І рэч не ў тым, што ў Ігара дзве іх, ці некалькі, гэтых дзевак, а ў мяне ніводнай, — думаў Трухан, ямчэй у ложку ўкладваючыся, — і не ў тым, што Ігар мае такое шчасце, як ведаць, што яго заўсёды чакаюць і вячэру яму гатуюць...
Якраз зайздрасці да Ігара ён і не адчуваў. Тут хутчэй наадварот, «мела месца» нейкае мазахісцкае задавальненне — ад нармальнасці рэчаў, ад правільнага іх падзелу, як у тым анекдоце: чорным чорны хлеб, белым — белы… Калі б, інакш кажучы, Ігару ўздумалася раптам падзяліцца з ім сваім гарэмам, і самі наложніцы не пярэчылі б — дык ён, Трухан, быў бы супраць і такога дарунка не прыняў бы.
Кожны хай ведае сваё месца і займае толькі яго — згодна з прададзеным Лёсамкасірам плацкартным білетам. Бо інакш што ж атрымаецца? Хаос, бардак, неразбярыха! А так усё правільна. Прырода сама сябе аберагае. Натуральны адбор, выжыванне мацнейшых, калі не паляпшэнне пароды, дык хоць бы захаванне яе, — філасофстваваў, лежачы ў прагнутым студэнцкім ложкуначоўках, Трухан. Да таго за сваё адносна невялікае жыццё быў ён выматаны сіроцтвам, адзінотаю, хваробамі, няўдачамі, настолькі ўжо звыкся з гэтым сваім пастаянным — аж да непрыстойнасці — няшчасцем, што пачаў прымаць яго за належнае, як субстанцыю, пачаў нават насіцца з ім, цаніць яго — так, як іншыя носяцца і цэняць у сабе ўдачлівасць, талент, здароўе…
Ды і што значыць: шчаслівы — нешчаслівы? Ці не такі ж гэта натуральны падзел, як і на людзей высокіх і нізкіх, на мужчын і жанчын, на дзень і ноч… Не будзеш жа так ставіць пытанне: хто лепш — мужчына ці жанчына? Яны роўнавартыя, каштоўныя кожны ў сваёй «вагавай катэгорыі»… Дык ці не азначае гэта, што і ён, г.зв. «няшчасны» Трухан, зусім не горшы за г.зв. «шчаслівых» Ігара з Церашковым — проста яны з іншага «класіфікацыйнага разраду», розныя ў іх плюсы і мінусы…
Яшчэ зручней улёгся Трухан у сваіх ночвах — ногі на біла, збітую ў камячок цвёрдую падушку — пад бок, і пачаў праганяць нядаўнія думкі па другім крузе, каб у памяці аформіць іх у кароткія, граматычнаправільныя сказы.
Не проста аказалася гэта пасля стылю аўтара «Ідыёта». Дарэчы — вось хоць бы і гэты Ідыёт, гэтае вечнае жаданне паказаць і даказаць, што толькі юродзіваму, дзіваку, хвораму можа быць справа да такіх абстракцый, як дабро, гуманізм, чалавекалюбства… Яшчэ б! Цяжка ўявіць вясёлага сангвініка, які займаўся б тым, чым цяпер Трухан займаецца. Які валяўся б днямі ў ложку, чытаючы кнігі, або марнаваў час, бяздумна сузіраючы прыроду, або забіваў сабе галаву разборам паводзінаў «бліжніх сваіх», альбо — яшчэ горш: схіліўшыся над аркушыкамі паперы, з дня ў дзень выдумляў несапраўднае жыццё, калі вунь за вакном — сапраўднае, якім жыць трэба, усюды паспець, як мага больш ад яго ўхапіць…
А з іншага боку (ад мулкай падушкі ў Трухана балеў бок) — гэтыя гонкі па жыцці, вечная закручанасць, немагчымасць спыніцца, апамятацца — куды я бягу, чаго? — ці не абядняе яно? Хіба той жа Ігар, ці Церашкоў, умеюць так востра, як ён, Трухан, заўважаць і, галоўнае, з такой паўнатою цаніць розныя маленькія чароўныя дэталі — такія, як пах яблыка белага наліву ці бледнафіялетавых кветачак бэзу, як хрумстанне лядком зацягнутай сакавіцкай калюжыны пад нагамі, як сіні налёт туману на шапцы позняга восеньскага грыба?… Хіба могуць яны заплакаць над кнігаю, над эпізодам фільма? Хіба так як ён, Трухан, радуюцца яны кожнаму новаму дню, і вечару, і ночы — асабліва ночы! — калі падрыхтаваны кубак гарбаты і пачак цыгарэт, і кліча да сябе, і так просіць першага дотыку ручкі непачаты стос паперы, што «белай плямай лёг на стол»?…
Хіба гэта ў Ігара ў каштоўных запасніках памяці ўспамін пра дзяўчыну, што сядзела аднойчы ў паліклініцы каля працэдурнага кабінета, насупраць Трухана, і вачэй з яго не зводзіла, а ён не заўважаў яе, і тады яна паднялася, сама падыйшла да яго і сказала — з дакорам у голасе: «А я, між іншым, пра вас думаю!»; хіба не пераважыць гэты эпізод, калі пакласці яго на шалі значнасці, усіх разам узятых Ігаравых дзевак?..
Канечне! — затое Ігар не ведае і ценевых бакоў. Безбацькоўшчыны, па чужых людзях туляння, у дзяцінстве цукерак ды капеек на кіно адсутнасці… Не ведае ні бальніц, ні кропельніц, ні рэнтгэнаў, ні наркозаў… Ні таго, што — калі ты падрос ужо — дзяўчына танцаваць не йдзе з табою, бо ў цябе няма джынсаў і што ты ў арміі не служыў… І адной сотай не ведае гэтага Ігар, бо ён жа для іншага ў свет прысланы — для паляпшэння пароды. Таму і ашчаджае, і беражэ лёс такіх, як ён. Ды і куды Ігару выпрабаванні! Зломіцца ад драбязы, на якую прывыклы, трэніраваны, закалёны Трухан увагі не звярнуў бы, сап'ецца, звар'яцее, самагубствам, чаго добрага, скончыць…
Читать дальше