Міхаль думаў пра гэта, ідучы з балотаў. Яшчэ ён адчуваў стомленасць. Пахла скошанай прывялаю травой, вадой і ўсё роўна крышку балотам. Гэты пах з'яўляўся заўсёды, калі нізка на захад схілялася сонца. Ад балотнага духу не магла пазбавіцца зямля. Міхаль любіў гэты пах, цішыню, як і сваю дамоўку, — пры гэтым ён вырас, гэтым жыў. Ён ведаў, што ў горадзе ён не вытрываў бы і тыдня. Там не было прастору. Але не шкадаваў, што дзеці пайшлі ў горад.
Хата Міхалёва стаяла з краю. На двор ён пайшоў сцежкаю ад агарода, на пляцы. У тым, што хата стаяла з краю, была свая выгада, — воля на выган і гусям, і курам. Яны не псавалі дома агарод.
— Каб вы падохлі! Аўсь, лезеце сляпіцаю! — пачуў ён голас жонкі, якая крычала на свіней. Потым было чутно, як пацягнула адну з іх кіем і тая аж віскнула. — Каб вы паздыхалі! Як вы мне надаелі! У магілу мяне загоніце! Аўсь!
Міхаль зайшоў у хляўчук, дзе трымаў запасы камбікорму, павесіў на цвік касу, паставіў сумку. Гэты хляўчук ён збіў на сынаву машыну, пакуль той пабудаваў гараж. Пабудова спатрэбілася ў гаспадарцы.
— Ног за дзень не чую, як калоды сталі! Каб яна здохла, плойма гэтая!
Жонка села на парог, правяла рукою па нагах.
— А я, па-твойму, гуляю, — кінуў Міхаль і, каб не сварыцца, пайшоў з двара: па цялё, якое пасвілася, прыпятае, на выгане.
Потым ён выкасіў у садзе травы карове. Пакуль жонка даіла карову, паналіваў у вёдры халоднае вады з калодзежа, каб было куды паставіць на ноч малако. Перад тым як зайсці ў хату, праверыў, ці зачыненыя хлявы, зашчапіў варотцы на вуліцу.
Вячэралі з жонкаю моўчкі пры ўключаным тэлевізары, скупа перакідваліся словамі. Абое ведалі, што рабіць заўтра, а заўтрашні дзень будзе доўгі, гэтакі, як і сённяшні.
Спаць Міхаль лёг на ложку ў сенцах — там здаравей дыхалася. Заснуў ён адразу — за кароткую летнюю ноч трэба ўспець адпачыць.
Ён і сам не мог зразумець, што пабудзіла яго. Быццам нехта штурхануў пад бок. Міхаль здзіўлена прыслухаўся і пачуў, што на двары нехта ходзіць. Потым свіння рохнула.
«Я ж, здаецца, добра зачыніў дзверы», — падумаў ён і ўстаў з ложка, выйшаў у веранду і адтуль пачуў, што за хлявом нешта нібы грукнула.
Ужо без усякіх думак ён круцянуў у замку ключ, выйшаў на парог. Свіння хадзіла па двары, дзверцы хлеўчука адчынены. За хлявом на выгане чутна ціхая мітусня.
Міхаль схапіў прыслонены да веранды кій, кінуўся туды. Ён не ўспеў вытыркнуцца за вугал хлява, як пачуў, што нешта храснула, і востры боль так працяў яго ад галавы да пят, што ён зароў немым голасам.
Ачнуўся ён ад таго, што нехта гаварыў да яго і холадна тыцкаўся ў шчаку. У галаве гудзела і трэскалася, нечым клейкім заляпіла ўвесь твар. Міхаль павярнуў галаву, і ад гэтага, здалося, у галаве заварушыліся і стукнуліся два камяні.
Адно вока не глядзела. Другім ён убачыў, што ля яго ходзіць свіння. Міхаль паспрабаваў устаць на рукі, але яны зрабіліся ватныя, і кожны рух тупа аддаваўся
ў галаве. Павольна ён папоўз назад на двор, да парога ў хату, успоўз на першую прыступку і адчуў, што далей паўзці не стае сілы.
Рукою Міхаль намацаў гузыр мяцёлкі і колькі аставалася сілы загрукаў у дзверы — разам з фанераю ў філёнкі была ўстаўлена бляха, якая павінна грымець бубнам. Кожны рух аддаваўся ў галаве болем, і хутка ён зноў праваліўся ў чорную яму забыцця…
Ачнуўся Міхаль сярод усяго белага, доўга глядзеў у столь і не мог зразумець, дзе ён і чаго.
— Колькі іх было? Вы пазналі хоць каго? — пачуў ён і ўгледзеў над сабою маладога чарнявага мужчыну ў белым халаце, нечым падобнага на ягонага Сяргея, успомніў, што з ім здарылася, паспрабаваў адкрыць рот, але ні сківіцы, ні губы яго не слухалі… І апошняе, што асталося ў свядомасці, гэта што мужчына падобны на ягонага Сяргея.
Семежаў выйшаў з палаты разам з доктарам.
— Калі можна яшчэ прыйсці да яго?
— Не ведаю. Цяжкі ўдар. Дзядзька дужы, але ж гэта галава. Усякае можа быць.
— Пазваніце мне, калі з'явіцца такая магчымасць. Пасля абеду Семежаў калаціўся ў міліцэйскім «козліку» у Забалацце. Семежаў не ведаў сам, чаго ён яшчэ раз едзе туды. Апытваць болей там не было каго. Знайшоў параненага пастух, калі ішоў выганяць калгасных кароў. Угледзеў, што свіння рыецца ў агародчыку, зайшоў на двор і ўбачыў скрываўленага гаспадара.
Семежаў спыніўся на дарозе, выйшаў з машыны і пайшоў уздоўж дарогі. Яна тут была падсыпана вышэй, і недзе з'езд тае машыны павінен застацца. Хаця даць ён нічога не мог. На сухой зямлі следу ад пратэктара не асталося. З'езду ён так і не знайшоў, бо тут ужо з'язджала некалькі машын, у тым ліку і тая, якая прывозіла аператыўную групу. Ён шукаў месца, дзе магла спыніцца машына. Бліжэй да хлява, але не пад самым ім.
Читать дальше