Адным словам, кожны раз выяўлялася, што трэба і можна яшчэ і яшчэ палепшыць прыладу. Нарэшце Віктар сказаў:
— Чаму было нам адразу так не зрабіць? А то цэлую гадзіну ўсё патрошкі выдумваем.
— Відаць, адразу з галавы, без практыкі, не надта выдумаеш, — адказаў Мірон. — Я думаю, мы за гэтую гадзіну прайшлі шлях, які першабытны чалавек праходзіў гады, стагоддзі…
— …тысячагоддзі! — жартаўліва падказаў Віктар.
— І тысячагоддзі! — сур'ёзна сказаў Мірон. — Першабытны чалавек еў сырога зайца гэтак жа, як і ты. А колькі часу прайшло, пакуль ён здабыў агонь? Першабытны чалавек не меў ніякай прылады, як і мы. А колькі часу прайшло, пакуль ён надумаўся скарыстаць камень? А колькі часу прайшло ад каменя да жалеза?…
— Пачакай, пачакай, — перапыніў Віктар. — Тут ужо ты няправільна разважаеш: жалеза ты не выдумаў, а гатовае ўзяў.
— Ну добра, — згадзіўся Мірон. — Але апрацоўку і прыстасаванне яго першабытны чалавек прыдумаў, напэўна, не за гадзіну. Вось разам і набяруцца не толькі тысячы год, а нават мільёны. А ў нас з табою і дня не прайшло.
— Няма чаго задавацца, — зняважліва адказаў Віктар. — Твае вынаходствы не твая заслута, а ўсіх папярэдніх пакаленняў, у тым ліку і першабытных людзей. Твайго тут і макавінкі не знойдзецца. А каб не было нікога да нас, то мы з табою таксама выдумлялі б мільёны гадоў.
Гэтыя размовы мелі тую карысць, што на некаторы час адцягнулі думкі хлопцаў ад голаду. Затым прылада была пушчана ў ход. Які гэта быў «ход», лепш ужо не гаварыць… У кожным разе, роля прылады зусім не адпавядала той навуковай дыскусіі, якая вялася вакол яе. Аднак з дапамогай трэсак, сучкоў, пальцаў абодвух хлопцаў яна выканала сваю задачу: атрымалася некалькі бясформенных кавалкаў мяса, якія Мірон і закапаў у жар.
— А можа, лепш над агнём? — сказаў Віктар. — Я чытаў, што гэтак робяць.
— А я чытаў, што ў попел кладуць, — адказаў Мірон. — Другі раз паспрабуем над агнём. Паспеем яшчэ вывучыць розныя спосабы.
Калі мяса пачало скварыцца і сіпець, пакуты хлопцаў яшчэ больш павялічыліся.
— Цягні, досыць будзе! — крычаў Віктар кожную хвіліну.
Нарэшце выцягнулі.
Што за смажаніна выйшла, які смак мела, — невядома, бо з'едзена яна была ў адзін міг. І толькі пасля гэтага пайшлі розныя заўвагі:
— А здаецца, мы яго недатрымалі.
— Шкада, што солі няма. Была б зусім іншая рэч.
— Эх, каб хоць малюсенькую лустачку хлеба!
Затое тыя кавалкі мяса, што засталіся на заўтра, былі дасмажаны добра. Палажылі іх на трэсках пад дрэвам і пачалі рыхтавацца да сну. Настрой хлопцаў быў ужо зусім іншым.
— Закурыць бы цяпер, — сказаў Віктар і пайшоў шукаць сваю махорку.
Але ў цемры не знайшоў. Узяў тады галіну з агнём — і ўбачыў, што ўся махорка параскіданая і патаптаная.
— Гэта ты зрабіў?! — крыкнуў ён на Мірона.
— Навошта яна мне здалася? — паціснуў плячыма Мірон. — Мусіць, і твая праца тут ёсць. Памятаеш, як мы тады дужаліся…
Пачаў быў Віктар збіраць драбінкі, потым раззлаваўся і плюнуў.
— Вось і добра, — заўважыў Мірон. — Калі-небудзь падзякуеш, што так здарылася.
Назапасілі нанач галля.
— Каб нам не звесці агню, — трывожыўся Мірон. — Можа, па чарзе пільнаваць.
— Ну, не. Ад добрага вогнішча заўсёды застаецца пад попелам жар да раніцы.
Спаць класціся не спяшаліся. Абодва адчувалі сябе так спакойна і ўтульна, нібы яны былі ў самым звычайным становішчы.
— Толькі два дні мінула, — разважаў Мірон, — а мне здаецца, нібы некалькі тыдняў мы тут жывём. Але што мы будзем есці, калі прыйдзецца тут чакаць тыдзень ці два?
— Звяроў будзем лавіць, рыбу, птушак, — весела адказаў Віктар. — Цяпер, калі ёсць агонь, я ўжо нічога не баюся.
— Яно так, але як будзеш лавіць? — задуменна пытаўся Мірон.
— А як жа розныя дзікуны жывуць? — храбрыўся Віктар.
Праз гадзіну хлопцы смачна спалі, адчуваючы пяшчотную цеплыню ад свайго ў поце здабытага агню.
Таемны звер. — Навальніца. — Змаганне за агонь.
Ноч выдалася цёплая, ціхая. Але лес, відаць, не спаў. То пісне нейкая птушка, то прарэзліва крыкне сава, то храсне сухая галіна, то пачуецца ледзь значны шолах.
Агонь дагараў. Куча галля ўсё змяншалася, канцы ламачча тлелі навакол. У сярэдзіне было досыць вуголляў і жару, але святло ўсё слабела. Вуголле шарэла ўсё больш і больш, разам з гэтым з лесу пачала насоўвацца цемра. Вось ужо агеньчык ледзь-ледзь блішчыць.
Тады ў лесе мільгануў цень нейкага невялікага звера. Рухаўся ён так ціха, што яго нельга было б пачуць, нават калі б хлопцы не спалі. Звер круціўся навакол то з аднаго, то з другога боку, усё бліжэй, бліжэй…
Читать дальше