Але Чайка да другога прыслухоўваўся - да крокаў з двара. Мірановіч змоўк. Крокі наблізіліся, рыпнулі дзверы. Увайшлі Пракулевіч з Жаўрыдам. Пракулевіч кінуў на контрразведчыка трывожна-запытальны пагляд.
- Усё ў парадку, - буркнуў Мірановіч, яшчэ не астылы ад маналога.
- Ну что, Жаврид, спасай меня! - па-расейску, пасміхаючыся, сказаў Чайка, седзячы на саломе.
Цёзка адвярнуўся...
Усё далейшае пайшло як па пісаным.
Куля, адлітая начальнікам контрразведкі, пацэліла ў дзесятку; навіна, што любімы герой-камандзір - здраднік, маскоўскі шпіён, сваёй поўнай нечаканасцю перавысіла, засланіла ўсе іншыя, менш важныя падзеі, такія, як арышт пад раніцу салдатамі Капца, што ўварваліся, зламаўшы дзверы, у штаб, Мацэлі, Анцыповіча, Паўлюкевіча («паплечнікаў» Чайкі). Арышт іх нікога не здзівіў, ніхто за іх не заступіўся - ніхто й слова не сказаў: калі ўжо нячысты сам Чайка, дык астатнія толькі бледныя цені яго, і чакаць ад іх можна ўсяго!..
Зачыншчыкі былі абясшкоджаны, бунт скончыўся.
Толькі пра свайго камандзіра і гаварылі цяпер байцы на прыцішэлай плошчы. Выплывалі падрабязнасці. Глухой цёмнай ноччу, далёка за Семежавам, бяссонныя брыгадныя контрразведчыкі на чале з Мірановічам перахапілі сляпога дзеда, у якога камандзір палка быў на кватэры і які служыў за сувязнога - стары і сляпы, што з такога ўзяць, у каго такі выкліча падазронасць... Пры сляпым адшукаўся ліст (вельмі хутка выраслы ў фантазіях у «пакет з найважнымі дакументамі»), адрасаваны вызнянскаму рэўкамаўцу Кастусю Кецку, той самай гадзюцы, што навяла бальшавікоў на вёску, з-за каго «столькі бязьвінных людзей палегла!»...
Знаходзіліся, канечне, паміж салдатаў і разумнейшыя, больш уніклівыя - гэтыя ўсё дапытваліся, што ж там за такі пакет, хто яго бачыў ці чытаў і што за «сакрэты» мог перадаваць Чайка? [11]Але іх не слухалі. Сам факт, што вось і ў нас усё як у людзей, а цяпер ужо і свой здраднік, - прывабнасць гэтага факту была мацней за жаданне «праўды дабіцца»; цяпер калі б хто і аб'явіў вось зараз, што Чайка невінаваты, што ніякі ён не шпіён, дык не захацелі б і верыць, расчараваныя былі б.
А так усё ясна. Усё растлумачылася, усё ўлеглася, як більярдныя шары ў лузы, у галовах. Шпіёны, здраднікі кругом - вось чаму няма ладу! Але разбяруцца, навядуць парадак, каму трэба, хто за гэтым сачыць прыстаўлены...
- ...І вінаватыя будуць строга пакараны! - ужо раніцай выступаў каля штаба Жаўрыд, як у казцы ператварыўшыся ў сябе ранейшага: «жалезнага», валявога, мудрага і непахіснага. - Па нашых звестках бальшавікі рыхтуюць на нас поўнамаштабную аблаву, палякі далі дазвол на ўваход у нейтральную зону... Так што пра вольніцу і разгільдзяйства з гэтага моманту забудзьце - вольніцы канец! У вас будзе новы камандзір, Антон Сокал-Кутылоўскі, герой германскай вайны, ваяваў разам з Дзянікіным...
- Гу-у-ура! - прывычна рэагавалі паслухмяныя цяпер бунтаўшчыкі.
Так малой крывёю была атрымана першая сур'ёзная перамога - над сваімі, пры дапамозе першай ахвяры - ад рук сваіх, і дзякуючы здрадніку, зноў жа ўласнымі рукамі і злепленаму.
Вельмі дарэчы прыйшлася, дапасавалася да ўсяго смерць Піліпчука. Урачыстае адпяванне яго павінна было паставіць у гісторыі бунту апошнюю кропку, стаць актам прымірэння, замацаваць гэтую перамогу на ўнутраным фронце, засведчыць, што ў брыгадзе навек цяпер настаюць мір, згода і дысцыпліна.
Пасля адпявання труну з целам яго, пакрытым бел-чырвона-белым сцягам, вынеслі з царквы. Было ветрана, пахмурна, вецер кружыў сухія лёгкія сняжынкі, якія падалі на твар нябожчыка і не раставалі. Цягнуў «са святымі ўпакой» бацюшка. Сярод іншых узвышалася постаць Чуба. У руцэ ён трымаў тоўстую свечку, аплаўлены воск з якой капаў яму на бот, другой хрысціўся размашыста і строга. Тая ж урачыстая, спакойная заміранасць была на яго твары, як і на нядаўнім асвячэнні зброі, тая ж упэўненасць, што ўсё вакол правільна, як і належыць, што займаюцца вось людзі пільнай, патрэбнай справаю: асвячаюць, адпяваюць...
Дзяніс, памужнелы і нават пастарэлы за той кароткі час, пакуль быў у палоне, маўклівы з таго часу, прашыўся бліжэй да труны і таксама ў апошні раз паглядзеў - на таго, каму ўжо нічога не раскажа. Ні пра Лізку, ні пра дзядзьку Ладуся, ні пра свой палон... Ён марудна ўкленчыў на стылы дол і дакрануўся вуснамі да сябравага лба. Непадалёку выкапана была магілка, жоўты пясок хутка пакрываўся белым снегам.
А другі, кім ахвяравалі дзеля «сьвятой справы», нічога гэтага бачыць не мог.
Читать дальше