— За здароўе гэтага мілага стварэння! — сказаў Віктар, лузгаючы арэхі.
Панапхалі сабе арэхаў дзе толькі можна было і весела накіраваліся «дадому».
Праз некалькі крокаў Віктар спыніўся.
— Глянь! — крыкнуў ён. — Нібы грыбы нейкія. Можа, і іх можна скарыстаць? Але, здаецца, яны воўчыя.
Мірон нахіліўся. Ён убачыў бурыя грыбы, — нібы сушаныя грушы, панатыканыя вострымі канцамі ў зямлю. Безліч тонкіх, далікатных зморшчак надавала ім нейкі асаблівы выгляд.
— Гэта смаржы, — сказаў Мірон, калі ўважліва разгледзеў іх.
— А іх можна есці?
— Можна, і нават яны вельмі смачныя, але гэтыя занадта старыя. Смаржы — першыя нашы грыбы. Яны з'яўляюцца зараз жа пасля таго, як растане снег.
— Калі можна есці, дык няма чаго перабіраць, старыя ці маладыя.
— Ну, не. Старыя небяспечныя, атрутныя. Ды ў гэтых дробных зморшчках столькі пяску і рознага бруду, што іх і вымыць нельга.
— Пашукаем тады маладзейшых.
— Пашукаем.
Пачалі шукаць, але справа была вельмі марудная, бо амаль для кожнага грыба даводзілася складаць «камісію», каб вызначыць, стары ён ці малады. Пад пагрозай атруты выкінулі нямала і добрых грыбоў, але ўсё ж такі знаходзіліся і надзейныя. Вось ужо зараз будзе поўная шапка…
Але тут на шыю Мірона капнула некалькі кропляў дажджу.
— Дождж! — закрычаў ён не сваім голасам, нібы гэта капнула гарачая смала, кінуў шапку і паляцеў на сваіх цыбатых нагах так, што Віктар адразу згубіў яго з вачэй.
Адчуў некалькі кропляў і Віктар, але, зірнуўшы ўгору, убачыў, што вялікай небяспекі няма: лёгкія хмаркі хоць і пакрапалі крыху, але вялікім дажджом, здаецца, не пагражалі. Ён ухапіў Міронаву шапку і пабег за ім. Праз некалькі крокаў ён заўважыў на зямлі арэхі, спачатку невялікую палоску, а потым і спорную кучу. А кроплі болей не капалі.
— Стой! Назад! Арэхі рассыпаў! — закрычаў Віктар і пачаў збіраць арэхі.
Праз некалькі хвілін вярнуўся і Мірон.
— Чаго ты паляцеў, нібы звар'яцелы? — накінуўся на яго Віктар. — Бачыш, дабро парастрасаў! Дажджу ж няма.
— А ты забыўся, як мы баранілі агонь? — адказаў той. — Хочаш яшчэ раз рызыкнуць? Добра, што так абышлося. А бегчы тады, калі вялікі дождж пайшоў бы, было б позна.
Шукаць да апошняга арэха было марудна, знаходзіліся ж яны блізка ад сваёй стаянкі, — таму вырашылі рэшту арэхаў падабраць другі раз.
Да стаянкі было не болей, як паўкіламетра. Агонь захаваўся добра. Памылі смаржы, кінулі ў агонь. Грыбы зморшчыліся так, што нават не было чаго есці. Ды яшчэ попелу набралася ў зморшчкі столькі, колькі было дабра ў самім грыбе. Але ўсё ж такі страва выйшла досыць смачная.
— А ведаеш што? — сказаў Мірон. — Я лічу, што гэты попел з поспехам заменіць нам соль. Я недзе чытаў, што ёсць на зямлі куткі, дзе людзі наогул ужываюць попел замест солі.
— Ну і еш на здароўе, гэтага дабра хопіць, — адказаў Віктар. — Вось толькі шкада, што другой стравы няма, а прыходзіцца адразу прымацца за трэцюю, за арэхі.
— Затое наогул сёння наш абед — панскі. Далікатны і смачны.
Пасля абеду зараз жа ўзяліся будаваць сабе «хату». Доўга меркавалі, як гэта без сякеры і нажа ўзяцца за працу, і, нарэшце, знайшлі добры выхад. У тых кустах, дзе злавілі зайца, яны выбралі мясцінку, а над ёй звязалі дрэўцы, што раслі побач. «Зруб» выйшаў дасканалы, моцны. А пераплесці яго, зрабіць страху было зусім няцяжка.
Хата выйшла на славу. Каб чысцей было, падлогу засыпалі пяском, а ложкі зрабілі з леташняга чаротніку. Радасць хлопцаў была бязмерная. З якім замілаваннем яны аглядалі сваю пабудову, затыкалі кожную шчыліну, абламвалі кожную лішнюю галінку, цешыліся і знадворку, і з сярэдзіны! Гэты зроблены іх уласнымі рукамі будан здаваўся ім найлепшым памяшканнем у свеце.
— Цяпер я згодзен жыць тут хоць усё лета! — цешыўся Віктар.
— Вось тут арэхі паложым, а ў гэтым куту — сухія дровы, каб падтрымліваць агонь у час дажджу, — гаспадарыў Мірон.
Калі будан (або «юрта», як казаў Віктар) быў гатовы, прыступілі да ўпарадкавання агню. Галоўную базу для яго выбралі ў той ямцы пад коранем дрэва, дзе было іх логава.
— Трэба выкапаць ямку глыбей, каб жар у ёй доўга захоўваўся, — меркаваў Віктар, — ды пусціць яе пад корань, каб вада не дабралася.
— Гэта было б добра, — сказаў Мірон. — Але ж мы гэткім чынам сапсуем вялікае каштоўнае дрэва.
Зірнуў Віктар на дрэва — высокае, магутнае, вельмі прыгожае. Лепш было б пад пнём ссечанага дрэва, але такога не відаць.
— Шкада дрэва, — уздыхнуў ён, — але справа ідзе аб жыцці двух савецкіх грамадзян. Мы адпрацуем дзяржаве за гэтае дрэва і пасадзім замест яго некалькі новых.
Читать дальше