Дзяўчына скурчылася ў кутку, утуліла ў плечы галаву, засланіла рукамі свой твар і пачала чакаць смерці.
Але Манг не рухаўся. Ен толькі паправіў вогнішча, а потым зноў утаропіў вочы на дзяўчыну.
«Дык вось якія яны!» — думаў ён, аглядаючы ўсю яе постаць, адзенне.
Яна нагадвала яму прыгожую бездапаможную птушку і выклікала ў ім спачуванне. Яму прыемна было адчуваць, што ён з'яўляецца збаўцам гэтай белай дзяўчынкі. Ен лічыў за гонар сядзець побач з прадстаўніком тых людзей, якіх блізка яны не бачылі.
А белая дзяўчына тым часам сядзела скамянелая ад жудасці і чакала смерці.
— Хоць бы хутчэй усё гэта скончылася! — прастагнала яна.
Яна ўсё чакала, калі прыйдуць яшчэ дзікія людзі. Яна ўяўляла сабе, як збярэцца шмат дзікуноў, страшэнных, узброеных, як пачнуць яны скакаць вакол яе, вакол агню, а потым… потым…
Тут яна не вытрымала і заплакала горкімі слязьмі. Плечы яе трэсліся ад рыдання, жаласны енк вырываўся з грудзей.
Манг здзівіўся і занепакоіўся. Такія слёзы, такі адчай узварушылі яго. Яму было так шкада яе, што ён ад шчырасці пасунуўся да яе бліжэй і пачаў супакойваць, як умеў:
— Не бойся! Манг усё зробіць: і спажывы табе знойдзе, і сам кану пашые, каб выехаць адсюль.
Убачыўшы, што ён пасоўваецца да яе, дзяўчына падумала, што канец прыйшоў ужо. Яна ўскрыкнула нечалавечым голасам, ускочыла і выбегла з-пад скалы ў цемру.
Манг застаўся сядзець з разяўленым ротам. Што з ёю? Куды яна? Чаму? Здаецца, нібы яна яго баіцца, але ж ён нічога дрэннага ёй не зрабіў і не думае рабіць. І што цяпер з ёю рабіць? Лавіць, ці што?
А яна тым часам адбеглася на некалькі крокаў і, убачыўшы, што ён сядзіць сабе спакойна і не гоніцца, — спынілася. Тады ёй прыйшлі ў галаву цвярозыя думкі. Куды яна дзенецца? Калі ён захоча, дык адразу яе зловіць. Але ж да гэтага часу з яго боку не відаць было ніякіх нядобрых намераў. Ён выратаваў яе, перанёс сюды, абагрэў і абсушыў, нават у сваю скуру апрануў, а сам сядзіць на холадзе толькі ў сваім поясе або фартуху.
Не! Відаць, ён не думае крыўдзіць яе. Можа, на яе шчасце, трапіўся дзікун з чалавечай душой. Кажуць, што і сярод дзікуноў часам сустракаюцца добрыя людзі. Можа, нават ён яшчэ і абароніць яе ад сваіх сяброў, што прыйдуць. Хай будзе што будзе, — усё роўна ёй няма куды дзецца.
І яна вярнулася на сваё месца.
Манг ветліва ўсміхнуўся і зноў загаварыў:
— Манг не скрыўдзіць Белую Птушку. Манг помсціць толькі сваім ворагам, такім, як Нгара.
Дзяўчына зусім супакоілася, нервовая ўзрушанасць прайшла, а разам з тым вярнуліся фізічнае недамаганне і вялікая зморанасць. Некаторы час яна трымалася, каб не заснуць (хто яго ведае, што тады можа быць), але хутка галава апусцілася, вочы заплюшчыліся, і яна сама не заўважыла, як ужо спала моцным сном.
Было каля поўначы. Бура скончылася, але акіян шумеў, як і раней. Як і раней, разбіваліся і гулі хвалі між рыфаў, як і раней, наляталі яны на бераг.
Манг падкінуў у агонь корч і прымасціўся спаць. Толькі галаву і плечы ён мог змясціць пад абрывам, рэшта цела засталася пад адкрытым небам.
Некалькі разоў холад прымушаў яго ўставаць і падпраўляць агонь, але не было чаго і падкладваць. Агонь ледзь тлеўся і зусім не абаграваў Манга.
Так правялі першую ноч Манг і белая дзяўчына.
На другі дзень. — Мярцвяк. — Манг у капітанскім убранні.— Пабудова лодкі.— Ад'езд. — Параход прайшоў міма. — Катастрофа. — Перад тварам смерці.— Пакінутая стаянка.
Манг прачнуўся рана і спачатку нават здзівіўся, убачыўшы новага чалавека. Хоць ён зараз жа і ўспомніў тое, што адбылося ўчора, але ўсё ж такі неяк дзіўна было і не верылася, што гэта праўда. Надта ўжо незвычайнае здарэнне.
Але довад быў перад вачыма. Дзяўчына спала моцным сном на яго скуры, падагнуўшы пад сябе свае «блакітныя» ногі. Светлае адзенне, светлыя валасы, бялюткі тонкі твар — усё гэта пераконвала, што перад ім знаходзіцца сапраўды незвычайная істота. Праўда, даўно ўжо мінулі тыя часы, калі тубыльцы лічылі белых за багоў. Але нашы фуіджынцы жывуць у такіх умовах, што не мелі шчасця, — або няшчасця, — сустракацца з белымі, і хоць не лічылі іх за багоў, але павагу адчувалі вялікую. Прынамсі тыя, каму не траплялася мець з белымі больш блізкіх зносін.
І Мангу прыемна было даглядаць і ахоўваць пекную Белую Птушку. Ен зараз жа пабег шукаць ёй (зразумела, і сабе таксама) спажывы. Ен хутка налавіў сваіх звычайных чарапашак ды слімакоў і пайшоў быў назад. Але праз некалькі крокаў спыніўся як укапаны: на вострым камені ляжаў чалавек у форме марскога афіцэра ці капітана. Мангу няцяжка было здагадацца, што гэта з загінуўшага карабля. На гэты раз у яго нават мільганула думка, што яму занадта ўжо будзе выхаванцаў.
Читать дальше