Дарогу ён добра вывучыў яшчэ за выхадны, калі бадзяўся па горадзе. Вуліца Інтэрнацыянальная. Кінатэатр «Перамога». Драўляныя высокія цяжкія дзверы. Каб адчыніць іх, трэба было прыкласці сілу. Трухан прыклаў яе і апынуўся ў вестыбюлі ўстановы — з яе казённай гулкасцю, з яе паветрам, насычаным трывогаю і чамусьці пахам сургучу (як на вясковай пошце), са шкляной будкай дзяжурнага і круцёлкайтурнікетам побач.
Трухан падаў дзяжурнаму павестку. Дзяжурны папрасіў не паказаць, а «прад’явіць» яшчэ і дакумент. Потым доўга звяраў квадрацік фотакарткі двухгадовай даўнасці ў студэнцкім білеце з жывым Труханам, які зняў з галавы шапку і, успомніўшы фільм «Афоня», жаласліва рассунуў губы ва ўсмешку. А самога ў сэрца кальнула — няўжо так моцна за гэтыя няпоўныя два гады ён змяніўся?..
«Праходзьце», — сказаў дзяжурны. Афіцыйнасць яго голасу здымала ўсе сумненні — ніякай памылкі няма, ён, Трухан, а не хтосьці іншы, тут патрэбен.
Ён падняўся на другі паверх. Доўгі калідор быў пусты. Уздоўж сцяны стаялі крэслы. Так пацягнула апусціцца ў адно з іх, нібы не два пралёты лесвіцы адолеў, а немавед якую дарогу. Да таго ж па звычцы, як да ўрача на прыём, ён з’явіўся роўна за пятнаццаць хвілін да патрэбнага часу і цяпер меў запас.
Аднак той жа бальнічны вопыт падказваў яму, што ніколі не варта адцягваць, і, «пакуль няма чаргі», карыстацца момантам. Чым хутчэй наважышся, тым лягчэй потым. Ён пастукаў у дзверы і без запрашэння ўсунуўся ў кабінет.
У кабінеце сталоў было тры, але толькі за адным з іх сядзеў малады чалавек, у звычайным цывільным касцюме, з вусікамі, — і дзюбаў адным пальцам па клавішах пішучай машынкі. Зза гэтага, відаць, і не чутно было стуку ў дзверы. Не адрываючыся ад свайго занятку, вусаты падбародкам паказаў Трухану на табурэт з другога боку стала.
«Праходзь, прысаджвайся», — і зноў за сваё дзюбанне.
Трухан прысеў. Не забываць нічога, сарціраваць, раскладваць па шуфлядках памяці! Як вось гэтае «прысаджвайся» замест звычайнага чалавечага «сядай» — каб не сурочыць, бо сесці, паіхняму, можна толькі ў турму; нібыта боязь ці нежаданне пакрыўдзіць словам, а на самой справе гэткая здзеклівая даніна «фені», вытанчанавычварнамянтоўская далікатнасць, арыя з той самай оперы, паводле якой, адабраўшы ў п’янага грошы (расказвалі людзі), зняўшы гадзіннік, вянчальны пярсцёнак і нацельны крыж, — словам, абчысціўшы дарэшты, — абавязкова пакінуць пару цыгарэт з запалкамі і драбязу на талончык…
Вусаты дзюбаў сабе і дзюбаў, манатонна, праз аднолькавыя паўзы, аж па мазгах біла. Трухан цярпліва чакаў. І ад няма чаго рабіць употайкі разглядваў памяшканне і гаспадара — разглядваў і дзівіўся: якая ж, аказаваецца, небяспечная рэч літаратура! Не паспеў напісаць ён пра свайго Трухановіча — калі ласка, сам атрымоўвай, — і табурэтку, і казённы кабінет, і следчага, і магчымы скоры пратакол. Раптам ён убачыў на краю стала… сваю папку.
«Твая?» — спытаў вусаты, працягваючы дзюбаць.
«Мая… А адкуль…», — яна ў вас, ледзь не вырвалася ў Трухана, ды ў час апамятаўся. Хто, як не ён, па студэнцкай звычцы, як на канспектах, уласнай рукою запісаў на адвароце папкі ўсе свае дадзеныя: і прозвішча, і адрас, і нават нумар пакоя.
Вусаты меў талент рабіць дзве справы адразу, плюс яшчэ бачыць чалавека, зусім на яго не пазіраючы.
«І што ты там напісаў? Чаго выклікалі?»
«Не ведаю… У сэнсе, што напісаў, ведаю, а чаго выклікалі…»
«Супраць улады штось? Ці парнаграфія?» — нечакана спытаў вусаты.
Ну, канечне. Што ж яшчэ для іх можа лічыцца крамолаю? Трухан асмялеў.
«Можна і так сказаць…»
«Сур’ёзна? — вусаты аж на машынку, на дзюбанне сваё важнае забыўся. І ўпершыню падняў на Трухана вочы. У іх была цікавасць. — Не, праўда парнаграфія?»
«Хутчэй у пераносным сэнсе. Калі мастацкі твор няўдалы, дык можна яго і такім словам назваць…»
Тут расчыніліся дзверы і ў кабінет хуткім крокам увайшоў чалавек. На хаду ён расшпільваў гузікі чорнага паліта. Штось вельмі знаёмае падалося Трухану ў яго абліччы… Ды гэта ж той самы! Паголены, з сумнай вінаватай усмешкаю, які маўчком прасядзеў усю нядаўнюю сходку на Фрунзе, 5; той, у каго ўсё дапытваўся Ведрыч, чаго ён сюды цягаецца, і ці не празаік ён, ці не драматург. І цяпер паголенасць была самай характэрнай дэталлю ў яго твары. Настолькі розніліся голеная частка ад няголенай, што, здавалася, пад носам, на барадзе і на шчоках прыклеена ў чалавека сіняватая маска.
Вусаты пры яго з’яўленні ўстаў. Але паголены, павесіўшы паліто ў шафу, да першага падаўся Трухана.
Читать дальше