– Шчыра рады. Я ведаў, што той пан стрымае слова, калі паабяцаў, што па вас прыйдуць. Такая акуратнасць – рэч добрая.
Аднак пан Палівец заўважыў, што такая акуратнасць гроша меднага не варта, і ціха спытаў Швейка, ці не злодзеі астатнія арыштаваныя: яму як гандляру гэта магло пашкодзіць. Швейк яму растлумачыў, што ўсе, апрача аднаго, які пасаджаны за спробу забойства селяніна з Голіц, адносяцца да іх гурту – сядзяць з-за эрцгерцага.
Пан Палівец пакрыўдзіўся і сказаў, што ён тут не з-за нейкага недапечанага эрцгерцага, а з-за самога пана імператара. Усе зацікавіліся, і ён расказаў, як мухі запаскудзілі пана імператара.
– Запэцкалі мне яго, шэльмы, – закончыў ён аповед пра свае нягоды, – і вось давялі мяне да крыміналу. Я гэтым мухам не дарую, – прыгразіў ён.
Швейк зноў было ўлёгся прыдрамнуць, але спаў нядоўга – па яго прыйшлі, каб адвесці на допыт.
Падымаючыся па лесвіцы ў трэці аддзел на допыт, Швейк без нараканняў нёс свой крыж на Галгофу, нават не заўважаючы свайго пакутніцтва. Убачыўшы надпіс: «Пляваць на лесвіцы забараняецца», ён папрасіў у вартавога дазволіць плюнуць у плявальніцу і, ззяючы сваёй прастакаватасцю, увайшоў у канцылярыю са словамі:
– Добры вечар вам усім, людзі добрыя! Замест адказу нехта даў яму пад рэбры і падштурхнуў да стала, за якім сядзеў пан з халодным службовым выразам твару. Ён крыважэрна зірнуў на Швейка і сказаў:
– Не стройце з сябе дурня.
– Нічога не зробіш, – сур’ёзна адказаў Швейк. – Мяне вызвалілі ад вайсковай службы за ідыятызм. Спецыяльная камісія афіцыяльна прызнала мяне ідыётам. Я афіцыяльны ідыёт.
Читать дальше