І цяпер ужо на караблі толькі адна думка: уцячы як мага далей ад благаславёнай зямлі, уцячы туды, у гэты страшны, цёмны акіян. Ен, гэты жудасны, бурны акіян, цяпер ужо здаецца ласкавым, мілым і жаданым.
Добрых вартаўнікоў мае зачараваны горад! Карыстаюцца гэтым і кіты: хоць самі яны і не могуць змясціцца ў вузкіх вуліцах, але затое ахвотна пускаюць туды сваіх дзяцей.
Двор, у якім апынуўся човен Тайдо, мы б назвалі маленькім возерам або сажалкай сярод скал. Апрача галоўных сцен выступалі, нібы надворныя будынкі, меншыя скалы, але ўсе разам шчыльна зачынялі выхад, акрамя брамы.
Праз паўгадзіны заўважылі, што вада пачала змяншацца, — пачынаўся адліў.
Людзі заварушыліся, зацікавіліся, але зусім не гэтым звычайным для іх з'явішчам, а тым, што робіцца ўнізе, пад чоўнам. Ці шмат спажывы пакіне адліў?
— Станем ля выхада, — прапанаваў Манг, — і не пусцім рыб уцякаць.
Так і зрабілі, ды яшчэ ўсе пачалі шумець і плюхацца ў вадзе. А вада ўсё апускалася, сажалка рабілася ўсё меншай і меншай. Праз гадзіны дзве човен стаяў ужо на голай зямлі, а ад возера засталася маленькая лужына.
Нельга сказаць, каб спажывы засталося надта многа. Дно гэтага кутка нельга было лічыць дном мора. Яно знаходзілася досыць высока і залівалася вадой толькі ў час прыліву. Значыцца, яно не магло мець свайго сталага насельніцтва. Траплялі сюды толькі выпадковыя рыбкі. Але ўсё ж такі і іх набралася столькі, што павінна было хапіць для ўсёй сям'і дні на два.
Адліў жа цягнуўся далей. Вада на вуліцы апусцілася яшчэ метраў на пяць, канец лодкі вытыркаўся ўжо над ёй у паветры, як балкон на трэцім паверсе дома. Новыя каменні з'явіліся пасярэдзіне вуліцы, некаторыя завулкі зачыніліся.
Але наша сям'я зусім не звяртала ўвагі на гэтыя змены. Ці першы раз здаралася з імі такое? Дзеці, у тым ліку і Манг, першыя скарысталі выпадак, каб пабыць на цвёрдай зямлі. З якой прыемнасцю яны распрасталі ногі, пачалі поўзаць па скалах! З няменшай ахвотай павылазілі і бацькі.
— Го-о! — пачуўся голас знізу. Зірнулі — Кос варочаецца.
— Як у вас? — запытаўся Кос, задраўшы ўгору галаву.
— На два дні рыбы знайшлі,— адказаў Тайдо. — А вы?
— Таксама, ды яшчэ во, — і Кос паказаў забітую чайку.
У лодцы Коса было толькі тры чалавекі: ён сам, жонка ды чатырнаццацігадовая дачка Мгу. Але недахоп мужчынскае сілы замяняўся уменнем жанчын добра плесці з травы і лубу розныя рэчы: торбы, цыноўкі, асабліва ж лодкі — «кану». Манг ведаў, што і цяпер у іх ёсць пачатая «кану».
— Паліва маеш? — запытаўся Тайдо.
— Не. Вось я і хацеў прапанаваць табе ехаць разам.
— Добра. Тады пачакай тутака, пакуль вада падымецца.
Пасля доўгай непагадзі сонца здавалася такім цёплым, пяшчотным, што людзі размяклі і паступова паснулі.
А вада тым часам зноў пачала падымацца. Пад вечар лодка Коса дакранулася да лодкі Тайдо.
А яшчэ праз гадзіну абедзве лодкі плылі па вуліцы, нібы ніякага здарэння з імі не было.
Па паліва. — Сустрэча з караблём. — Шыццё лодкі.— Чалавек у птушынай вопратцы. — Паляванне на маржоў.— Сварка з-за скуры.
Яшчэ з таго часу, калі Манг быў зусім маленькім хлопчыкам, ён заўсёды востра адчуваў адну невыгоду іхняга жыцця, — гэта тое, што яны заўсёды былі звязаны адзін з адным. Ен хацеў бы пайсці туды або туды, пабыць тут, пахадзіць там, але нельга было: ён моцна прыкаваны да сваёй лодкі, да сваёй сям'і.
І з таго часу ён усё марыў толькі аб адным: каб быць вольным, каб мець магчымасць плысці куды хочаш і заставацца там, дзе табе падабаецца. А для гэтага трэба было мець сваю асобную, уласную «кану». Але яе маглі мець толькі самастойныя, дарослыя людзі. Нічога не заставалася, як толькі чакаць, пакуль ён вырасце.
Нарэшце пайшоў яму васемнаццаты год. Ужо сам бацька пачаў пагаворваць аб тым, каб падзяліцца, бо вельмі ўжо цесна рабілася ў лодцы.
— Вось падрасце Мгу, — казаў ён, — возьмеш сабе яе за жонку. Добрая дзяўчына, майстроўка. І добрую кану табе пашые.
Сэрца Манга забілася мацней пры думцы аб… лодцы, а не аб дзяўчыне. Не пра тое, каб жаніцца, думаў ён, а пра волю. Эх, каб можна было атрымаць толькі кану, без жонкі!
Ен выказаў гэтую думку бацьку, але стары Тайдо нават не зразумеў, чаго ён хоча.
— Навошта табе адзін човен, калі можна разам атрымаць і човен і жонку? Я ўжо дагаварыўся аб гэтым з Косам.
Мангу нічога не заставалася, як толькі чакаць.
Для таго каб пабудаваць кану, трэба было зрабіць з жэрдак шкілет яе, а потым абшыць карой. Такім чынам, трэба было знайсці дрэва, што з'яўляецца вельмі нялёгкай задачай, потым — знайсці досыць кары, што таксама вельмі цяжка, ды сшыць яе, што з'яўляецца ўжо вялікім майстэрствам. Трэба дапасаваць лубяныя ніці-стужкі да дзірак такім чынам, каб ніводная кропля вады не пранікла. Гэта сапраўды вялікае майстэрства.
Читать дальше