— А вы тады збеглі, Аляксандр Антонавіч.
— Чаго гэта? — Корзуну стала няёмка. Здаецца, прыдумаў пераканаўчую прычыну, а гэты з выгляду праставаты чалавек, аказваецца, раскусіў яго. Не, што б там ні казалі, а ў кожным нарыхтоўшчыку гіне вучоны-псіхолаг.
— Вось і я думаю, — усміхнуўся Кунцэвіч. — Дзяўчына ці, можа, кампанія не да стала?
Урэшце ён сам пачаў размову. Гэта развязвала Корзуну рукі. Цяпер любое яго пытанне будзе выглядаць больш-менш натуральным. А пытанне ў яго было. Праўда, асабіста да Кунцэвіча, які знайшоў мёртвага Рамейку і раней з ім не сутыкаўся, яно дачынення не мела. Таму і не мог задаць яго раней, у час афіцыйнага допыту.
— Дзяўчыну я трэці раз у жыцці бачу. А кампанія?.. Дык яна мне нават болей падыходзіць, чым вам. Вам жа гадоў на дваццаць болей, чым любому з нас.
— Калі лічыць Міхася Карпавіча, на пятнаццаць…
— Сябруеце ж…
— Не без таго, — Кунцэвіч развёў рукі, маўляў, у каго не бывае дзівацтваў.— Маладзею з ім. За гэта і люблю.
— Дзіўная дружба, — паддзеў Корзун.
— Што так? — выпнуў падбародак Кунцэвіч. Тое, што Корзун хацеў даведацца яшчэ нешта пра Абабурку, вядома, не давала яму права ўспамінаць, мажліва, непрыемныя для Кунцэвіча моманты. Ён гэта разумеў, але размова была як паміж знаёмымі, з нейкай агульнай таямніцай, так што можна было не выбіраць выразаў.
— Вы да яго «Карпавіч», а ён…
— Ну, гэта глупства, — усміхнуўся зноў Кунцэвіч, хаця вочы яго нібы наліліся холадам. — Галоўны заатэхнік, начальства. Прывык да пачцівасці. А мне што, цяжка? Мае чыны невысокія, як пачынаў Федзем, так Федзем і скончу, хіба пракурор у пратаколе Сяргеевіч дапіша… Абы дружба была.
Кунцэвіч прамовіў гэта раўнадушна, нібы пытанне было не вартае сур'ёзнай увагі. І сапраўды, у дружбе не гэта важна, былі б вернасць, шчырасць. Корзун не меў падстаў думаць, што ў адносінах Кунцэвіча і Абабуркі няма шчырасці. Проста нарыхтоўшчык ставіўся да маладзейшага таварыша паблажліва, дараваў фамільярнасць, можа, недзе ў глыбіні душы ганарыўся дружбай з чалавекам больш высокай пасады, адукаваным, непрывычным. Мог жа Абабурка выклікаць у Кунцэвіча захапленне шырокімі жэстамі, непадобнасцю на ягоных калег, людзей, з якімі ён пастаянна сутыкаўся як нарыхтоўшчык…
— Сумняваецеся? — паўза зацягнулася, і ў Кунцэвічавым голасе пракінулася насмешка.
— Мне ён здаваўся больш тонкім, чулым. — Корзун так не думаў, Абабурка яму не спадабаўся з першай сустрэчы, але Кунцэвічу зараз зусім не абавязкова было гэта ведаць — ён міжволі мог дадаць да Корзунавага ўяўлення аб заатэхніку які-небудзь новы штрых.
— Са мной ён адкрыты: які ёсць, такі ёсць.
Гэта можна было разумець так, што перад іншымі Абабурка іграе прыдуманую ролю. Вядома, такія людзі таксама ёсць. Але навошта Кунцэвічу раскрываць яго, гэта не па-сяброўску. Не зусім абыякавы да Абабуркавай зняважлівасці? То што вымушае цярпець яе? Цікавы, шчодры сабутэльнік ці… хаўруснік?! Свіней жа Абабурка мусіў неяк збываць, і Рамейка цікавіўся на камбінаце, ці не здаюць туды закупленую жывёлу нарыхтоўшчыкі. Кунцэвіч з гэтай дзіўнай дружбы меў навар, вось і зносіў крыўду. Корзун адчуў горыч. Не таму, што Кунцэвіч мог таксама аказацца жулікам, хаця лепш бы ім не быў, хопіць аднаго Абабуркі.
Крыўдна было, што ў яго такая прафесія — як што паварушыш, няйначай, брыдоту выцягнеш.
Вярнуўся Пратасеня. Зірнуў на спахмурнелага Корзуна, паківаў галавой і нечакана спытаў:
— Фёдар Сяргеевіч, заатэхнік зялёнагорскага калгаса, як яго… Абабурка. Калі бывае ў Лясным, у вас спыняецца?
Кунцэвіч, які ўжо ішоў да дзвярэй, затрымаўся, павёў поглядам на здзіўленага Корзуна, павярнуўся да пракурора:
— А што?
— Кучаронак сцвярджае, што карэспандэнт меўся з кімсьці сустрэцца, — Пратасеня не тлумачыў, хто такі Кучаронак, аб ім у Лясным усе ведалі зараз, не таіў ён і ягоных паказанняў — той, перш чым пайсці ў пракуратуру, усё расказаў на аўтабазе, і сёе-тое магло стаць вядомым Кунцэвічу. Хай пытанне выглядае як давер. — Заатэхнік ехаў сюды разам з карэспандэнтам, то, можа, чуў што ад яго?
— У мяне, — каротка і недаўменна адказаў Кунцэвіч, паглядаючы то на Корзуна, то на пракурора.
— Вам ён нічога не казаў?
— Не, мы гэта здарэнне неяк не паспелі абмеркаваць.
Кунцэвіч быццам не прыдаў значэння пытанню. Але Корзуну здалося, што ён нібы падабраўся, напяўся.
— І ў той вечар, як загінуў журналіст, ён у вас начаваў?
— Як вам сказаць, — Кунцэвіч задумаўся.
— Як было, так і скажыце, — Пратасеня склаў папкі, засунуў іх у шуфлядку, падкрэсліваючы, што істотнага значэння пытанню не надае.
Читать дальше