Гэта быў нібы горад, горад, не горшы за які-небудзь Нью-Йорк, толькі… мёртвы. Ва ўсе бакі разыходзіліся, перапляталіся вуліцы-каналы, а па баках уздымаліся чорныя будынкі-скалы. Ніводзін з іх не быў падобны да другога, але ўсе разам стваралі ўражанне казачнага горада. Усе яны ўздымаліся сцяной, ад некаторых выступалі ў ваду нібы ганкі, а над вадой — балконы. Уздымаліся цэрквы, вежы, вышынёй у два кіламетры; верхавіны іх ззялі на сонцы сваім адвечным снегам, а па баках спаўзалі сінія ледавікі.
На рагу дзвюх вуліц з вышыні дзесяціпавярховага дома падаў вадаспад. Па дарозе вада рассыпалася ў пыл, гуляла на сонцы ўсімі колерамі. А на процілеглай чорнай сцяне вызначалася вясёлка.
Чароўны, казачны горад, толькі жыхароў не відаць. Апрача лодкі Тайдо, нідзе аніводнага чалавека. Але вось высока на выступе-балконе аднаго гмаху паказаліся дзве бела-шэрыя постаці, а побач з чорных дзірак вокнаў выглядаюць яшчэ шмат белых дзяцей. Ці не жыхары выйшлі пацешыцца добрым надвор'ем?
Але пачуўся прарэзлівы крык, пяць ці шэсць дзяцей вываліліся з акна і… паляцелі ўздоўж вуліцы. Цяпер ужо відаць, што гэта чайкі, а тыя дзве вялікія постаці — альбатросы. Рэдка іх можна бачыць на зямлі. Часцей іх бачаць у моры, за некалькі тысяч кіламетраў ад берага. Нездарма распасцёртыя крылы іх маюць два з палавінай метры ўшыркі.
Тут яны могуць лічыць сябе паўнапраўнымі жыхарамі горада. Ніхто ім не думае пагражаць: еўрапейцаў тут не бывае, а фуіджынцы, якія капошацца там, унізе, не могуць быць небяспечнымі для іх.
Ну, а чайкі, дык тыя ўсюды адчуваюць сябе, як дома, усюды падымаюць шум і гам.
Але што гэта там такое? Нібы заварушыўся снег на скале. Потым узляцела хмара птушак, але скала засталася такою ж белаю, варушылася і крычала, як і дагэтуль.
Вось яно, самае галоўнае насельніцтва гэтага горада! Відаць, ён не такі ўжо мёртвы, як здавалася.
Праз некаторы час заварушылася нешта і ў канцы вуліцы. З-за павароту выплылі два чорныя звяры і, гуляючы ды куляючыся, пачалі набліжацца да лодкі Тайдо.
Вада, якая заставалася спакойнаю нават у буру, цяпер захвалявалася, заплюхалася аб сцены. Рэха панеслася па цясніне.
Па фантанах вады, якая ўзлятала над галовамі гэтых жывёлін, адразу можна было пазнаць, што гэта былі кіты, або дакладней, два маленькія кіткі.
Трэба было толькі дзіву давацца, як спрытна рухаліся гэтыя нязграбныя жывёлы. То галовы, то хвасты мільгалі ў паветры, то ўсё цела цалкам выскаквала з вады, а потым плюхалася так, што ўсё навокал дрыжала; то станавіліся рубам, то куляліся яны адзін праз аднаго. Адным словам, дурэлі, як належыць усім малым дзецям.
І дзеці Тайдо цешыліся, гледзячы на іх, крычалі, смяяліся; толькі самому Тайдо было не да смеху.
— Гэтыя блазны могуць нарабіць вялікай бяды, — сказаў ён і накіраваў лодку прэч ад раздураных кіцянят.
Але тыя, угледзеўшы новую забаву, пачалі гнацца за лодкай, каб пагуляць з ёю. Справа рабілася ўжо небяспечнай. Хвалі пачалі кідаць лодку ва ўсе бакі, некалькі разоў ледзь не стукнулі аб сцяну. Вось адзін кіток апынуўся побач з лодкай і, нібы жадаючы паказаць сябе, кульнуўся так, што хвост ледзь не зачапіў лодкі. Яна хіснулася, зачарпнула вады, дзеці спалохана запішчалі.
— Налягай! — крыкнуў бацька сыну. Нават матка прыняла ўдзел. Лёгкі човен ляцеў, як страла, але кіткі не адставалі ні на крок і дурэлі так, нібы гэты човен быў іхняй цацкай. На шчасце, між двух дамоў знайшлася расчыненая брама — праход між скал.
— Паварочвай! — закамандаваў Тайдо.
Манг мігам упёрся жардзінай у сцяну, а бацька тым часам хутка прасунуў човен у праход. Праз момант яны былі ўжо на «дзядзінцы».
Кіты, відаць, здзівіліся такому хуткаму знікненню цацкі і нават спыніліся на вуліцы, ля брамы, але праціснуцца праз яе ім было немагчыма. Ды яны і не думалі гэтага рабіць: пырснулі з сваіх насоў і паплылі сабе далей.
На поўдзень ад Вогненнай Зямлі заўсёды было шмат кітоў. Вядома, не было недахопу і ў кіталовах. Але ўсё ж такі іх было менш, як у паўночных морах. Па-першае, далёка было ехаць, а па-другое, гэтая частка акіяна лічыцца самай неспакойнай, самай бурнай ва ўсім свеце. Нямнога можна налічыць людзей, якія праехалі тут без буры.
Але ўсе буры — нішто перад гэтымі скаламі, якія пільнуюць маракоў не толькі над вадой, але і пад вадой.
Б'ецца карабель у моры, насмерць змагаецца з бурай, кожны момант знаходзіцца ён на валасінку ад смерці, але надзея ўсё ж трымаецца ў сэрцы людзей. Але вось раздаецца крык: «Зямля!» — і ад гэтага, здавалася б, жаданага слова кроў стыне ў жылах, сэрца сціскаецца, надзея гасне і смерць заглядае ў вочы.
Читать дальше