Аднак на яго вялікае, і прыемнае, здзіўленне нічога падобнага пакуль не адбывалася. Не спраўджваліся шпітальныя страхі. Ніхто ў гэтыя першыя дні яго не турбаваў. Ніякіх нават адведак не было, калі не лічыць Міканоравага сябра, таксама валрэўкамаўца — Якава, які, з яго слоў, нібыта помніў Трухановіча яшчэ «воось такога!» (рука ніжэй калена), дык і гэты Яшка паводзіўся стрымана, у душу з роспытамі не лез, — наадварот, падбадзёрваў надзеяю, што ўсё наладзіцца, абы час, выздаравееш, паправішся, «і ўспомніш усё, дарагі ты мой таварыш, і паваюем мы з табою, хоць і не на ваенных хрантах, але на не менш трудных — мірных!» І больш ніводнага чалавечка. Ці то сама пара такая гарачая была, калі людзям больш светлага дня трэба ўрваць, ці проста да ўсяго яны ўжо прывыклі такім ліхалеццем, усяго набачыліся — мала хіба калек з войнаў павярталася, і ў сваёй вёсцы, і ў суседніх; ну, будзе жыць яшчэ і такі — «няпомняшчы»... А мо самі тагачасныя людзі былі не такія, якімі больш чым праз паўвека зробяцца, можа, гэтыя, саветчынай пакуль яшчэ не перакручаныя, сацыялізмам не пераламаныя, канцлагераў, жабрацтва, вялікіх голаду і холаду не ведаючыя — па самой прыродзе сваёй больш тактоўныя, разумнейшыя, спагадлівейшыя?..
Тое ж самае атрымалася і з новай яго сям’ёю. Прынамсі, у гэтыя першыя дні ён зусім не адчуваў сябе лішнім, непатрэбным. Працаю яго не нагружалі; увогуле, ён неяк адразу пастаўлены быў у такія ўмовы, каб непаўнавартасць яго не адчувалася. Паступова пачало да яго даходзіць, што не раз, не два гэтыя людзі раілісярадзіліся, перш чым забраць яго, і раз ужо вырашылі гэта, дык і ўсё астаняе было імі да драбніц прадумана. Само сабою разумелася, што разам з ім самім цяпер яны ўзвальваюць на свае плечы і ўсе яго клопаты: і дзе жыць яму — выпадак з камораю найлепшы таму доказ, і што есці, і чым займацца… Знойдзецца работа. Лучыны нашчапаць… Грыбыягады — гэта ж такі ў сям’ю прыбытак, бо ў каго здаровага шмат вольнага часу на гэта?.. Рыбная лоўля… Сячкарню, тачыла можна і адной рукою круціць… Вады прынесці, бурака, бульбіну выкапаць, кош паднесці, бацвіння нарваць… Ды абы захацеў — занятак знойдзецца!
2
Але людзі ёсць людзі, яны былі жывыя, а значыць, прадказальныя. Да таго ж у стасунках з людзьмі ў Трухановіча меўся ўжо сякітакі вопыт: прыкідвайся «бяспомным», «кантужаным», і прывыкнуць і рана ці позна адчэпяцца.
Куды больш палохала яго сустрэча з нежывым — тое, што прыедзе ён у вёску, хай змененую, хай васьмідзесяцігадовай даўнасці, але сваю, родную; і якою ж паўстане яна перад ім? Быў у іх у шпіталі адзін, якому рабілі аперацыю на вочы, дык ён не так чакаў дня зняцця з вачэй павязкі, колькі страшыўся гэтага. Яшчэ б — пакуль ёсць спадзеў, датуль ёсць жыццё. А раптам крах? Раптам замест такога цуду, як нанова вернуты зрок — цемра поўная, цемра вечная, і няма больш чакання, няма жыцця… Штосьці падобнае, хоць і не так глыбока, канечне, адчуваў Трухановіч, уяўляючы свой прыезд сюды і агляд вёскі. Як ні соладка было марыцьдумаць пра вырыванне са шпітальнай няволі, як ні жадалася перамен, але боязь знятай з вачэй павязкі прысутнічала, астуджала душу. Гэта ж колькі будзе новага ўсяго! Кожную хвіліну — новае ўражанне, і кожнае — як міністрэс! Ён і без таго сам з сябе дзівіўся, як удаецца яму столькі часу ўтрымлівацца на мяжы явы і вар’яцтва, на такой тонкай павуцінцы балансаваць паміж імі.
Ён баяўся ўбачыць якіясь блізкія, з маленства знаёмыя малюнкі, першароднасці іх баяўся, іншага іхняга ракурсу — і ўсё гэта трэба будзе ўсвядоміць, змірыцца з ім і жыць сярод яго, пастаянна робячы скідку на фізічны час, трымаючы на розуме зменлівасць яго, ды яшчэ і ў такім перакручаным варыянце! Прыблізна тое самае, як бы, жывучы, не старэць, а маладзець, не расці з гадамі, а драбнець, памяншацца, дабіраючыся ў рэшце рэшт да моманту зачацця…
І вось прайшлі тры дні. І аказалася, што не ў далёкае сваё мінулае ён увайшоў, ці, больш дакладана, на скрыпучым возе ўехаў, а ў чужое і новае. Была не сустрэча, а знаёмства. Не гаспадаром ён тут быў, а госцем. Паўтарыўся варыянт з дарогаю. Замест шчымлівасалодкай вастрыні ўражанняў была звычайная цікавасць, больш таго — нават лёгкае расчараванне, калі не сказаць, раздражненне, бо ўвесь час хацелася ўмешвацца і перастаўляць усё тут на свой лад, так, як у яго дзяцінстве было.
Ён чыкільгікаў сваёй новайстарой вуліцай, не пазнаючы амаль нічога і, вядома ж, нікога — нікога з людзей, гэтых лапцюжнасярмяжных, этнаграфічнакаларытных дзяцей лясоў і балот, што шумным гуртам нібыта высыпалі зараз са старонак кніг і з экранаў і паразбрыліся па дварах, пад чаратовыя дахі сваіх маленькіх, смешных, дэкаратыўных хатак… Некаторыя, абапёршыся на плот, віталіся з ім, а тойсёй яшчэ і да шапкі цягнуўся. Ды толькі што яму было да іх? Калі яшчэ не нарадзіўся нават той, хто яго народзіць?
Читать дальше