«Нармальнага»! У тым і справа, што трэба ж было Нэлі наляцець акурат на яго — ненармальнага, незвычайнага. Нават тое маленькае, просценькае, што ў мяне зараз ёсць, гэтыя бяскрыўдныя мары, гэтае старонняе сузіранне чужых жыццяў — нават гэта для мяне раскоша, бо можа скончыцца ў адзін міг, бо захінута ценем дамоклавага мяча аперацыі, атручана ўвесьчаснай, жудаснатупой падрыхтоўкай да канца ўсяго…
Тут яму раптам крыўдна стала. Не на сябе, не на лёс свой пакручасты, а… на жанчын. Добра, усё так: хваробы, беднасць, панурасць, некамунікабельнасць… Але ж гэта знешняе. Дык угадайце ўнутранае! Ацаніце яго, узнагародзьце за яго. Вас жа тысячагоддзямі паэтызуюць паэты, малююць мастакі, апяваюць кампазітары; дзе хвалёная спагада ваша, дзе інтуіцыя ваша? Чаму вы не адчуваеце, што такіх як я, — незвычайных, асаблівых — можа быць, два з паловаю чалавекі на ўвесь гэты горад?
У вас пытаю.
«Усё жыццё заву іх і заву, а яны, сволачы, не ідуць і не ідуць». (Ю. Алеша.) Тут яшчэ вось што: Ігара з Церашковым, ці таго ж Ведрыча, пакахаць справа не хітрая. А вось яго — «палюбіце мяне чорнага, а белага я і сам сябе палюблю». (Народная прымаўка.) Дзе, да пляча якой Мармеладавай прытуліцца, да чыіх каленяў прыхінуць буйну галаву, каму — не, не паплакацца, не паскардзіцца — апошняя гэта справа, а з кім скупымі двуматрыма сказамі проста падзяліцца?..
Чаму ж тады здзіўляемся нарастаючай хвалі «блакітнізму», гэтай своеасаблівай мужчынскай помсты ім — ад імя ўсіх іхніх незлічоных ахвяраў, ад імя ўсіх тых, каго яны, гэтыя нагастыя і грудастыя, без часу звялі ў магілы, загубілі ў войнах, распачатых зза іхніх дурных капрызаў, пазнішчалі на дуэлях, згнаілі па турмах і дурдомах; помсты ад імя мільярдаў і мільярдаў тых, хто так і не нарадзіўся, забіты іхнімі абортамі…
Во занесла. «Не мне б гаварыць пра іх з такой злобаю, — мне, які акрамя іх нічога на свеце не любіў». (М. Лермантаў.)
Тады можа ўспомніць і тое, колькі войнаў зза іх не адбылося? І тое, колькіх уратавалі яны, павыцягвалі з петляў і з дурдомаў?.. Ды і з чаго ты ўзяў, што Нэлі… Можа, не так і безнадзейна ўсё. «Ты мяне цікавіш…» Здараюцца ж цуды на свеце. Можа, Нэлі якраз і ёсць тое самае выключэнне, якому можна схаваць галаву між каленяў? Прадвесніца якогасьці пералому? Так бы мовіць, плата — ганарар яму за ўсе нягоды. І з гэтага часу наладзіцца ўсё, і аперацыя пройдзе ўдала, і паправіцца ён, і пісьменнікам стане, або юрыстам, як Ілья Ільіч, і разбагацее бязмежна, і ў машынах раз’язджаць будзе, і па рэстаранах Нэлі вадзіць…
А раптам? Проста дапусцім. Смехам, не ўсур’ёз, не надоўга. Што вось неўзабаве будзе ў іх купэ адно на дваіх, цэлая ноч, без святла… І што ён ёй скажа? У такіх выпадках нармальныя людзі звычайна будуюць светлыя планы: як жыць, як разбагацець, як выгадаваць дзяцей… А ён — якую шчаслівую перспектыву зможа ён намаляваць перад ёю? Паведаміць пра сваю аперацыю? Пахныкаць, што няма грошай на лячэнне? Паныць, як цяжка яму ўсё жыццё, без будучыні…
Здорава. Вось з гэтага давай і пачынаць. Дык жанчыны вінаватыя, ці мы, такія, як я — слабыя, істэрычныя стварэнні, што нясуць да іх замест сілы, упэўненасці, кахання свае смаркачы ў насовачках?..
7
Назаўтра пасля дня нараджэння, у панядзелак, на першым жа ўроку першай лекцыі Трухан апынуўся з Нэлі за адной партаю. Гэта было ўпершыню за ўсю іхнюю сумесную вучобу. І сёння, вось цяпер, Трухан паклясціся быў гатовы, што ні ён, ні Нэлі спецыяльна не падгадвалі, каб так сесці. Проста лёс нарэшце вырашыў звярнуць на іх увагу і ўмяшаўся: узяў за каўнер аднаго і другую і звёў іх разам.
Што б ёй сказаць? — прыкідваў Трухан, скоса на яе пазіраючы. Проста падзякаваць за дзень нараджэння? У яго і ў думках не было даваць працяг учарашняй гутарцы на кухні.
Ён паўздыхаў, паварочаўся і, так і не прыдумаўшы нічога (водар духоў яе перашкаджаў, і яе нага каля сваёй, і «што за партаю адной ты сядзела не са мной…»), абы даць пальцам размінку, узяўся канспектаваць лекцыю, аўтаматычна, ад суму перакладаючы гэтую нудняціну на беларускую.
«Ну, не перадумаў? — Нэлі кранула яго за локаць. — Ты запрашаеш мяне?»
Лёгкая прыкрасць была ў яе голасе — ад таго, што не ён, а яна вымушана пачынаць. Яна не разумела яго маўчання. Адкуль ёй было ведаць, што яшчэ падчас учарашняга шпацыру па вячэрнім горадзе, і пазней, уначы, ён ужо напярод усё з ёю здзейсніў: ужо з’ездзілі яны з ёю да яго ў вёску, вярнуліся, ён ёй выгаварыўся, і прызнаўся ў каханні, і прапанаваў выйсці замуж, і атрымаў насмешлівы, строгі адказ… Таму і быў ён цяпер амаль сярдзіты на яе — як нібыта ўсё гэта адбылося на самой справе.
Читать дальше