Віктар усміхнуўся.
— Не скажу і я, каб смачна было. І кусаць другі раз таксама пачакаю. Думаю, пакуль што і гэты кавалак што-небудзь дасць для арганізма. Але ўсё ж такі лічу за лепшае з'есці сырога мяса, чымся паміраць. Ну, смялей!
— Пачакай крыху, паспею, — прамовіў Мірон і зноў палажыў зайца на зямлю.
— Не надта паспееш, — сур'ёзна сказаў Віктар. — Калі доўга будзеш чакаць, то мяса і сапсавацца можа.
— Хоць трошкі пачакаем, — адмаўляўся Мірон, — а пакуль паспрабуем яшчэ іншым спосабам. Я там бачыў добрую палку.
Ён прынёс сухую гладкую альховую палку і падаў Віктару.
— Пастарайся завастрыць яе, а я пайду пашукаю яшчэ што-небудзь.
Віктар, не доўга думаючы, пусціў у ход свае зубы.
— Што ты робіш?! — крыкнуў Мірон і выхапіў палку. — Ты ж замочыш яе! Ты як-небудзь інакш.
Тады Віктар пачаў вастрыць яе аб дрэва, потым уціснуў канец у шчыліну ў дрэве і пачаў круціць. А Мірон пайшоў у лес.
Праз некаторы час ён закрычаў:
— Віктар! Сюды! Хутчэй!
Віктар пабег. Мірон стаяў каля зрэзанага пня і трымаў у руках некалькі шырокіх трэсак.
— Хіба ты не мог без мяне прынесці гэтыя трэскі? — сказаў Віктар.
— Не тое. Зірні, вунь некалькі зрэзаных пнёў.
— Ну дык што ж?
— Значыцца, тут людзі бываюць. Значыцца, мы не на бязлюдным востраве. Значыцца, і выхад павінен быць.
— Гэта, браце, невялікая радасць. Напэўна, гэта магло быць толькі ўзімку, праз возера. А сядзець тут да зімы…
— І то праўда, я забыўся, — збянтэжана адказаў Мірон.
Пачалі наладжваць новую прыладу.
— У дошчачцы трэба выкалупаць ямку, — тлумачыў Мірон. — Уставім туды востры канец палкі, вось так. Я каменем буду паступова прыціскаць зверху, а ты круці палку то ў адзін, то ў другі бок.
Лёгка было сказаць — «выкалупаць ямку». А калі дайшло да справы, то гэтае «калупанне» без прылады аказалася вельмі нялёгкай і маруднай справай. Колькі трэсачак пераламалі! Ды яшчэ трэба было сачыць, каб яны былі зусім сухія, бо іначай ямка зрабілася б вільготнай.
Нарэшце падрыхтоўчыя работы былі скончаны.
Віктар узяў палку між далонямі і пачаў круціць. Але машына спынялася кожную хвіліну: то рукі саслізнуць, то камень, то Мірон занадта прыцісне. Нарэшце Віктару далоні пачалі балець.
— Ды яно нават і не награецца, — з прыкрасцю сказаў ён. — І якім гэта чынам дзікуны робяць? Мы прызвычаіліся з пагардай зваць іх дзікунамі, а самі — дурнейшыя ад іх. Тут патрэбна спецыяльная машына, каб круціць.
Мірон стаяў, апусціўшы галаву, і напружана думаў. Нарэшце ён крыкнуў:
— Успомніў! Успомніў! Трэба зрабіць лук, абкруціць адзін раз палку напятай струной і піліць, як на скрыпцы. Яна тады і будзе круціцца як след. Калісьці я нават і малюнак такі бачыў у адной кніжцы.
— Пачакай яшчэ скакаць, — недаверліва сказаў Віктар. — Мы ўжо рабілі па кніжцы.
— Тое, ды не тое, — упэўнена адказаў Мірон.
Знайсці і зламаць патрэбную галіну было няцяжка. Але што на яе напяць? Азірнуліся навакол, зірнулі на сябе.
— Давай шнурок ад сваіх чаравікаў! — крыкнуў Мірон.
Прыладзіліся. Падрыхтавалі губу, драбнюсенькія трэсачкі. Пачалі шморгаць лукам. Справа пайшла іначай. Нават Віктар пачаў спадзявацца.
— Дынама-машына, ды і годзе! — засмяяўся ён.
Сучок круціўся, ямка паглыблялася.
— Поўны ход! Без перапынку! — камандаваў Мірон.
Віктар і без гэтага стараўся ваўсю. Але праз некалькі хвілін лук як тарганецца ды як скокне ўбок!… Ледзь Віктару вока не выбіў: гэта шнурок перапіліўся і парваўся.
— Вось няшчасце! — усклікнуў Віктар. — Чаму ж ты два шнуркі разам не скруціў?
— А чаму ж ты сам не сцяміў?
— Усё сам ды сам, а твая галава навошта?
— Няўжо ты забыўся, што гэты спосаб і шнуркі я прыдумаў, а не ты?
Тут Віктар убачыў, што даў маху. Але ж не ўступаць жа з-за гэтага! І ён, рыхтуючы шнуркі, усё ж такі бурчаў, абы толькі не маўчаць, абы толькі мець апошняе слова:
— Рана хваліцца новым спосабам — невядома яшчэ, што з яго выйдзе. А шнуркі знайсці на чужых нагах кожны здолее. Я і сам здагадаўся б, каб падумаў…
— …месяцы са два, — у тон яму прадоўжыў Мірон.
Віктар паглядзеў на яго і… шчыра зарагатаў.
Разарваны шнурок звязалі і скруцілі з цэлым. Але зноў бяда: вузялок перашкаджаў прыладзе рухацца!
Тады хлопцы накруцілі вакол шнуркоў тонкіх карэньчыкаў. Пасля таго ўся вяроўка зрабілася таўсцейшай, вузялок схаваўся і ў дадатак яшчэ наогул магутнасць машыны павялічылася ў шмат разоў.
Зноў пачалі шморгаць лукам. Цяпер ужо цягаў Мірон, а Віктар прыціскаў палку каменем. І калі ўжо здавалася, што вось-вось пакажацца дымок, камень саслізнуўся і машына павалілася набок.
Читать дальше